Загадкавая і таямнічая Індыя была для нас заўсёды блізкай. Мы ведалі імёны яе палітычных лідараў, любілі індыйскае кіно і знакаміты чай “са сланом”. Гэтая краіна стала роднай для жыхаркі Жабінкі Ірыны Волк, якая з 2013 года носіць прозвішча Курэшы. Яе муж Фахад нарадзіўся і вырас у Індыі, але даўно лічыць сваёй другой радзімай Беларусь.
Шлях да альма-матар
ЛЮБІМЫМІ ПРАДМЕТАМІ Ў ШКОЛЕ ў Ірыны Волк былі біялогія і хімія. За цікавыя ўрокі і цяпер удзячна сваім настаўнікам Але Андрэеўне Анікінай і Ніне Міхайлаўне Вішнявецкай. Прыхільнасць да гэтых навук паўплывала на выбар будучай прафесіі: пасля заканчэння трэцяй гарадской школы Ірына паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на педыятрычны факультэт. Вучыцца падабалася, асабліва калі пайшлі спецыялізаваныя прадметы. У ліку любімых былі гісталогія і судовая медыцына. Практыкі праходзіла як у гродзенскіх лякарнях, так і ў Жабінкаўскай райбальніцы. Студэнцкае жыццё-быццё вядома якое: вучоба, сесіі, зносіны з сябрамі, паездкі на святы дамоў… У Ірыны яно стала асаблівым з таго моманту, калі вясной 2005-га яна пазнаёмілася з Фахадам.
Фахад Курэшы скончыў у Мумбаі англійскую школу, два гады вучыўся ў каледжы і марыў у будучым, як дзядуля і тата, працаваць у порце: хлопца заўсёды вабілі мора і караблі. Для сябе Фахад выбраў марскую інжынерыю. Здаў паспяхова на гэтую спецыяльнасць уступныя экзамены ва ўніверсітэт, але вучобу так і не пачаў. У тое лета Аравійскае мора забрала жыцці двух стрыечных братоў Фахада. Гэтая трагедыя прымусіла хлопца выбраць больш бяспечную прафесію: на сямейным савеце было вырашана паступаць у медыцынскі. На радзіме такой магчымасці ўжо не было – спазніўся, а губляць год не хацелася. Тады ўзнікла ідэя атрымліваць адукацыю за мяжой. Варыянты былі розныя і краіны таксама. Напрыклад, у Маскоўскім, Пецярбургскім універсітэтах вольных месцаў у групах для замежных студэнтаў не аказалася, і тады сям’і Курэшы прапанавалі медыцынскія ВНУ ў Беларусі.
Калі Фахад і яго родныя глядзелі на карту нашай дзяржавы, у іх узнікалі пытанні: “Што гэта за краіна? Якія там людзі? Аддаць перавагу Гродну ці Віцебску?” Лёс распарадзіўся на карысць Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта. Трэцяга снежня 2003 года Фахад прыляцеў у Беларусь. Першы раз у жыцці ўбачыў снег, пачуў рускую мову, якую праз год вучобы добра разумеў і на якой яшчэ праз год выдатна гаварыў. Веданне мовы было адзначана дыпломам ІІ ступені на канферэнцыі ў Мінску, у якой удзельнічалі замежныя студэнты. Па-руску Фахад прызнаўся ў каханні і Ірыне, якую сустрэў у сценах універсітэта. Гэта былі пачуцці з першага погляду.
