Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
29 красавіка адзначаўся Міжнародны дзень ветэрынарнага ўрача. На Жабінкаўшчыне працуе нямала прафесіяналаў, якія ўсе свае сілы, веды і вопыт на працягу многіх гадоў аддаюць на карысць любімай справе – лечаць жывёл. Нездарма ў асяроддзі “айбалітаў” існуе прымаўка: “Ветурач лечыць чалавецтва, а ўрач – чалавека”.
З нагоды гэтага свята (на жаль, у кругаверці штодзённых спраў многія ветурачы пра яго існаванне нават не ведаюць) было вырашана адзначыць высокі прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад, добрасумленную працу лепшых працаўнікоў галіны.
З цёплымі словамі ўдзячнасці за нялёгкую працу прыехалі да “айбалітаў” намеснік начальніка райветстанцыі Уладзімір Кавальчук, старшыня прафкама гэтай арганізацыі Ірына Міцкевіч і старшыня Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук.
Узнагароды – а гэта Ганаровыя граматы Жабінкаўскага райкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовыя сертыфікаты, а таксама цёплыя віншаванні – “знайшлі” сваіх герояў у самых розных кропках Жабінкаўшчыны. Віншаванні з нагоды прафесійнага свята прымалі Наталля Станкевіч, Алена Шаўчук і Вольга Кавальчук з райветстанцыі, Святлана Баранчук (ААТ “Арэпічы”), Мікалай Шакуля (ААТ “Ракітніца”), Антаніна Галавачук (ААТ “Азяты АГРА”), Наталля Лукашэвіч і Юрый Папоў (СВК “Рагазнянскі”).
– Мы цэнім і паважаем вашу працу і адданасць некалі абранай прафесіі, – гаварыла, уручаючы ветурачам узнагароды, Наталля Карпук. – Вы загартаваныя, стойкія і гатовыя ў любую хвіліну імчацца па выкліку да чатырохлапых пацыентаў. Хочацца пажадаць, каб вашыя веды і вопыт з ахвотай пераймала маладое пакаленне выпускнікоў ветэрынарных навучальных устаноў і каб яны таксама былі ўлюбёныя ў сваю справу. Ад здароўя вашых пацыентаў напрамую залежыць здароўе людзей.
На здымках: Вольга КАВАЛЬЧУК, Юрый ПАПОЎ, Мікалай ШАКУЛЯ, Наталля ЛУКАШЭВІЧ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%