Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота аўтара.
Не памылюся, калі скажу: літаральна кожны дарослы жабінкавец ведае пра існаванне на гарадскіх могілках па вуліцы Міру сапраўднага мемарыялу, прысвечанага розным асобам і падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Аднак наколькі гэтыя веды глыбокія? Паспрабуем адказаць.
МЕМАРЫЯЛ аб’ядноўвае восем помнікаў. Тры з іх (паводле пастановы Савета Міністраў ад 14 мая 2007 года за № 578) уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Яны аднесены да трэцяй ахоўнай катэгорыі. Гэта магілы Соф’і Чубук, Аляксея Дзмітрука і ахвяр фашызму. Астатнія пахаванні на Міру лічацца помнікамі мясцовага значэння.
НАЙСТАРЭЙШЫ з названых – захаванне С.Ф. Чубук з чырвонай зоркаю наверсе – узведзены ў 1949 годзе. На магіле надпіс па-руску: “Любімай жонцы, цудоўнаму сябру, камуністу, адданаму патрыёту Савецкай Радзімы, па-зверску забітай нямецкімі вырадкамі ў ліку 75 савецкіх грамадзян 27 кастрычніка 1942 года Соф’і Фёдараўне ЧУБУК і дзецям Рэну і Светачцы ад мужа і бацькі падпалкоўніка Чубука Івана Фёдаравіча”.
Гэты надпіс патрабуе каментарыяў. Сапраўднае імя Соф’і Фёдараўны – Сара Фраймонтаўна. Яна нарадзілася ў 1907 годзе, была ленінградскай настаўніцай, што прыехала з дзецьмі на летнія канікулы да мужа, які служыў у Брэсцкай крэпасці. Калі выбухнула вайна, не паспела пакінуць горад над Бугам. Неўзабаве далучылася да антыфашысцкага падполля. Чаму здарылася, што яўрэйская жанчына стала рускай і змяніла імя? Як згадвала адна з кіраўнікоў брэсцкага падполля Таццяна Мікалаеўна Смірнова (1908-1989), у нечым “дапамаглі”… гітлераўцы. У жніўні 41-га яна вырашыла замяніць савецкія пашпарты на нямецкія. Для гэтага патрабаваліся сведкі-паручальнікі, якія пацвярджалі, што чалавек на самой справе той, за каго сябе выдае. Гэткім чынам жонкі чырвоных камандзіраў яўрэйскай нацыянальнасці ў “аўсвайсах” атрымалі не толькі новыя імёны, але й нацыянальнасць. У Соф’і (Сары) Чубук былі 10-гадовы сын Рамуальд (Рэн) і дачка Света, народжаная ў 1937-ым. Усе загінулі. Але не ў Жабінцы, як лічыў Іван Чубук, а ў маёнтку Непакойчыцы – у ліку 25 “усходнікаў”.
У 1956 ГОДЗЕ на вуліцы Міру паўстала другая памятка, пры-свечаная ахвярам вайны. На ёй лаканічны надпіс: “Вечная памяць савецкім грамадзянам, па-зверску расстраляным фашыстамі ў гады акупацыі”. Дакладную лічбу пахаваных пад гэтым тыповым помнікам сярэдзіны мінулага веку высветліць ужо немагчыма. Лічыцца, што тут знаходзяцца рэшткі каля трох з паловаю соцень мірных грамадзян. Спіскі ахвяр, складзеныя адразу пасля вызвалення, няпоўныя і шмат у чым недакладныя.
У 1992 годзе перад старым помнікам паўстаў новы – скульптурная кампазіцыя, на якой жанчына трымае на руках дзіцё. Яны знаходзяцца ў кулямётным прыцэле. Аўтар гэтага твора – Сяргей Анатольевіч Логвін, на сённяшні дзень дацэнт кафедры скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
НА МАГІЛЕ Аляксея Дзмітрука (1907-1942) пазначана, што ён быў “першым начальнікам Жабінкаўскай раённай міліцыі”. Аднак гэта недакладна. Аляксей Данілавіч у 1939-ым
кіраваў атрадам самаабароны ў Жабінцы, а пасля стварэння ў пачатку наступнага года райаддзела міліцыі стаў оперупаўнаважаным. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны далучыўся да народных мсціўцаў і загінуў пры выкананні задання.
