У мяне ёсць сябар – Уладзік, які жыве ў Кобрынскім раёне. Мы часта ездзім да яго ў госці. Ва Уладзіка ёсць яшчэ тры сястры. У іх вялікім доме заўжды весела і гаманліва. Шчыра кажучы, крыху зайздрошчу хлопцу – на падворку і ў хаце сапраўдны заапарк. У пакоях шчабечуць папугаі, у акварыуме плаваюць рыбкі і вялізная чырванавухая чарапаха. А ў хлявах конь Апачы б’е капытамі, мычыць карова Зорка, на падворку за агароджай бегаюць кітайскія хахлатыя пеўні, качкі, гусі, фазаны…
Дзеці дапамагаюць бацькам увіхацца ў гэтай немалой гаспадарцы.
Аднак мяне больш за ўсё ўразіў іхні шэры калматы кот з бурштынавымі вачамі па мянушцы Ануча.
– Чаму вы так яго назвалі? Ён жа такі прыгожы, поўсць мяккая… – пытаюся ва Уладзіка.
– Ат, ануча і ёсць ануча, – махнуў рукою сябар.
Ягоная малодшая сястрычка, трохгадовая Яначка, падбегла да ката, запусціла далоні ў поўсць і… пачала яго цягаць па падлозе нібы анучу. Кот, на дзіва, нават не спрабаваў супраціўляцца – відаць, ім не ўпершыню “мылі падлогу”.
– Усё, плыплалася, чысценька ўжо, – сказала задаволеная “ўборкай” малая, схапіла ката за хвост і пацягнула яго за сабой на вуліцу. Той нават не паспрабаваў вырвацца з рук дзіцяці і збегчы ад малой, дазваляў рабіць з сабою ўсё, што хочаш.
– Ён настолькі лянівы, што на стол ніколі не скакаў, нават калі каўбаса ў талерках ляжала, не тое, што ўвішны Кузька, – пракаменціраваў паводзіны ката Уладзік.
– Цяпер зразумела, чаму ў яго такая мянушка? – спытаўся сябар.
Зразумела, чаму ж не. Толькі дзіва, якія бесхарактарныя каты бываюць…
Дзіма КІСЛЫ, сябра гуртка “Юны журналіст” пры ЦТДіМ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%