кх

Толькі гарэлка была айчынная

Напярэдадні 8 Сакавіка непрыемны падарунак атрымала Алена М. з райцэнтра. Калі наведалася ў дом, які будуецца, жанчына была ўражана “чысцінёй”, што панавала ўнутры. Невядомы злодзей, карыстаючыся тым, што гаспадары зрэдку наведваюць будоўлю, пашчыраваў ва ўсю моц. Зніклі зварачны апарат і маска для зварачнай працы, бензапіла і электралобзік, дыскавая піла і электрарубанак, кругі абразныя і шліфавальныя – усе дабротныя, імпартнай вытворчасці ад вельмі паважаных фірмаў. Адзіны айчынны прадукт, на які паквапіўся зламыснік, – гэта пляшка гарэлкі. Відаць, каб “адзначыць” сваю паспяховую “акцыю”. На пытанне следчага, калі магло здарыцца злачынства, пацярпелая паведаміла: дзесьці паміж 1 чэрвеня 2016-га і 6 сакавіка гэтага года. Можна з упэўненасцю казаць, што за такі тэрмін “айчынны прадукт” знік ужо бясследна, а імпартныя рэчы праваахоўнікі шукаюць, як і таго, хто іх скраў.

Секла галаву сякера…

17 лютага жабінкавец Сяргей А. вызваліўся пасля адбыцця пакарання за злачынства, здзейсненае ў пачатку 2013 года. Аднак, як гаворыцца, на шлях выпраўлення станавіцца не спяшаўся. Ужо праз месяц сярод белага дня ён здзейсніў новае злачынства. Вядома, быў нападпітку, пасварыўся з грамадзянінам Ш. і схапіўся… за сякеру! Без доўгіх ваганняў А. нанёс свайму “праціўніку” ўдар абухом па руцэ ды яшчэ двойчы – па галаве, прычыніўшы шматлікія цяжкія цялесныя пашкоджанні ў выглядзе чэрапна-мазгавой траўмы. Супраць “дрывасека” ўзбуджана справа паводле часткі 3 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Нібы камяк,
растуць справы крымінальныя

У мінулай “Крымінальнай хроніцы” (“Сельская праўда” за 29 сакавіка г.г.) мы ўжо згадвалі пра хуліганскія “подзвігі” грамадзян Г. і Ж., якія сілком “выбівалі” ў пацярпелага пазычаныя раней грошы. Тады супраць злодзеяў была ўзбуджана справа на падставе часткі 3 артыкула 384 КК. А 27 сакавіка, калі сталі вядомымі іншыя іх гвалтоўныя ўчынкі, раённы аддзел Следчага камітэта зноў выдаў дзве пастановы аб узбуджэнні спраў і прыняцця іх да сваёй вытворчасці. Яшчэ ў студзені адбыўся брыдкі “крымінальны спектакль” на кухні іншага жабінкаўца. Раз’юшаныя п’яныя Г. і Ж. скруцілі сваёй ахвяры рукі за спінай вяроўкай, прывязалі яе да батарэі. Раніцай пацярпелага ў такім стане адшукаў сусед, вызваліўшы няшчаснага ад путаў. За гэтыя свае дзеянні злосныя хуліганы адкажуць перад судом паводле часткі 1 артыкула 183 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Да таго ж, зноў вызначыўся Ж., які паспеў да свайго саракагоддзя ўжо шмат разоў пабываць “у месцах не гэтак аддаленых”. У час расправы над пацярпелым Ж. дзейнічаў з непрыхаваным цынізмам, прычыніўшы таму асаблівыя маральныя і псіхалагічныя пакуты. Супраць злодзея ўзбуджана справа паводле часткі 2 артыкула 339 КК.

“Напарнік” часу не губляў –
глядзеў і моўчкі рабаваў…

На жаль, спіс крымінальных спраў гэтай зладзейскай пары на гэтым не завершаны. Бо і напарнік Ж. не стаяў убаку. Ён скраў у пацярпелага мабільны тэлефон, што выпаў пад час “экзекуцыі” з рукі, а таксама грошы і сярэбраны ланцужок. 28 сакавіка следчы ўзбудзіў супраць Г. чарговую справу. Гэтыя супрацьпраўныя дзеянні падпадаюць пад частку 2 артыкула 206 Крымінальнага кодэкса краіны.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.