У ДУА “Жабінкаўская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат” стартаваў абласны аўтапрабег “Моладзь за бяспеку і спорт” у рамках праекта “Ганарымся, што навучылі”.
Выратавальнікі сумесна з прадстаўнікамі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі аблвыканкама, упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці, абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама” імкнуліся навучыць як мага больш дзяцей і дарослых асновам бяспекі жыццядзейнасці і папулярызаваць здаровы лад жыцця.
Узначальваў аўтакалону пажарны аўтамабіль “Мерсэдэс” 1970-х гадоў выпуску, які знаходзіцца ў рэзерве Кобрынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Сегянюк павіншаваў усіх з пачаткам акцыі, выказаў упэўненасць, што дзякуючы аўтапрабегу будзе назірацца зніжэнне колькасці надзвычайных сітуацый на Брэстчыне.
Далей прад-стаўнікі абласной арганізацыйнай структуры БФСТ “Дынама”, упраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці і часопіса ”Юны выратавальнік” правялі з дзецьмі займальныя і навучальныя мерапрыемствы, конкурсы, віктарыны, спартыўныя спаборніцтвы, прысвечаныя асновам бяспечнага ладу жыцця. Весялілі дзетак роставыя лялькі і нязменны ўдзельнік аўтапрабегу – сабака Віні. Для хлопчыкаў і дзяўчынак былі падрыхтаваны музычныя падарункі ад вакальнай студыі “Золак” пад кіраўніцтвам Валерыя Няменьшага. Дзве юныя вакалісткі – Варвара Ганчар і Ірына Шалонік – выканалі для выхаванцаў школы-інтэрната прыгожыя песні і нагадалі дзецям пра неабходнасць выканання правіл пажарнай бяспекі.
На завяршэнне мерапрыемства ўдзельнікі аўтапрабегу сумесна з вучнямі школы-інтэрната пасадзілі на яе тэрыторыі яблыньку, якую выдзеліла фермерская гаспадарка “Улас”, а дырэктар установы Аляксандр Кавальчук падзякаваў арганізатарам аўтапрабегу за займальнае мерапрыемства і выказаў пажаданне, што акцыя стане традыцыйнай.
Таццяна МАРТЫНАВА.
Фота Святланы БЯЛЯК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%