Незабыўная вясна
ШТОГОД У КАНЦЫ КРАСАВІКА ў Гродзенскім медуніверсітэце ладзіцца фестываль нацыянальных культур. Ён праходзіць ярка, весела, запамінальна. На працягу тыдня замежныя студэнты ўстановы прэзентуюць свае краіны, знаёмяць са звычаямі і традыцыямі свайго народа: танцуюць, спяваюць, іграюць на музычных інструментах, вучаць гульням і частуюць усіх смачнымі стравамі нацыянальнай кухні. Вось на такім тыдні Ірына заўважыла Фахада, які дэманстраваў свае таленты: прыгожа танцаваў, выдатна дэкламаваў вершы, добра гуляў у крыкет (да слова, быў капітанам каманды). Хлопец захапіў дзявочае сэрца. У сваю чаргу, Фахад даўно прыкмеціў Ірыну, але саромеўся падысці. На выніковым канцэрце ён заўважыў яе ў зале, набраўся смеласці і спытаўся дазволу, каб сесці побач і разам глядзець выступленні. З тае пары і да заканчэння вучобы маладыя людзі ўсюды былі разам: у чытальнай зале і бібліятэцы, на студэнцкіх вечарынах і дыскатэках. Фестывальная вясна 2005-га стала незабыўнай для абаіх.
На Першамай – у Жабінку
У 2008-ым у студэнтаў на Першамай выдаліся вялікія выхадныя. Ірына запрасіла сябра да сябе ў госці, тым больш, што ў яе таты на свята працы якраз і дзень нараджэння. Свой першы прыезд у Жабінку і знаёмства з роднымі Ірыны Фахад добра памятае і цяпер. Вельмі хваляваўся: як сустрэнуць, прымуць, аб чым пойдзе размова?
Але перажыванні былі дарэмнымі. У юнака адлягло ад сэрца, калі яго, як і Ірыну, шматлікія родзічы сталі абдымаць і паціскаць руку з добразычлівымі ўсмешкамі. За святочным сталом кожны хацеў пачаставаць госця і прапаноўваў пакаштаваць розную смакату. Фахад убачыў, што ў Ірыны вялікая і дружная сям’я, дзе пануюць цёплыя адносіны, узаемападтрымка і клопат адзін пра аднаго. У той год свае летнія канікулы ён таксама правёў у Жабінцы, якая спадабалася чысцінёй вуліц, утульнасцю, нешматлюднасцю. З задавальненнем ездзіў на веласіпедзе, купаўся ў Мухаўцы, шмат гуляў. Пабываў і ў горадзе над Бугам, у Брэсцкай крэпасці. Мемарыяльны комплекс пакінуў шмат незабыўных уражанняў. Госцем на нашай зямлі ён сябе ўжо не адчуваў, хоць і родны Мумбай часта сніўся па начах.
“Прывітанне, Індыя!”
З ТАКІМІ СЛОВАМІ спускалася Ірына па трапе самалёта, які прызямліўся ў Дэлі. З першых крокаў пачалося знаёмства з гэтай загадкавай краінай. Дзяўчыну сустрэла 40-градусная спёка, Ірына баялася згубіцца ў шматлюдным натоўпе-мурашніку, з цікаўнасцю прыслухоўвалася да незнаёмай мовы. Уразіла спалучэнне нацыянальнага адзення з еўрапейскім, а таксама добразычлівасць і адкрытасць мясцовых жыхароў.
Перш чым пазнаёміць сваю выбранніцу з сям’ёй, Фахад вырашыў паказаць ёй славутасці краіны. І пачаў са сталіцы.
У Дэлі маладыя людзі правялі два цудоўныя тыдні. Тут Ірына ўбачыла самы высокі ў свеце цагляны мінарэт Кутуб-Мінар і храм Лотаса, дзе знаходзіцца вялікая зала для медытацыі. Яны падарожнічалі і па іншых гарадах. Пабывалі ў Агры, у знакамітым маўзалеі-мячэці Тадж-Махал, а таксама ў Джайпуры, які славіцца самым вялікім сонечным гадзіннікам у свеце. Кожны дзень Фахад стараўся, каб Ірына пакаштавала новую страву нацыянальнай кухні.
Запомнілася і індыйская вёска са сваімі рысавымі палямі, чырвонай глебай (такі колер ёй надае мясцовая гліна), незвычайнымі для нас садамі, у якіх замест звыклых яблынь і груш растуць бананавыя, лімонныя і ананасавыя дрэвы.
