новостиПомнікі патрабуюць догляду

Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін у райвыканкаме ладзілася чарговае пасяджэнне раённага каардынацыйнага савета па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцяў з удзелам старшынь сельвыканкамаў. Вёў нараду кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі. Разгледжаны два пытанні: “Аб мерах па добраўпарадкаванні і рамонце помнікаў абаронцам Айчыны і ахвярам войнаў” і “Пра выкарыстанне ў турыстычных мэтах помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны Жабінкаўскага раёна”. Па гэтых пытаннях сяброў каардынацыйнага савета праінфармавала метадыст у ахове помнікаў Аляксандра Солтан. Было вырашана ў бліжэйшы час прывесці ў належны стан усе аб’екты гістарычнай спадчыны, у тым ліку патрэбную дакументацыю на іх. Непасрэдна рэдакцыі “Сельскай праўды” даручана змясціць на старонках газеты цыкл матэрыялаў, прысвечаных гістарычным памяткам розных часоў, на якія багата Жабінкаўшчына.

Берагі твае чыстыя, Мухавец!

Вучні 8 “В” першай гарадской школы добра папрацавалі. Школьнікі збіралі смецце на берагах Мухаўца. Нягледзячы на тое, што літаральна восенню тут праводзілася ўборка, яны назбіралі смецця поўны прычэп трактара ў зоне ля аўтамабільнага моста і паблізу Здзітава. Тэхніку і поліэтыленавыя мяхі для смецця школьнікам выдала Жабінкаўская ЖКГ. У планах юных аматараў чысціні – “генеральная ўборка” рэчкі Жабінка, зоны адпачынку “Непакойчыцы”. Наперадзе – нямала святаў і цёплых дзянькоў, калі хочацца адпачыць на прыродзе, распаліць вогнішча. Адзіная просьба – разам з прысмакамі і аднаразовым посудам не забудзьце захапіць лішні поліэтыленавы пакет. Ён спатрэбіцца вам, каб сабраць смецце. Не пакідайце яго на месцы адпачынку. Прырода любіць чысціню.
Паэтычны голас суседзяў загучаў па-беларуску
Днямі ў ААТ “Брэсцкая друкарня” пабачыў свет зборнік польскай паэзіі. У кнізе – 11 аўтараў і пяцёра перакладчыкаў іх вершаваных здабыткаў: Анатоль Крэйдзіч, Анатоль Шушко, Зінаіда Дудзюк, Алена Усцілоўская і Расціслаў Бензярук. Намаганнямі жабінкаўца сваё лірычнае слова даносіць да беларускага чытача прызнаныя сучасныя польскія паэты Аляксандр Наўроцкі, Бенедыкт Козел і Ян Рыхнэр.

Літаратура аб здароўі і не толькі

У цукразаводскай бібліятэцы ў межах Дня здароўя праводзілася акцыя “Скажы ўсім, каб пачуў кожны”.
Тут арганізавалі для наведвальнікаў выставу “Прырода і здароўе”, на якую падабралі кнігі аб спорце, медыцыне, здаровым ладзе жыцця, пра лекавыя травы. Усе чытачы ў Дзень здароўя мелі магчымасць памераць крывяны ціск, вагу, тэмпературу цела, а яшчэ прадэманстраваць сваю моц – узняць гіру. Здароўе – адна з каштоўнасцей, якая даецца чалавеку, яго трэба захоўваць і ўмацоўваць.

Трагедыя на дарозе

Як паведаміў начальнік АДАІ Жабінкаўскага РАУС Андрэй Мядзведзь, 12 красавіка ў 5.50 на 32-ім кіламетры аўтадарогі Р7 Каменец – Жабінка – Федзькавічы адбылося дарожна-транспартнае здарэнне са смяротным зыходам. Вадзіцель аўтамабіля IVECO здзейсніў наезд на веласіпедыста – жыхара вёскі Рагозна, які ад атрыманых траўм памёр на месцы. Па дадзеным факце Следчы камітэт праводзіць праверку. Папярэдняя прычына здзейсненага ДТЗ – стомлены стан вадзіцеля. Згодна з пунктам 10.2 Правілаў дарожнага руху забараняецца кіраваць транспартным сродкам у хваравітым ці стомленым стане, якія ставяць пад пагрозу бяспеку дарожнага руху, пад уздзеяннем лекавых сродкаў, што паніжаюць увагу і хуткасць рэакцыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.