Вы футбольны аматар, фанат? Тады, канечне, вам выпадала бачыць, як узбуджана ўзрываюцца трыбуны, калі любімец публікі забівае галавой прыгожы гол у чужыя вароты. А калі вы не на стадыёне і перад вамі не футбольнае поле, дык лепей не біць галавой. Бо тады ваш удар можа каштаваць вам… сто базавых велічынь. Аб тым папярэджваў і папярэ-джвае ўсіх Артур Б. з Жабінкі.
Было ўжо за поўнач, калі ён крочыў па вуліцы Кірава. Перад гэтым Артур закінуў, так бы мовіць, за каўнер паўлітра піва, а зараз адчуваў: малава-ата! Рашыў зазірнуць у бар “Казантып-Рыка”, каб папоўніць свой запас.
Хлопец зайшоў у бар, развеяўся, выпіў жаданую пляшку піва і каля дзвюх гадзін ночы сабраўся пакінуць піўную ўстанову. Ля ўваходу ў той час пачыналася бойка паміж не знаёмымі яму хлопцамі. “Што яны не падзялілі?” – раззлаваўшыся, падумаў Артур і разняў забіяк.
Ён яшчэ адчытваў іх, не шкадуючы і “моцных” слоў, як пачуў заўвагу ў свой адрас. Незнаёмы хлопец (а гэта быў Вадзім К.) сказаў паціху:
– Супакойся!..
Яго павучаюць?! О, гэта яшчэ больш раззлавала Артура! Ён падышоў да нахабніка і нанёс удар галавой Вадзіму ў твар. Якраз у вобласць правага вока. Ад удару хлопец схапіўся за шчаку і прысеў ад болю. Гэтым усё скончылася…
Апроч поўнага прызнання сваёй віны, Артурава вінаватасць пацверджана сведчаннем пацярпелага, пратаколамі агляду месца здарэння і заключэннем судмедэксперта.
Пры назначэнні пакарання ўлічваліся характар, абставіны і ступень небяспекі здзейсненага злачынства, а таксама асоба абвінавачваемага. Суд прызнаў Артура Б. вінаватым у наўмысных дзеяннях, што груба парушалі грамадскі парадак, а ўдар быў здзейснены ім з выключным цынізмам, што адносіцца да хуліганскіх учынкаў і падпадае пад частку 1 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. На аснове закона Артур панёс пакаранне ў выгля-дзе штрафу ў сто базавых велічынь, або на суму 2300 рублёў.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%