Не першы год радуюць сваімі талентамі аматарскія калектывы цукровага завода. Пра іх цудоўную творчасць даўно ведаюць далёка за межамі Жабінкаўшчыны. Сакавік прынёс чарговыя конкурсы, а з імі і новыя перамогі.
18 сакавіка ладзіўся абласны адборачны этап конкурсу “Новыя імёны Беларусі – 2017”. Ён праводзіўся рэспубліканскім камітэтам галіновага прафсаюза АПК.
У названы дзень творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з усёй Брэстчыны сабраліся ў Бярозе. Усяго было прадстаўлена больш за 40 нумароў, паўдзельнічалі каля 70 аматараў у намінацыях “Вакал”, “Харэаграфія”, інструментальны і арыгінальны жанры.
Гонар нашага раёна абаранялі цукравары: танцавальны калектыў “Прысмакі” (пад кіраўніцтвам Тамары Дзікой) і гурт “Раздолле”, які ўзначальвае Аляксандр Чарнушыч (дарэчы, ён і Галіна Міцковіч выступілі таксама з індывідуальным вакалам). Сваімі ўражаннямі дзеліцца старшыня раённага камітэта работнікаў аграпрамысловага комплексу Наталля Карпук:
– Уражанне можна перадаць адным словам – захапленне! Найперш ад высокага ўзроўню майстэрства, якое паказалі ўсе без выключэння ўдзельнікі. Тым больш важкай і прыемнай стала перамога жабінкаўцаў. Яны вярнуліся з конкурсу з заслужанымі ўзнагародамі – дыпломамі лаўрэатаў і памятнымі ганаровымі знакамі. “Раздолле” літаральна зачаравала залу і журы (яго ўзначальваў старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Юхімук) сапраўды раздольным казацкім спевам і народнай песенна-танцавальнай мініяцюрай “Таўкачы”. А “Прысмакі” вызначыліся экспрэсіўным танцам “Белая хусціначка”, выкананым з маладым запалам, пазітывам і гарэзлівасцю.
Праз два тыдні – ужо на сталічных падмостках – чакаўся працяг творчага спаборніцтва. Былі спадзяванні на поспех. І яны спраўдзіліся.
31 сакавіка шэсць калектываў Брэстчыны (па два ад Баранавічаў і Жабінкі, а таксама “індывідуалы” – баяніст з Янаўшчыны і саліст з Драгічынскага раёна) накіраваліся ў Мінск, дзе ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце ладзіўся фінальны галіновы этап “Новых імёнаў Беларусі”.
Поспех берасцейцаў, як адзначалі кіраўнік журы, старшыня рэспубліканскага камітэта работнікаў АПК Мікалай Лабушаў і кампазітар, народны артыст Беларусі Эдуард Ханок, быў сапраўды грандыёзным. Ва ўсіх (!) намінацыях яны сталі найлепшымі, за што ўганараваныя лаўрэацкімі дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Напрыклад, у арыгінальным жанры ўсе тры прыступкі на “п’едэстале” – за берасцейцамі! У іх ліку, што прыемна ўдвая, і наша “Раздолле” з песняй “На гары стаяў казак”. У танцавальным спаборніцтве перамогу святкавалі “Прысмакі”.
Якія адчуванні перапаўнялі сэрцы жабінкаўцаў пасля абвяшчэння вынікаў? Гэтае пытанне зноў адрасавалі Наталлі Львоўне і пачулі ў адказ:
– Перш-наперш – захапленне, а яшчэ – гонар і радасць за родную зямлю, якая гэтак шчодра нараджае і падтрымлівае яркія самабытныя таленты.
Асобна спынімся на дзеяслове “падтрымлівае”. Абласны і раённы камітэты прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу выказваюць асаблівую ўдзячнасць генеральнаму дырэктару ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” Віктару Міронаву, а таксама прафкаму прадпрыемства за дапамогу таленавітым працаўнікам завода і садзейнічанне ў падрыхтоўцы іх да выступленняў на высокіх творчых падмостках. Толькі разам мы адкрыем новыя імёны Беларусі!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%