Однажды 8 марта…

Однажды 8 марта…

Жывуць у Вялікіх Якаўчыцах тры сям’і. Любы з вяскоўцаў скажа: “Добрыя людзі”. Трыццаць шэсць гадоў у парах, нарадзілі дзяцей, гадуюць унукаў… Здаецца, усё як ва ўсіх. Але ж ёсць у гэтай гісторыі адна цікавая акалічнасць. Каб пра яе расказаць мы папрасілі Кацярыну Лявонаўну і Станіслава Антонавіча Шадураў, Наталлю Ісаеўну і Канстанціна Міхайлавіча Кулакоў, Ганну Аляксандраўну і Міхаіла Дзмітрыевіча Місюраў прыгадаць толькі адзін дзень сумеснага жыцця. Але які! Самы запамінальны — самы вясельны!
Такім чынам, з дапамогаю нашых герояў перанясемся ў 8 сакавіка 1975-га — у дзень, калі былі яны зусім маладымі і рабілі крок у сумесным жыцці.
Кулакі
Да вяселля больш як год студэнт Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Косця Кулак сустракаўся з чарнавокай прывабнай Наташай Вярдзіевай. Чорныя, як смоль валасы, дзяўчына атрымала ў спадчыну ад бацькі-азербайджанца. Жыла ў вёсцы Любча на Міншчыне. Сюды пад Новы 1974 год і завітаў Канстанцін — на вяселле да сябра, які браўся шлюбам з сяброўкай Наташы. А назаўтра — рэйсавым аўтобусам вярталіся ў Мінск, дзе ён вучыўся, а яна працавала.
Распісваліся ў Зэмбінскім сельсавеце, па месцы жыхарства маладой. Сакавіцкае надвор’е дажджыла. Да будучага сямейнага шчасця дабіраліся па бездарожжы… на трактары. Старшыня сельсавета, былы дырэктар школы Мікалай Гец шчодра “напрарочыў” жыцця даўгавечнага, сям’і моцнай. Дый не памыліўся. А потым — гулялай вяселле, гудзела застолле, накрытае для 150 добрых гасцей.
У сям’і нарадзілася трое дзяцей: дзяўчынкі — Жанна, Тамара і сынок, якога назвалі на радасць бацькі Косцікам. Цяпер усе ўжо дарослыя — дзеду з бабай падарылі ўнукаў.
У Жанны — 15-гадовы Арцём, ліцэіст і добры матэматык. Тамара нарадзіла Таісію, якой зараз чатыры гады. Столькі ж мае і дачка Косці Віялета. У верасні 2008 года ў Канстанціна Кулака-малодшага з’явілася другая дачушка Верачка.
Місюры
Вяселле Ані і Мішы ладзілася ва Украіне. Абодва паходзілі са шматдзетных сем’яў: Міхаіл Дзмітрыевіч — старэйшы сярод трох братоў, а Ганна Аляксандраўна — другая паміж шасцю братамі і сёстрамі.
Каханне надарылася хуткаснае: два месяцы хапіла маладому трактарысту Ратненскай сельгастэхнікі, каб у маладзенькай піянерважатай разглядзець спадарожніцу на ўсё астатняе жыццё. А мо ўсё ж яна заўважыла між хлопцаў адзінага? Так і было. Многія ў клуб запрашалі патанцаваць, але пайшла з Мішам. Усе навокал глядзелі на прыгожую пару, што вяла народны строй пад баян загадчыка клуба Івана Петрука.
А затым ён праводзіў яе. Бываюць “кавалеры”, што поўдарогі пройдуць — і ў кусты. Але Міхаіл не такі: да веснічак давёў, а хутка і да вянцу.
Распісваліся ў Заранкаўскім клубе, тым самым, дзе танчылі. Было так шмат вады, што ледзь сабраліся дзве сотні часцей. Але тая вада маладых не раздзяліла, наадварот, на гады злучыла.
Як раней казалі: хто выпрабаванне вадой адолее, таму і агонь, і медныя трубы не страшныя.
