Масленица плясала!

Масленица плясала!

Святкаванне Масленіцы ў Жабінцы стала традыцыйным. Менавіта ў гэтае свята славянскіх народаў, якое прыйшло да нас са старажытнасці, адбываюцца праводзіны зімы, адчуваецца набліжэнне вясны…
Задоўга да тэатралізаванага відовішча, якое ладзілася масленічным днём ля Дома культуры, на гарадской плошчы райспажыўтаварыства раскінула гандлёвыя палаткі. Адразу людзей было не густа, таму “падглядзела”, чым жа частаваць-ласаваць жабінкаўцаў збіраюцца работнікі прылаўка. Апетытны пах шашлыкоў і бліноў з рознымі напаўняльнікамі разносіўся ў паветры і, дарэчы, карыстаўся асаблівым попытам. Прылаўкі запаўнялі і розныя саладосці, здоба, мясныя вырабы, дранікі з мясам. Дзеткі маглі паласавацца таксама цукровай ватай, а для забаваў купіць сабе надуўныя цацкі.
Сакавіцкае сонца ўзнімалася ўсё вышэй, людзей на плошчы збіралася ўсё больш і больш, заціхлі песні, якія гучалі з дынамікаў, і пачалося тэатралізаванае відовішча, якое вялі Скамарохі, цар Гарох, Масленіца, Пост, Зяць, Вясна і іншыя міфічныя героі, а таксама ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці з Дзяменічаў, Хмелева, Азятаў, Старога Сяла, цукразаводскага Дома культуры…
Гераіня свята, Масленіца, сама весяліла і заклікала ўсіх, хто сачыў за тэатралізаваным відовішчам, да песень і скокаў, а яшчэ, як хлебасольная гаспадыня, частавала масленічнымі блінамі, запрашала сілачоў, лаўкачоў да забаваў. Правяла гульні “перацягванне каната” і “бой мяшкамі на бервяне”, пераможцаў адарыла падарункамі.
Надыходзіць пара сустракаць Вясну, якая пад’язджае да гледачоў на калясніцы, запрэжанай конікам. Чараўніцы Вясне саступае месца Масленіца, пудзіла якой праз некалькі хвілін спальваецца пад словы, што холад, дрэннае надвор’е, няўдачы, слёзы адыходзяць у мінулае. Масленічны тыдзень заканчваецца тым, што мы просім адзін у аднаго прабачэння за ўсе магчымыя крыўды і грахі.
Пакуль адны ўважліва сачылі як развіваліся дзеянні тэатралізаванага відовішча, іншыя назіралі за гульнёй у шашкі, якая праходзіла ў фае гарадскога Дома культуры. Пераможцай шашачнага турніру стаў Аляксей Аляксеевіч Тур.
Л.КОСЦІНА.
На здымках: у час праводзін Масленіцы.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top