Наступныя два тыдні прайшлі ў Мумбаі. Сям’я Курэшы з нецярпеннем чакала госцю з Беларусі. Сустрэча адбылася раніцай, калі над горадам толькі-толькі ўзыходзіла сонца. Нібы тое сонейка, увайшла і ў дом, і ў сям’ю Ірына, стала сваёю з першай хвіліны. За час знаходжання ў Мумбаі яна пабывала ў гасцях у многіх родзічаў Фахада, бліжэй пазнаёмілася з сямейнымі звычаямі, навучылася гатаваць традыцыйныя індыйскія стравы. Тады ж адбыліся і заручыны. Жаніхом і нявестай яны прабылі год.
Вяселлі па-беларуску і па-індыйску
У ЖНІЎНІ 2013-га маладыя людзі згулялі вяселле. Спачатку тут, у Жабінцы. Яно было традыцыйным: са шматлікімі гасцямі, тамадой, песнямі і танцамі пад ансамбль, з караваем і падарункамі для маладых. Адным словам, як у вядомай песні: “Широкой этой свадьбе было места мало, и неба было мало, и земли”.
А праз два тыдні ў Мумбаі для маладых ладзілася традыцыйнае індыйскае вяселле. Згодна з канонамі яно доўжылася пяць дзён, кожны з якіх быў адметны сваімі звычаямі. Так, напрыклад, у адзін з іх маладую размалявалі хной. На саму вясельную цырымонію Ірына і Фахад апранулі спецыяльна пашытыя для іх уборы і надзелі падрыхтаваныя ўпрыгажэнні. У дзень рэгістрацыі шлюбу маладыя прымалі віншаванні ад шматлікіх родзічаў, якія прыехалі з розных куткоў Індыі, з 6 гадзін вечара да 12 ночы. Фахад і цяпер шкадуе, што сезон дажджоў не дазволіў прыехаць усім родным, іх было толькі 750, хаця звычайна на вяселлі збіраецца да паўтары тысячы гасцей. Падарункам маладым ад бацькоў жаніха стала трохдзённае знаходжанне ў прэстыжнай пяцізоркавай гасцініцы Мумбая. А падарункам у адказ ад маладой сям’і ўсім родным стала нараджэнне маленькага Рэхана, які з’явіўся на свет у лістападзе 2014-га ў беларускім Кобрыне.
“Хай сэрца не баліць і будуць здаровымі дзеці!”
МЕНАВІТА Ў КОБРЫНЕ пасля заканчэння медуніверсітэта пачынала сваю працоўную дзейнасць Ірына. Спачатку педыятрам у дзіцячай паліклініцы, потым неанатолагам у радзільным доме. Фахад пасля атрымання дыплома ўрача працягваў вучобу і ўдасканальваўся прафесійна як тут, у Беларусі, так і за мяжой. Скончыў магістратуру ў Швецыі, там жа абараніў дысертацыю, потым інтэрнатуру ў Індыі і пацвердзіў свой дыплом на радзіме, клінічную ардынатуру па кардыялогіі ў Гродне, прайшоў стажыроўку па кардыёхірургіі ў Мінску. У планах – клінічная ардынатура па рэнтгена-эндаваскулярнай хірургіі зноў жа ў сталіцы.
Фахад адзначае высокую якасць медыцынскай адукацыі ў нашай краіне. Ён удзячны выкладчыкам універсітэта, якія далі трывалыя веды, а таксама сваім калегам-медыкам, у каго вучыўся і пераймаў вопыт. Доктар Курэшы прызнаўся, што кожны раз на аперацыі адчувае вялікую адказнасць за жыццё чалавека, які даверыў яму сваё сэрца.
“Дзіўны чалавечы орган, – кажа ён. – Менавіта ў ім нараджаюцца і жывуць вернасць і пяшчота, чуласць і каханне. Яно ўсёдаравальнае і ўсеаб’емнае, і можа змяшчаць у сабе любоў да дзвюх краін, як у нашым з Ірынай выпадку. А калі мы непакоімся і перажываем, сэрца ные і трымціць. Няхай яно ніколі не баліць”.
“І будуць здаровымі дзеці”, – дапоўніла жонка Ірына.
На здымку: Фахад, Ірына і Рэхан Курэшы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%