Ці будзе ў руцэ Вялікі крышталёвы журавель?

КарпукАнатоль БЕНЗЯРУК.

Пачатак красавіка прынёс цудоўную навіну: наш зямляк Сяргей Карпук паспяхова пераадолеў абласную прыступку рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года – 2017” і будзе абараняць Берасцейшчыну на прэстыжным спаборніцтве творчага майстэрства ў Мінску.

Старт – у Жабінцы

НАГАДАЕМ, РАЁННЫ ЭТАП конкурсу адбыўся 16-20 студзеня. У ім паўдзельнічалі 14 педагогаў, з іх 13 настаўнікаў, якія выступалі ў розных прадметных намінацыях, і выхавальнік пазашкольнай установы. Канкурсанты прайшлі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, правялі вучэбныя заняткі ў незнаёмых класах, абаранілі пісьмовую прэзентацыю педагагічнай дзейнасці на тэму “Вучыць дзяцей вучыцца”. Заключная частка раённых іспытаў ладзілася на базе СШ
№ 3, дзе ўдзельнікі раскрылі сябе ў творчым сцэнічным прадстаўленні. Паводле вынікаў найлепшымі былі прызнаны настаўнікі Аксана Сысоева, Таццяна Падрубная, Сяргей Карпук, Юлія Юзвік і Алена Ануфрыюк. Іх работы ў сістэме педдзейнасці і відэаўрокі былі дасланыя на завочны тур абласнога этапу, які праходзіў у лютым. Такім чынам, праз сіта папярэдняга адбору паводле рашэння журы, узначаленага першым прарэктарам Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі, прайшоў толькі адзін жабінкавец – настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 3 г. Жабінка Сяргей Аляксандравіч Карпук.

Папярэдні фінал – у горадзе над Бугам

СПАБОРНІЦТВУ Ў БРЭСЦЕ папярэднічалі яшчэ два важныя моманты: незадоўга да 8 Сакавіка абласныя фіналісты давалі адкрытыя ўрокі – майстар-класы ў івацэвіцкіх школах, а затым 15 сакавіка ўдзельнікі сабраліся ў інстытуце развіцця адукацыі, каб даведацца пра ўмовы творчага конкурсу.
Абласны фінал цягнуўся два дні, 5-6 красавіка, і ладзіўся па намінацыях. Даём слова самому Сяргею Аляксандравічу:
– Як і на раённым этапе, давялося прайсці псіхолага-педагагічнае тэсціраванне. Затым – публічнае выступленне – маналог-разважанне на тэму “Настаўнік: учора, сёння, заўтра”. Для мяне педагог мінулага – гэта гісторыя, якую патрэбна ведаць кожнаму, хто жыццё прысвяціў нялёгкаму настаўніцкаму хлебу. Сёння – гэта мой уласны погляд на тое, як вучыць і выхоўваць дзяцей у нашы дні. А будучыня – задачы, што патрэбна ставіць і вырашаць праз гады. Прычым, абавязкова неабходна абапірацца на вопыт папярэднікаў і напрацоўкі сённяшняга дня. У сваім вы-ступленні акцэнтаваў увагу менавіта на гэтай частцы. Заключным іспытам сталі адказы на нестандартныя сітуацыі ў класе, паказаныя па відэа. Праз дзве хвіліны канкурсантам патрабавалася іх “разруліць” і выдаць параду, што рабіць, каб такое не адбывалася ў рэальнасці. Канечне, прыемна і адказна, што па выніках абласнога конкурсу давядзецца пазмагацца ўжо не толькі за раён, але й усю Берасцейшчыну.

Фініш – у сталіцы

– ШТО АДЧУЛІ, калі даведаліся пра Сяргееў поспех? – з такім пытаннем звярнуўся да намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Іны Тарасевіч.
Іна Уладзіміраўна (сама, дарэчы, некалі ўдзельніца конкурсу) адказала:
– Адчула вялізную радасць ад таго, што Жабінкаўшчына настолькі багатая на таленты. За апошнія гады ва ўсіх конкурсах прафесійнага майстэрства сярод педагогаў прадстаўнікі нашага раёна ўваходзілі ў фінал абласных спаборніцтваў: і “Малады настаўнік Брэстчыны” (Ганна Кулагіна ды Алена Наруш), і “Самы класны класны!” (Ірына Панфіла), і “Педагог дадатковай адукацыі” (Алена Філіповіч). Мы ганарымся сваімі калегамі і жадаем Сяргею Аляксандравічу перамогі ў рэспубліцы. У ягоным поспеху бачым вялікую заслугу кіраўніцтва трэцяй гарадской школы і той вялікай групы падтрымкі, што была разам з Сяргеем Карпуком пад час падрыхтоўкі да вельмі адказнага экзамену на педмайстэрства. Са свайго боку, будзем і надалей развіваць прафесійны ўзровень настаўнікаў і выхавальнікаў раёна, прэзентаваць іх таленты на ўсіх узроўнях.
У дапаўненне сам Сяргей Аляксандравіч выказаў падзяку Крыўлянскай СШ, дзе не толькі пачынаў працоўны шлях, але й “атрымаў веды, патрэбныя для жыцця”.
Гэта ўсяго другі выпадак, калі жабінкавец трапляе ў фінальную частку “Настаўніка года”. Першай у 2009-ым стала Віталіна Папковіч, якая, на жаль, пайшла з жыцця. Яна ж пакуль адзіная, хто стаў прызёрам рэспубліканскага этапу. Незадоўга да адыходу Віталіна Аляксандраўна напісала ў “Сельскую праўду”, пакінуўшы своеасаблівы запавет: “Творчага запалу вам і ўдачы, дарагія канкурсанты! Вялікі крышталёвы журавель чакае вас у сталіцы! (Маленькі ўжо ёсць на жабінкаўскай зямлі)”.
Сёлета нецярпліва будзем чакаць рэспубліканскага фіналу. Як у народзе кажуць: “Куранят па восені лічаць”. Крышталёвых жураўлёў таксама.
На здымку: настаўнік фізічнай культуры і здароўя СШ № 3 г. Жабінка Сяргей КАРПУК са сваімі выхаванцамі-пяцікласнікамі, з якімі ўдзельнічаў у раённым этапе конкурсу “Настаўнік года – 2017”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.