З 3 па 7 красавіка органамі ўнутраных спраў краіны было арганізавана правядзенне аператыўна-прафілактычнага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Арсенал”. Сёлета на тэрыторыі Брэсцкай вобласці канфіскавана 35 адзінак незарэгістраванай зброі, больш як 2 тысячы боепрыпасаў рознага калібру, і 48 адзінак іх грамадзяне здалі добраахвотна. Зарэгістравана 36 незаконных дзеянняў у адносінах да зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, за што вінаватыя асобы прыцягнуты да крымінальнай адказнасці. Дарэчы, розныя віды зброі нярэдка выкарыстоўваюцца для незаконнага палявання. Таму былі запланаваны сумесныя рэйды з работнікамі падраздзяленняў дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры прэзідэнце краіны і іншымі прыродаахоўнымі арганізацыямі па спыненні фактаў браканьерства.
Акрамя таго, вартавыя парадку правяраюць умовы захавання вогнестрэльнай зброі ў законных уладальнікаў і канфіскуюць у тых, хто мае супрацьпаказанні да карыстання ёю. Сёлета ўжо канфіскавана 47 адзінак зарэгістраванай зброі ў індывідуальных уладальнікаў. У асноўным яны здзяйснялі дробнае хуліганства, стральбу ў населеным пункце, распівалі алкаголь у грамадскіх месцах ці з’яўляліся там нападпітку.
Органы ўнутраных спраў нагадваюць, што паводле артыкула 295 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь “Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў” прадугледжана пакаранне нават да пазбаўлення волі на 12 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Асобы, якія добраахвотна здаюць зброю, што захоўваецца незаконна, вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці.
Генадзь КСЁНДА, старшы інспектар УАПП УУС.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%