Алеся ДАБРАВЕСТ.
Фота аўтара.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася сустрэча з берасцейскім пісьменнікам Аляксандрам Валковічам. На ёй пабывалі дзесяцікласнікі гарадскога ліцэя і сябры клуба “Суразмоўнік”.
Вядучая імпрэзы бібліятэкар Алена Бельская з дапамогай відэапрэзентацыі пазнаёміла прысутных з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка. Нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч у горадзе над Бугам у сям’і ваеннаслужачага. Яго дзяцінства і юнацтва прайшлі ў пасёлку Дамачава, дзе скончыў сярэднюю школу. Юнака заўсёды вабілі руская Поўнач і Сібір, таму менавіта там пачалася яго працоўная дзейнасць.
Аляксандр Валковіч скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча і служыў у армейскім друку Беларускай, Закаўказскай і Маскоўскай ваенных акруг, у Паўночнай групе войск (Польшча). Ён шмат пабачыў на жыццёвым шляху, шмат перажыў, пра гэта і расказвае ў сваіх творах. Яго мова жывая і вобразная, сюжэты апавяданняў і аповесцяў узяты з рэальнага жыцця. Дзякуючы ягонаму пісьменніцкаму таленту і творчаму дараванню выйшлі ў свет наступныя кнігі: “Зубр белавежскі чыгунны”, “Бяроза чорная – бяроза белая”, “Алеся. Белавежскія сны”, “Пісьмы вайны”, “Лета чырвоных коней”, іншыя. Іх героі – простыя людзі, розныя па прафесіі, але аднолькава цікавыя сваімі неабыякавымі адносінамі да навакольнага свету.
Аляксандр Валковіч – сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, намінант розных літаратурных прэмій. У 2010 годзе стаў лаўрэатам абласной літаратурнай прэміі імя У. Калесніка.
Аляксандр Міхайлавіч – аўтар, рэдактар і складальнік краязнаўчага альманаха “Астрамечаўскі рукапіс”. Праца на гэтай ніве была адзначана: пісьменнік стаў пераможцам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу “Лепшы твор 2013 года” ў намінацыі “Краязнаўства” за серыю артыкулаў у альманаху. Уручэнне дыплома і статуэткі “Залаты Купідон” адбылася на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Заслаўі.
Далей слова трымаў сам госць. Аляксандр Міхайлавіч узгадаў сваё дзяцінства і школьныя гады, вучобу ў Львоўскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы, некаторых сваіх выкладчыкаў і цікавыя журналісцкія стажыроўкі, у прыватнасці, у рэдакцыі “Чырвонай Звязды”. Незабыўныя ўспаміны ў яго пакінулі сустрэчы з Канстанцінам Сіманавым і Аляксандрам Межаравым, у якога браў інтэрв’ю.
Вельмі цёпла госць гаварыў пра сваіх бацькоў. Тата, чалавек ваенны, прывучыў да дысцы-плінаванасці і адказнасці. Мама (па прафесіі школьны бібліятэкар)прывіла любоў да кнігі. Бабуля Настасся стала прататыпам галоўнай гераіні аповесці Валковіча “Жытняя баба”.
На працягу многіх гадоў Аляксандр Валковіч застаецца верным сабе: піша пра тое, што бачыў, сведкам чаго быў сам. Гэтай жыццёвай праўдай і шчырасцю ён і прыцягвае свайго чытача, а яшчэ жывой сакавітай мовай, якая ідзе ад народа і ад зямлі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%