Зроблены крок насустрач працы

IMG_8441 IMG_8446
Запісала Людміла КОСЦІНА.
Упраўленне працы, занятасці і сацыяльнай абароны Жабінкаўскага райвыканкама пры падтрымцы органаў мясцовай улады і працадаўцаў правялі серыю кірмашоў вакансій у кожным сельскім Савеце і ў райцэнтры. На Жабінкаўшчыне ў сельскай мясцовасці іх адбылося 7, у горадзе – 2.
У кірмашах вакансій удзельнічалі, напрыклад, супрацоўнікі службы занятасці, кадравыя службы сельгаспрадпрыемстваў, райбальніцы, кіраўнікі мясцовых школ, іншыя працадаўцы. На кожным з іх прысутнічаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Вітальевіч Шалтанюк.
Як у Жабінкаўскім раёне праводзіліся кірмашы вакансій, якая праца папярэднічала мерапрыемству і пра першыя вынікі з працаўладкаваннем пагадзілася расказаць начальнік упраўлення працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама Любоў Фёдараўна Селівонік. Яна, дарэчы, таксама была пастаянным удзельнікам кірмашу.

– На Жабінкаўшчыне першы кірмаш вакансій адбыўся 4 красавіка. Напярэдадні яго нашы супрацоўнікі, а таксама старшыні сельскіх Саветаў сустрэліся з тымі, хто паводле розных абставін аказаўся без працы і хацеў бы яе зноў мець, але для гэтага атрымаць садзейнічанне дзяржаўных органаў. У спісах падатковых органаў такіх беспрацоўных аказалася 385 чалавек. На кірмашы вакансій мы запрасілі і тых, хто праз розныя прычыны апынуўся без сродкаў на пражыванне. Забягаючы наперад, скажу: з 385 чалавек, якія ў спісах, прыйшлі па садзейнічанне ў працаўладкаванні толькі 177, з якіх 34 ужо знайшлі сабе працу.
Першыя кірмашы па аказанні такой дапамогі адбыліся ў Хмелеўскім і Сцяпанкаўскім сельсаветах, а завяршылася сацыяльная акцыя ў Жабінцы, дзе сустрэліся многія працадаўцы і беспрацоўныя. Прыйшлі людзі рознага ўзросту, разнастайных прафесій і спецыяльнасцей. Былі пенсіянеры, якія хацелі б знайсці прыработак; людзі з вышэйшай адукацыяй, што страцілі працу гадоў дзесяць таму, а цяпер жадаюць уладкавацца на любую, хоць вартаўніком; іншыя працуюць, але мараць пра цікавейшую ці больш высокааплатную работу і тыя, хто наогул не мае сродкаў на пражыванне.
Якія вакансіі прапаноўвалі нашы працадаўцы? У асноўным – рабочыя. Напрыклад, у ААТ “Хмелева” патрэбны паляводы. На кірмашы жадаючыя атрымлівалі накіраванне ў аддзел кадраў сельгаспрадпрыемства, каб там займець дакументы на медагляд. Калі чалавек аказваўся здаровым, мог прыступаць да працы. Дарэчы, мы стараемся далейшы ягоны шлях адсачыць.
Сельская гаспадарка таксама мае патрэбу ў пастухах, сезонных рабочых. Медыцыне Жабінкаўшчыны патрэбны санітаркі. У жылкамунгасе пажадалі працаваць трактарыстамі два чалавекі, іх накіруюць на навучанне.
Прапаноўваліся і часовыя работы: у ЖКГ на добраўпардкаванне тэрыторый Жабінкі і збор другасных матэрыяльных рэсурсаў. Запісалася пад час кірмашоў звыш 50 чалавек, створаны брыгады па месцы жыхарства. На месца працы рабочых дастаўляе транспарт жылкамунгаса.
У кірмашы вакансій удзельнічала кадравая служба ГУП “Санта Рытэйл”. У новы магазін, які будуецца ў мікрараёне ля бальніцы, патрэбны прадаўцы, адміністратар, грузчыкі. Некаторыя пакінулі свае заяўкі. І іх запросяць на працу, як пабудуецца крама.
Працу прапаноўвала і Кобрынскае ЗТАА “Белкеізінг” на перапрацоўку абалонак, што ідуць на экспарт. Распарадак працы такі: два дні працуеш, два – адпачываеш. Ім патрэбна 20 чалавек. Калі падвозу не будзе (не назбіраецца пэўная колькасць людзей), то праезд кампенсуецца таварыствам.
Беларуска-аўстрыйскае швейнае сумеснае прадпрыемства “Дынама Програм Тэкстыль” ТАА плануе адчыніць ў былой сталоўцы дыстанцыі пуці цэх на 25 рабочых месцаў. Шэсць чалавек паехалі ўжо ў Пінск на стажыроўку.
Свае паслугі па працаўладкаванні прапаноўвала ПМК-10, якая фарміруе брыгады будаўнікоў-прафесіяналаў для працы ў Польшчы.
Фермерская гаспадарка “Бярозка” таксама набірала брыгаду будаўнікоў.
Падводзячы рысу, скажу: калі чалавек жадае працаўладкавацца, то гэта яму ўдасца. Тым болей, што ёсць магчымасць прайсці перанавучанне ў Брэсцкім цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых. Мы можам накіраваць на набыццё такіх прафесій, як цырульнік, рэферэнт-машыністка, прадавец, тынкоўшчык, на навучанне праграме 1С:Бухгалтэрыя. Словам, можна атрымаць патрэбную спецыяльнасць. Наша справа – дапамагчы беспрацоўным зарыентавацца ў прапановах, якія сёння ёсць на рынку працы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.