У ААТ “Ракітніца” сяўба яравых культур выйшла на фінішную прамую. Загорнута ў глебу насенне аўса, ячменю, пшаніцы, зернебабовых – а гэта 710 гектараў пасеваў. Зараз прыступілі да сяўбы цукровых буракоў. Гэтую работу даручылі механізатару Аляксею Разановічу – чалавеку вопытнаму, адказнаму, умеламу. Яго прозвішча, дарэчы, неаднойчы было ў спісе перадавікоў раёна.
– Сею цукровыя буракі вось ужо 11 год, – расказвае Аляксей Паўлавіч. – Сёлета ў нашай гаспадарцы пад гэтую культуру адвялі 160 гектараў. На сеялцы СТВ-12 у полі я з васьмі раніцы і да вечара. Калі ўсё добра складваецца і мой “жалезны конь” не падводзіць, удаецца засяваць 17-20 гектараў плошчаў. На рахунку ўжо 83 гектары. Было б, лічу, больш, ды з-за надвор’я вымушаны былі некалькі дзён прапусціць. Што зробіш – сонейка, было, прыгрэла, а пасля яму на змену прыйшлі дажджы і холад. Насенне цукровых буракоў (сеем мы цяпер “канстанцыю”) цяпло любіць. Па тэхналогіі насенне салодкіх каранёў заворваецца ў глебу на глыбіню 2 сантыметры. Аднак пасля начных маразоў сеяць нельга – пакуль глеба не прагрэецца. Адсюль і затрымкі ў тэмпах сяўбы.
У памочніках Аляксея Паўлавіча сёлета Аляксандр Герасевіч. Хлопец родам са Стрыганца. Ён вучыцца на 4-ым курсе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта. Зусім хутка атрымае “корачкі” агранома, а пакуль праходзіць практыку ў гаспадарцы па месцы жыхарства. Студэнт з задавальненнем унікае ва ўсе нюансы вясновай сяўбы і расказвае: “У ААТ “Ракітніца” ўсе агратэхнічныя прыёмы праводзяцца правільна, згодна з навуковымі рэкамендацыямі”.
У гэтыя дні Аляксандр кантралюе глыбіню заворвання пасяўнога матэрыялу цукровых буракоў, сочыць, каб высяўныя дыскі ўсе круціліся і не было пропускаў у радках. Назіранні ён потым апіша ў справаздачы па практыцы.
На здымку: Аляксандр Герасевіч і Аляксей Разановіч сеюць цукровыя буракі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%