Шесть слагаемых успеха

Шесть слагаемых успеха

Яшчэ нейкія пяць-шэсць гадоў праца Жабінкаўскага раённага спажывецкага таварыства не толькі не радавала — проста расчароўвала. Страты даходзілі да астранамічнай лічбы ў 400%. Не дзіўна, што чуліся нараканні і ад саміх пакупнікоў, і ад  кіраўніцтва раёна і вобласці. Нават прапаноўвалася яго расфарміраваць. Аднак на тое не згадзіўся райвыканкам, даўшы шанц працаўнікам гандлю рэабілітавацца перад пакупнікамі і ўзняцца з каленяў, на якіх, вобразна кажучы, стаяла наша спажывецкая кааперацыя. Час паказаў, што ў тых складаных эканамічных умовах не была дапушчана прыкрая памылка.
Для параўнання дзве лічбы: у 2009 годзе прыбытак ад дзейнасці райспажыўтаварыства склаў 10 мільёнаў рублёў, а летась 113! Як кажуць, каментарыі не патрэбныя, аднак яны будуць. Усё ж прайсці шлях ад глыбокага мінусу, што не радаваў, да поспеху, — такое вымагае асобнай размовы.
Наш сённяшні суразмоўнік — першы намеснік старшыні раённага спажывецкага таварыства, што курыруе гандаль і грамадскае харчаванне Н.А.Кадлубовіч.
— Ніна Аляксееўна, дык у чым вы бачыце сакрэты поспеху арганізацыі?
— У нашага поспеху няма сакрэтаў. Назаву шэсць прычын, што паспрыялі развіццю таварыства.
1. За пяцігодку адбылося значнае абнаўленне кадраў, у тым ліку і кіруючых, пачынаючы ад старшыні райспажыўтаварыства. Лепшыя засталіся, да іх далучылася, як кажуць, “новая кроў” з людзей, зацікаўленых у выніку агульнай справы. Важным лічу, што зараз большасць працаўнікоў не “перакаці-поле”, якім усё роўна, усё абыякава, а з жабінкаўскага краю, для каго гэтая зямля родная, і тое, што на ёй робіцца таксама не чужое.
2. Развярнулася буйная гандлёвая дзейнасць. За апошнія гады моцна “амаладзіліся” магазіны №55 (в.Маціевічы), №54 (в.Крыўляны), №64 (в.Булькова), №22 (в.Пшанаі), №50 (з буфетам грамадскага харчавання) (в.Сцяпанкі). Амаль год таму адкрыўся магазін №70 у Федзькавічах. Гэтыя значныя змены заўважаны і ацэнены з удзячнасцю людзьмі, для якіх мы працуем.
3. Прыкметна аднавіўся аўтапарк, з’явілася пяць зусім новых адзінак транспарту, у тым ліку аўтамагазін (які ў народзе прызвычаіліся называць аўталаўкай). У раёне амаль сотня населеных пунктаў. У самыя аддаленыя і маланаселеныя даязджаюць нашы гандляры, а гэта ні многа ні мала 57 вёсак, куды двойчы на тыдзень наведваецца аўтамагазін. Па тавараабароце два такія “магазіны на колах” адпавядаюць стацыянарнай гандлёвай кропцы. Летась іх выручка склала 1 млрд. 55 млн. рублёў. Зразумела, вязуць тое, што просяць людзі, маецца журнал папярэдняга запісу, у якім пазначаюцца ўсялякія просьбы. Потым аператыўна іх выконваем, прывозім нават будаўнічыя матэрыялы, калі гэта патрэбна нашым спажыўцам.
4. Пашыраецца сетка пастаўшчыкоў, з кім працуем непасрэдна. Гэта значыць, мінуючы лішнія звёны, тавар ідзе ў магазін без пасрэднікаў, а адтуль — адразу да пакупніка.
5. Шырока карыстаемся продажам тавараў у крэдыт, ствараючы ўмовы, найбольш спрыяльныя для людзей. Нярэдка абвяшчаем акцыі, у час якіх паніжаюцца цэны. Апошняе такое мерапрыемства, якое вы, канечне, заўважылі, — навагодняя “Шчодрая зіма”, што завяршылася ў студзені.
6. Важны складальнік поспеху — рэкламная дзейнасць, што дазваляе прыцягнуць і затрымаць увагу патэнцыяльных пакупнікоў. Найчасцей гэта робіцца праз “Сельскую праўду” і раённае радыё. Светлавая рэклама ў Федзькавічах прываблівае кожнага, хто рухаецца па аўтастрадзе Брэст — Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі. Яна запрашае спыніцца падарожных каля прывабнага магазіна №70, дзе ёсць усё патрэбнае.
— Дзякуй, Ніна Аляксееўна, за гутарку.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Н.А.Кадлубовіч.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top