Адчыніце хутчэй, паштальён ля дзвярэй!

IMG_0585
Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота аўтара.

Хто з нас не чакаў прыходу паштальёна, раз-пораз паглядаючы ў акно на вуліцу? Адным ён прынясе добрую вестку ад родных і блізкіх людзей, другім – свежы нумар газеты, часопіса, трэцім – пенсію і г. д.

Такім чаканым госцем у кожнай хаце з’яўляецца паштальён аддзялення паштовай сувязі аграгарадка Ленінскі Алена Пратасюк. Пяць дзён на тыдзень на працягу 17 гадоў адпраўляецца яна па ўжо добра вядомым маршруце. І ў летнюю спёку, і ў зімовую замець дабіраецца да адрасатаў, каб даставіць перыядычныя выданні ці карэспандэнцыю. Няпроста гэта – быць вясковым паштальёнам. Каб наведаць усіх падпісчыкаў, трэба прайсці з цяжкай сумкай на плячы па ўсім аграгарадку Ленінскім, а гэта не адзін кіламетр.
Паштальён – не проста прафесія і служба. Для Алены Пятроўны яна стала лёсам, прызваннем. Штодзень Алена Пратасюк дастаўляе сваім падпісчыкам 292 экзэмпляры газет, каля 60 пісем, штомесяц – 175 часопісаў… Ад жанчыны чакаюць добрых вестак і шчырых размоў. Яе функцыі даўно і незаўважна нават для самой сябе выйшлі за рамкі абавязкаў паштальёна. Алена Пятроўна цяпер для вяскоўцаў у адной асобе і суразмоўца, і агітатар, і дарадца, і псіхолаг, і проста слухач.
Яна не адразу стала паштальёнам. Пасля заканчэння Ленінскай СШ і Маларыцкага кааператыўнага вучылішча працавала некаторы час у гандлёвай сферы. Затым амаль два дзясяткі гадоў – на Брэсцкім механічным заводзе.
– Да горада, яго шуму, рытму так і не змагла прывыкнуць, – гаворыць Алена Пратасюк. – У вёсцы спакайней.
Калі ў 2000 годзе ёй прапанавалі працу паштальёна ў родным аграгарадку Ленінскім, доўга не вагалася.
– Чым мне падабаецца гэтая работа? Зносінамі з людзьмі. Добразычлівасць, абыходлівасць, уважлівасць – неабходныя якасці ў нашай справе. Для мяне праца, якой займаюся, у радасць, прыемна адчуваць, што цябе чакаюць. Сярод шматлікіх часопісаў, газет і пісьмаў, якія кожны дзень дастаўляю чытачу, пачэснае месца займае і раённая “Сельская праўда”, гэта самае папулярнае ў вяскоўцаў выданне. Выпісваюць таксама рэспубліканскія і абласныя газеты. Карыстаюцца папулярнасцю “СБ. Беларусь сегодня” і “Заря”. З часопісаў – “Народны доктар” і “Сваты” (і іх разнавіднасці: на пенсіі, на кухні). А я ў сваю чаргу не забываю людзям нагадаць пра падпіску і аформіць яе. Займаюся таксама дастаўкай пенсій і тавараў на дом. Не кожны можа дабрацца да паштовага аддзялення, таму просяць мяне ці тэлефануюць на пошту і робяць заказ.
Заробак паштальёна залежыць ад многіх фактараў: да сумы аклада дабаўляюцца грошы за аформленную ім падпіску, рэалізаваны тавар, газеты і часопісы і г.д. Сённяшнія ўмовы дыктуюць змяншэнне працоўных гадзін паштовых работнікаў. Алена Пятроўна працуе на 0,69 стаўкі і абслугоўвае жыхароў аграгарадка Ленінскі, а таксама работнікаў торфабрыкетнага завода. Калі гаварыць мовай лічбаў, то на яе абслугоўванні 332 чалавекі, якія жывуць у кватэрах, і 255 – у дамах у прыватным сектары.
Начальнік аддзялення паштовай сувязі аграгарадка Ленінскі Вера Кармановіч задаволена працай Алены Пратасюк. Даведзеныя планы ленінскі паштальён не толькі выконвае, але і перавыконвае. Сёлета за першы квартал план па падпісцы Алена Пратасюк выканала на 252 %, план па тавараабароце на 200 %. Дзякуючы Алене Пятроўне 73 чалавекі падпісаліся на “Сельскую праўду” (103 % выканання плана).
– Сумка мая заўсёды поўная, у дні, калі менш газет і часопісаў, бяру больш тавараў для продажу, – дзеліцца Алена Пятроўна. – У людзей ёсць патрэба ў паштовых паслугах, і іх неабходна задаволіць. На вёсцы паштальёну і дамоў тэлефануюць, каб зрабіць пэўны заказ ці звярнуцца з просьбай аб дастаўцы тавару.
Алена Пратасюк нікому не адмаўляе. Яна разумее, што пажылым людзям часта бывае цяжка дабірацца да паштовага аддзялення. Таму й нясе паштальён цукар, ці муку, ці іншы тавар таму, хто папросіць.
У мінулым Алена Пятроўна падпрацоўвала сацыяльным работнікам, таму цудоўна ведае патрэбы адзінокіх састарэлых жыхароў Ленінскага. Вясковы паштальён для іх – як акенца ў свет, ён прыносіць не толькі газеты, але і цеплыню душы, увагу. На яе чулая жанчына не скупіцца.
З нецярпеннем чакае любімага паштальёна 91-гадовая Агаф’я Рыгораўна Паляшчук, каб атрымаць з яго рук раёнку, падпісчыцай якой пажылая жанчына з’яўляецца ўсё жыццё. Алена Пятроўна для бабулі жаданая госця ў хаце, якая не толькі выслухае, падтрымае, але й дапаможа і словам, і справаю, праявіць чалавечую ўвагу, спытаецца пра здароўе і пагутарыць.
Алена Пратасюк не баіцца цяжкасцей, яна адказная, настойлівая і ў рабоце, і ў жыцці. Паспявае і дом ва ўзорным парадку ўтрымліваць, і агарод садзіць, і кветкі разводзіць. Разам з мужам Мікалаем Мікалаевічам вырасцілі дваіх дзяцей, старэйшай Кацярыне 24 гады, малодшаму Дзянісу – 22, яны працуюць, самастойна зарабляюць сабе на хлеб.
Акрамя ўсяго вышэйпералічанага, Алена Пратасюк яшчэ й мясцовы дэпутат ад Ленінскай акругі, а таксама апошнія 11 гадоў яна – стараста аграгарадка Ленінскі. За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці па выніках работы за мінулы год была ўзнагароджана памятным дыпломам і грашовай прэміяй.
Алена Пятроўна жыве па прынцыпе “як ты да людзей, так і яны да цябе”. Таму і начальнік аддзялення паштовай сувязі, і падпісчыкі, і жыхары аграгарадка могуць сказаць пра яе толькі добрыя словы.
На здымку: з нецярпеннем чакае любімага паштальёна Алену Пратасюк 91-гадовая жыхарка Ленінскага Агаф’я Рыгораўна Паляшчук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.