Мой тата шмат дзе пабываў – бачыў горы, стэп, мора, нават трымаў у далонях вялізны самародак золата, калі намываў яго ў Манголіі. Яму ёсць што ўспомніць і пра што расказаць пасля гэтых паездак. Мы з сястрой таксама дзякуючы тату нямала падарожнічаем, аб’ездзілі, лічы, паў-Беларусі. У нас стварыўся цэлы фотаархіў сумесных адкрыццяў прыгожых мясцін краіны. Некалькі разоў ездзілі ў Белавежскую пушчу, пабывалі ў Нясвіжскім, Мірскім, Ружанскім замках, лазілі па развалінах Навагрудскага і Лідскага, палаца Бернардзінцаў у Бярозе, Брэсцкай крэпасці. Вельмі хочацца трапіць у Косаўскі палац Пуслоўскіх – ён на фотаздымках у кнігах прыгожы! А яшчэ б хацелася пабачыць крэйдавыя кар’еры і пастаяць на мяжы трох краін – Беларусі, Расіі і Латвіі (гэта ў Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці). З нецярпеннем чакаю лета – на канікулах няўрымслівыя тата з мамай абавязкова куды-небудзь збяруцца, і мы адкрыем для сябе яшчэ якія-небудзь прыгожыя мясціны Беларусі.
А пакуль я вучу ўрокі ў пакоі і цішком разглядваю шпалеры, бо яны нагадваюць аб нашых падарожжах. Так-так, на новенькіх шпалерах, якія нядаўна тата купіў у будаўнічым магазіне “Млын”, намаляваны… замкі Беларусі: Мірскі, Нясвіжскі і Косаўскі. І падпісаны яны таксама па-беларуску. Выраблены шпалеры ў Мінску. Шкада толькі, што на іх намалявана так мала гістарычных мясцін Беларусі! Аднак сама ідэя – падтрымаць сваю гісторыю – заслугоўвае адабрэння.
Дзіма КІСЛЫ, сябра гуртка “Юны журналіст” пры Жабінкаўскім РЦТДіМ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%