Мудры настаўнік падлеткаў

_DSC6415

Старшы ўчастковы інспектар інспекцыі спраў непаўнагадовых РАУС маёр Васіль Бурко ў органах міліцыі з 2006 года. На ўліку ў яго каля двух дзясяткаў падлеткаў. Усе гэтыя дзеці недаатрымалі нешта вельмі важнае ў родным доме, і іх захапіла вуліца: крадзеж, дробнае хуліганства, п’яныя кампаніі. З гэтай прычыны яны і трапілі на ўлік у інспекцыю па справах непаўнагадовых. Іх перавыхаваннем займаецца 34-гадовы маёр Васіль Іванавіч Бурко. “Пад маім назіраннем падлеткі ва ўзросце ад 12 да 18 гадоў. Поўная сям’я ў трынаццаці з тых, што стаяць на ўліку ў ІСН. Сем’і знешне прыстойныя, – расказвае Васіль Іванавіч. – Але чаму дзеці сталі такімі непаслухмянымі, для мяне загадка”.
Суразмоўца лічыць, што інспектару па справах непаўнагадовых не трэба быць суровым. Важна наладзіць з юнымі выхаванцамі сяброўскія адносіны, знайсці магчымасць лішні раз пагаварыць па душах. Часта ў інспектара бывае школьны дзень, калі ён адпраўляецца на абход падшэфных, праводзіць прафілактычныя гутаркі з вучнямі, расказвае ім, у якіх прафесіях яны могуць вылучыцца, калі правільна сябе паводзіць, якая дзейнічае адказнасць за той ці іншы ўчынак. Асабліва яму падабаецца наведваць Крыўлянскую адзінаццацігодку, вучні якой, паводле яго слоў, амаль заўсёды ідуць на кантакт і грамадскі парадак парушаюць рэдка. Прадстаўнік міліцыі з’яўляецца для іх аўтарытэтам. Нягледзячы на маладосць, маёр многае ўмее, у яго вышэйшая адукацыя, закончыў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, служыў у шэрагах беларускай арміі, дзе прыняў цвёрдае рашэнне звязаць свой лёс са службай у органах. Праходзіў вучобу ў Мінску, у цэнтры МУС Беларусі. Некалькі гадоў працаваў участковым інспектарам, абслугоўваў на-сельніцтва вёсак Сакі, Сакалова, Хмелева, Селішча, Рудка, Дзяменічы, Падлессе, іншых. Васіль Іванавіч актыўна ўдзельнічаў у спартыўных спаборніцтвах ад Жабінкаўскага РАУС у бегу, у эстафетах, шматбор’і, займаў прызавыя месцы: мае трэцяе ў бегу на абласных спаборніцтвах сярод райаддзелаў міліцыі.
Цяпер Васіль Іванавіч вучыцца ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці “Аператыўна-вышуковая дзейнасць. Барацьба з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі”. “Пад час вучобы ў акадэміі, – гаворыць Васіль Іванавіч, – я атрымаў вельмі каштоўныя веды і навыкі, неабходныя для работы ў міліцыі і канчаткова пераканаўся, што маё прызванне працаваць менавіта тут. Сваю службу я ні на якую іншую не прамяняю. Мне падабаецца мець зносіны з падлеткамі, дапамагаць ім спраўляцца з рознымі праблемамі”.
У інспекцыі непаўнагадовых Васіль Бурко рупіцца з 2010 года, дапамагае дзецям у цяжкія хвіліны. За сем гадоў дапамог не аднаму падлетку вярнуцца да нармальнага жыцця. Супрацоўнікаў гэтай службы можна назваць анёламі-ахоўнікамі, толькі ў пагонах.
“Насіць пагоны – гэта не толькі вялікі гонар, але і сур’ёзная адказнасць”, – упэўнены Васіль Бурко. Ён прызнаецца, што дапамога падлеткам у вырашэнні самых розных, часам нечаканых, бытавых, жыццёвых і прававых калізій – важны, але далёка не адзіны складнік работы ўчастковага інспектара ІСН. Нярэдка даводзіцца “распутваць клубкі” складаных злачынстваў.
Дзеці паўтараюць памылкі дарослых і пакутуюць за іх грахі. Гэтыя, дарэчы, простыя ісціны ў чарговы раз знайшлі пацвярджэнне ў лічбах статыстыкі, якія назваў мне Васіль.
З аднаго боку параўнальны аналіз парушэнняў у раёне, здзейсненых падлеткамі, выклікае стрыманы, але аптымізм. У 2015 годзе, напрыклад, адбылося сем злачынстваў, у 2016-ым – шэсць: чатыры крадзяжы грошай і тэлефонаў і два хуліганствы. Сціпла выглядае і лічба, якая адлюстроўвае колькасць правапарушэнняў за мінулы год – 54. Сёлета ўжо адбылося пяць выпадкаў распіцця непаўнагадовымі піва і алкагольных напояў; на 11 асобаў, якія ўцягнулі падлеткаў у п’янства, а таксама на двух работнікаў прылаўка, якія рэалізавалі алкаголь і піва падлеткам, што не дасягнулі 18-годдзя, складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні. Занепакоены Васіль Іванавіч і тым, што дзеці пападаюцца на крадзяжах у магазінах, і неаднойчы. За шматразовыя правапарушэнні два чалавекі накіраваны ў спецустановы закрытага тыпу. Неабыякавы Васіль Іванавіч да праблемы наркаманіі, удзелу непаўнагадовых у моладзевых фарміраваннях антыграмадскай накіраванасці. Прычынамі, якія прымушаюць юных жабінкаўцаў выбіраць у самым пачатку жыццёвага шляху крывую дарожку, з’яўляюцца няпоўныя сем’і, бацькі-п’яніцы, недастатковая ўвага дарослых, адсутнасць іхняга кантролю за дзецьмі ў вячэрні час.
Дабаўляюць інспектару клопатаў падлеткі, якія маюць праблемы з законам, асабліва прадстаўніцы цудоўнага полу, дзяўчаты. Яны заўважаны пры ўдыханні пароў клею, распіцці спіртных напояў, за ўжыванне піва і алкаголю на іх складзены 23 пратаколы. Адзін падлетак сам звярнуўся ў раённую бальніцу пасля перадазіроўкі наркатычнага рэчыва. Словам, непаўнагадовым не хапае бацькоўскага выхавання. “Маці ў мяне ёсць, але той, якая мяне разумее, няма”. Гэтыя словы аднойчы пачуў Васіль Бурко ад аднаго з падлеткаў.
“Праца ў нас нялёгкая, але цікавая. Я рада, што ў нашым РАУС ёсць такі інспектар ІСН, – расказвае капітан міліцыі Аляксандра Сівухіна. – Гэта пісьменны спецыяліст, мудры настаўнік, заўсёды адказны, падтрымлівае супрацоўнікаў у цяжкую хвіліну, спакойна і цвяроза глядзіць на любую сітуацыю, дае правільную параду. Для інспектара ІСН важна быць тактоўным, цярплівым, шчырым, а ў нашай прафесіі яшчэ і псіхолагам, і юрыстам, але галоўнае – заставацца чалавекам. А самае вялікае шчасце для чалавека – займацца любімай справай.
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няштатны карэспандэнт.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.