Толькі што беларуская грамадскасць адзначыла свята працы. Менавіта раённае аб’яднанне прафсаюзных арганізацый з’яўляецца на Жабінкаўшчыне сувязным звяном паміж раённымі выканаўчым камітэтам і аб’яднаннем наймальнікаў. Паміж імі заключана пагадненне. Такое сацыяльнае партнёрства з’яўляецца важным напрамкам дзейнасці прафсаюза па абароне правоў і сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных.
У пагадненне для работнікаў уключана значная колькасць дадатковых ільгот і гарантый, якія павінны забяспечвацца наймальнікамі. У раёне дзельнічае 74 калектыўныя дагаворы. Вядзецца праца па заключэнні яго ў новай прафсаюзнай арганізацыі УП “СеВаШ-Транс”. Паводле дагавораў паслядоўна паляпшаюцца ўмовы працы і быту, культура вытворчасці, наймальнікамі выдзяляюцца сродкі на выкананне мерапрыемстваў у ахове працы, на правядзенне культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы. Разам з тым работа па поўным уключэнні ў калектыўныя дагаворы норм і палажэнняў раённага, абласнога і генеральнага пагадненняў працягваецца.
Важным напрамкам у нашай дзейнасці з’яўляецца грамадскі кантроль за захаваннем заканадаўства аб ахове працы. Для аказання рэальнай дапамогі ў гэтай сферы Федэрацыя прафсаюзаў арганізоўвае работу рэйдавых груп тэхнічнай інспекцыі. У нашым раёне такая група з сямі інспектараў працавала 21-22 сакавіка. Тэхнічнымі інспектарамі адзначаны парадак, наведзены на тэрыторыях прадпрыемстваў і ў рамонтных майстэрнях, а таксама наяўнасць дабротных класаў па ахове працы. Наведалі 20 прадпрыемстваў і арганізацый, выдадзена столькі ж рэкамендацый на ўхіленне 230 выяўленых парушэнняў, былі дадзены неабходныя кансультацыі.
Прафсаюзныя камітэты прымаюць актыўны ўдзел у арганізацыі летняга аздараўлення дзяцей у лагерах, выдзяляюць фінансавыя сродкі на патанненне кошту пуцёвак. У мінулую аздараўленчую кампанію з прафсаюзных бюджэтаў на іх набыццё і патанненне было накіравана 2105 рублёў. У 13-ці прафсаюзных санаторыях для сяброў прафсаюзаў дзейнічае скідка ў 25 % ад кошту пуцёўкі.
Традыцыйнай з’яўляецца дабрачынная акцыя “Прафсаюзы – дзецям”. На працягу года аказваецца матэрыяльная дапамога на набыццё школьных і канцылярскіх тавараў і спортінвентару, ці купляецца і перадаецца ўсё гэта пад час Міжнароднага дня абароны дзяцей, Дня ведаў, да навагодніх і калядных святаў. Больш за 11 тысяч рублёў летась склала матэрыяльная дапамога на падрыхтоўку дзяцей да школы.
У большасці арганізацый створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізічнай культурай і спортам, праводзяцца спартакіяды і турыстычныя злёты. Два гады запар на першамайскія святы праводзіўся раённы велапрабег. Прадоўжана традыцыя і сёлета.
З мэтай аб’яднання намаганняў і ўзгаднення дзейнасці прафсаюзаў, ветэранаў і саюза моладзі летась на сумесным пасяджэнні было падпісана трохбаковае раённае пагадненне аб супрацоўніцтве, а таксама зацверджаны план сумеснай дзейнасці на 2016-2018 гады.
У калектыўных дагаворах ёсць нормы і палажэнні, што прадугледжваюць дадатковыя льготы і сацыяльныя гарантыі для працуючай моладзі, ветэранаў працоўных калектываў і воінаў.
Праводзімая органамі ўлады, наймальнікамі і прафсаюзамі дзейнасць была і застаецца накіраванай на захаванне згоды і стабільнасці ў калектывах, павышэнне ўзроўню матывацыі і прадукцыйнасці працы і, як вынік, на павышэнне якасці жыцця людзей.
Ніна КАЛЫБСКАЯ,
старшыня раённага аб’яднання прафсаюзных арганізацый.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%