І праўда. Пазней быў агонь — палкае каханне, плёнам якога сталі дзеці: Люда, Алена і наймалодшы Аляксандр. І трубы славы над галавой гучалі (Міхаіл Дзмітрыевіч слынны хлебароб, што не аднойчы быў уганараваны за сваю працу).
А цяпер у дзеда з бабай з’явіўся новы прыемны клопат: не забыцца ўнукам цукерак купіць. Іх трое — Кірыл, Ліза, Гена.
Шадуры
У іх вяселле было самае “малалюднае”. Хоць зараз, у час “эканоміі”, калі для многіх і вячэры хапае, каб вяселле адсвяткаваць, 120 гасцей — лічба немалая.
Пакуль тыя госці за сталы паселі, Каця і Стась прыблізна год “правяралі” свае пачуцці.
Ён быў ужо ветэрынарным урачом. Пасля Ляхавіцкага сяльгастэхнікума прыйшоў на працу ў калгас “Беларусь” (вёска Сваяцічы на Ляхаўшчыне). Там і спаткаліся.
Улетку ў вёску прыехалі студэнты, каб будаваць свінарнік. Стась сябраваў з будатрадаўцамі, неяк разам з імі зайшоў у сталоўку, дзе пабачыў гожую паварыху ў чырвоных боціках і ў белым халаціку з накрухмаленым каўпаком — быццам буслік. А потым малады ўрач усё часцей пачаў у сталоўцы сталавацца. Стала дзяўчына заўважаць: прыйдзе такі сарамязлівы (так пад Ляхавічамі завуць надта сарамлівых), у куточак заб’ецца з бутэлькай газіроўкі ды паглядае, як спраўна працуюць яе рукі. Станіслаў быў кавалер на ўсё сяло: дзяўчаткі вакол віліся, а вока кінуў на Кацярыну.
Распісваліся ў Стральцоўскім клубе, дзе маладых віталі школьнікі, вяскоўцаў шмат сабралася, сельсавецкі старшыня пары пажадаў жыць у згодзе і павазе, а дзяўчыне, каб трымалася, слёз лішніх не ліла. Тое суцяшэнне было да месца.
— У той дзень стаяў вялікі туман, — успамінала Кацярына Лявонаўна. — Так я доўга чакала, так хвалявалася, пакуль ён на “бобіку” ехаў з Ляхавічаў, што плакаць хацелася.
У кароткай дарозе жаніх блукаў ажно дзве гадзіны. Ды прыехаў, прабіўся між туманоў!
Нарадзілі трох дачок і тыя трох дзяцей: у Алены ёсць Мікітка, у Наташы — Анечка, ў Волі — дзяўчынка-кветачка Маргарытка.
Ці далёка да кахання?
Вось якім пакручастым бывае жыццё. Усім нашым героям задалі адно і тое ж пытанне:
— Колькі трэба прайсці, каб спаткаць сямейнае шчасце?
Высветлілася, бліжэй усіх была дарога ў Станіслава і Кацярыны — 30 кіламетраў, але праз туманы! Паміж украінскімі вёскамі, адкуль паходзілі Ганна і Міхаіл, — трохі болей. Канстанціну, каб знайсці сваю палавінку прыйшлося адолець з Якаўчыцаў да Любчы прыкладна кіламетраў дзвесце.
Але ж сапраўдны шлях да шчасця ўсё ж вымяраецца не вёрстамі, а шчырымі пачуццямі, павагай і падтрымкай паміж мужам і жонкай.
Вы ўжо заўважылі, у іх лёсах шмат агульнага: адзін святочны сакавіцкі дзень, потым — нараджэнне трох дзяцей, унукі, заслужаная пашана аднавяскоўцаў і галоўнае — сапраўднае каханне, што злучае назаўжды.
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: тры сямейныя пары з Якаўчыцаў: Місюры, Шадуры, Кулакі — злучыліся ў адзін дзень — 8 сакавіка 1975 года.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

1 Comment Posted

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top