МІНУЎ 31 ГОД пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У выніку аварыі на атамнай станцыі пад радыеактыўнае забруджванне трапіла 23 працэнты тэрыторыі Беларусі, на якой пражывала больш як 15 працэнтаў насельніцтва. У Брэсцкай вобласці значна былі забруджаны тэрыторыі Столінскага, Лунінецкага, Пінскага і Драгічынскага, часткова асобныя тэрыторыі Іванаўскага, Баранавіцкага, Бярозаўскага раёнаў. Да зон радыеактыўнага забруджвання было аднесена 167 населеных пунктаў, дзе пражывала больш як 167,5 тысячы чалавек.
За тры дзесяцігоддзі ў выніку правядзення шырокамаштабных мерапрыемстваў у адпаведнасці з дзяржаўнымі праграмамі па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, а таксама з натуральным распадам радыенуклідаў забруджанасць імі ў вобласці зменшылася больш чым у два разы.
Цяпер у зонах радыеактыўнага забруджвання на Брэстчыне знаходзяцца 104 населеныя пункты, у тым ліку да зоны пражывання з перыядычным радыяцыйным кантролем 99 пасяленняў: 42 у Столінскім, 45 у Лунінецкім, 7 у Пінскім, 5 у Драгічынскім раёнах, да зоны з правам на адсяленне – 5 населеных пунктаў у Столінскім раёне. На да-дзеных тэрыторыях пражывае больш за 102,3 тысячы чалавек.
Летась лабараторыямі санітарна-эпідэміялагічнай службы вобласці было даследавана 10307 проб харчовых прадуктаў на ўтрыманне радыенуклідаў цэзію-137 і стронцыю-90, у тым ліку 5703 з іх з грамадскага сектара і 4604 – з асабістых падсобных гаспадарак. Неадпаведнасць нарматыўным патрабаванням на ўтрыманне радыенуклідаў цэзію-137 выяўлена ў 43 пробах: 41 з іх – гэта забруджванне лясных ягад, грыбоў і мяса дзікіх жывёл. У асноўным такая прадукцыя рэгіструецца на тэрыторыях Лунінецкага, Столінскага і перыядычна Пінскага раёнаў.
На ўтрыманне радыенуклідаў стронцыю-90 даследавана 1044 пробы харчовых прадуктаў з грамадскага сектара і асабістых падсобных гаспадарак. Наяўнасць іх не выяўлена. Таксама было праверана 2574 пробы пітной вады, у тым ліку з цэнтралізаваных крыніц водазабеспячэння 1990, з дэцэнтралізаваных (калодзежаў) – 584. Усе яны адпавядалі гігіенічным нарматывам.
Спецыялістамі ДУ “Жабінкаўскі райЦГЭ” праводзіцца пастаянны радыяцыйны маніторынг натуральнага гамафону ў кантрольных кропках раёна: на зямельных участках, якія адводзяцца для будаўніцтва жылых дамоў, аб’ектаў грамадскага і вытворчага прызначэння, пры прыёмцы іх у эксплуатацыю, дзеючых пабудоў і тэрыторый жылога, вытворчага і грамадскага прызначэння, прыродных аб’ектаў знешняга асяроддзя.
У Жабінкаўскім раёне летась было даследавана 26 проб харчовых прадуктаў з грамадскага сектара і асабістых падсобных гаспадарак на ўтрыманне цэзію-137 і стронцыю-90, а таксама 21 проба – пітной вады. Усе яны адпавядалі гігіенічным нарматывам.
Нягледзячы на праводзімую растлумачальную работу, асобныя грамадзяне і нават сем’і, у тым ліку з малымі дзецьмі, ужываюць прадукты, набытыя, сабраныя на забруджаных тэрыторыях, мяса дзікіх жывёл без папярэдняга радыеметрычнага кантролю, што прыводзіць да павышанага назапашвання радыенуклідаў у арганізме чалавека.
Пераканаўча рэкамендую ў абавязковым парадку праводзіць кантроль харчовых прадуктаў у спецыялізаваных лабараторыях, удакладняць у прадаўцоў на рынках наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць бяспечнасць дарункаў лесу, не купляць дадзеную прадукцыю ў не адведзеных для гандлю месцах і на аўтатрасах.
Уладзімір ЛАПУС, урач-гігіеніст ДУ “Жабінкаўскі райЦГЭ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%