Мелодия души и сердца

Мелодия души и сердца

Спадчына! Гэта і родная мова, і непаўторныя абрадавыя песні, і прыгожае льняное адзенне, якое шылі нашы продкі. Гэта культура і дабрабыт народа, пра што нельга ні на хвіліну забываць. Трэба памятаць, дзе нарадзіўся і вырас, памятаць пра свой родны край, які завецца Беларусь. Захоўваць і шанаваць традыцыі свайго народа — наш з вамі абавязак.
Вось па гэтаму штогод у Брэсцкім цэнтры моладзевай творчасці праходзіць фестываль “Радавод”. У лютым адбыўся чарговы занальны яго агляд. Удзельнікамі былі Маларыцкі, Кобрынскі, Брэсцкі і Жабінкаўскі раёны. Юныя творцы з цэнтра пазашкольнай работы Жабінкі разам са сваімі педагогамі-кіраўнікамі Наталляй Сцепанюк, Тамарай Казловай, Вольгай Кіслай, Наталляй Уласюк, Аленай Філіповіч стварылі з гліны, саломы, вышылі бісерам, мулінэ сапраўдныя творы мастацтва. Строгае журы не магло адвесці вачэй ад гэтай прыгажосці, а таксама ад караваю, які прывезлі юныя аматары народнага мастацтва Азяцкай адзінаццацігодкі. Яго выпекла старажылка Азяцкага сельсавета Соф’я Рыгораўна Карась. Гэты каравай проста цуд, а рукі, якія мясілі цеста, надзелены божым дарам, які можа стварыць незвычайную рэч, гледзячы на якую, ты трапляеш у чароўную казку. Тут і маладыя, і буслікі з дзеткамі, і лебедзі, і вавёркі, і грыбочкі, лісточкі… Усё тое, чым багата наша родная зямля.
Кіраўнікі Хмелеўскага калектыву “Дараносіца” Наталля Дырман, Таццяна Грыцук, Валянціна Вайцюк збіраюць і захоўваюць песні, быліны, танцы сваёй мясцовасці, шануюць мову, на якой размаўлялі нашы продкі, і перадаюць усё гэта юнаму пакаленню. Хлопчыкі і дзяўчынкі з Хмелеўскай школы сваім заліхвацкім выступленнем уразілі залу. Інакш не можа быць. Калі гучыць народная музыка, дык ногі так і просяцца ў скокі.
А яшчэ кіраўнік гуртка Таісія Журомская прапанавала на суд журы і гледачоў калекцыю адзення ў стылі фольк-мадэрн “Вяснянка”. Юныя мадэлі Віка Апекунова, Аня Аўчыннікава, Віка Кандрацюк, Ліля Струк, Улад Аўсяйчук і Ангеліна Шаляговіч дэманстравалі адзенне, якое насілі нашы бабулі, калі былі маладыя.
Настаўніца беларускай мовы трэцяй гарадской адзінаццацігодкі В.І.Шыцік прывезла на фестываль “Бабуліну кухню”. Беларуская бульба, дранікі, смажанкі, варэнікі, мачанка — усё гэта вельмі спадабалася журы.
І вось агульны вынік — праграма з нашага раёна ўзята на абласны конкурс “Радавод”, які адбудзецца ў Івацэвічах у маі гэтага года.
Г.ІВАНОВА, кіраўнік гурткоў Жабінкаўскага раённага цэнтра пазашкольнай работы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top