ПОМНІК ПОЛЬСКІМ вайскоўцам паўстаў у 1993-ім, да 50-ых угодкаў іх гібелі. Надпіс на мармуровай пліце, выкананы польскай і беларускай мовах, сведчыць: “Тут спачываюць польскія партызаны – салдаты аддзела “Ватра-І” Палескай акругі Арміі Краёвай, якім камандаваў паручнік Войцах Збілюта (“Юра”). Загінулі ў барацьбе з немцамі 27.10.1943 г. у ваколіцах Жабінкі. Вечная ім памяць”. Пералічаны таксама імёны забітых: падпаручнік Станіслаў Мураўскі, старшы сяржант Юзэф Казімерчак, капрал-падхарунжы Ян Малік, старшыны Ян Лагадзюк, Чэслаў Грэнь, Юзэф Валашыньскі, Эдвард Радваньскі і яшчэ двое, вядомыя толькі пад мянушкамі “Рак” і “Тодт”.
Бой, у якім яны загінулі, адбыўся паблізу Зеленкаўшчызны. Немцы загадалі целы палякаў прывезці ў Жабінку, дзе выставілі на агляд, каб запалохаць мясцовых, а праз колькі дзён дазволілі пахаваць. Кіраўнік акаўцаў Войцах Збілюта з рэшткамі сваёй групы адступіў у Старасельскі лес, дзе яны далучыліся да атрада імя Чарнака ў якасці 3-яй (польскай) роты.
НАСТУПНЫМІ ў 1998 годзе ўзніклі на вуліцы Міру надмагіллі, прысвечаныя невядомаму савецкаму лётчыку, збітаму ў паветраным баі 29 чэрвеня 1941 года, партызанам-чарнакоўцам І. Вакульчанку, А. Кулаву, А. Кудзіеву і М. Пеліну (пакараныя смерцю ў 1943 годзе). Пліта з падобнам тэкстам месціцца зараз і на будынку раённага выканаўчага камітэта, узведзенага на месцы галоўнай плошчы мястэчка, на якой і былі пакараны партызаны.
Нарэшце, апошнім па часе паўстаў камень з надпісам на трох мовах – беларускай, англійскай ды іўрыце ў памяць пра генацыд яўрэйскага народа, здзейснены нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Жабінцы і наваколлях восенню 1942 года. Распрацоўшчыкам праекта, калі ў памяць пра Халакост падобныя камяні з’явіліся не толькі ў Жабінцы, але і ў некаторых іншых населеных пунктах, стаў акадэмік Міжнароднай і Беларускай Акадэмій архітэктуры Леанід Мендзелевіч Левін (1936-2014), найбольш вядомы як адзін са стваральнікаў мемарыяла “Хатынь”.
Акрамя названых помнікаў, што месцяцца на вуліцы Міру, у райцэнтры маюцца і іншыя. Гэта Свята-Пакроўская праваслаўная царква (пабудавана ў 1885 годзе), брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан на вуліцы Кірава, мемарыяльная дошка ў гонар С. Ануфрыюка і А. Дзмітрука на будынку аддзела ўнутраных спраў Жабінкаўскага райвыканкама, помнік воінам-землякам, загінулым у вайну, паблізу адміністрацыйнага будынка ААТ “Жабінкаўскі” і помнік падпольшчыкам на вуліцы Фядзяя. Падрабязней пра гэтыя памяткі нашай гісторыі “СП” плануе расказаць у адным з наступных нумароў газеты.
На здымку: вучні СШ № 3 у час уборкі на могілках, размешчаных на вуліцы Міру.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%