“…Ля коней душа спакайнее”

лошадь2

Запісала Святлана БЯЛЯК.
Фота Юліі КУРЫЛЬЧЫК.
Многія ганьбяць сучасную моладзь: маўляў, лянівая, безадказная, толькі і ўмее, што па экране сэнсарнага тэлефона пальчыкам вадзіць і ў сацыяльных сетках “завісаць”.
Што зробіш – век сучасных тэхналогій, зараз нават першакласнік мабільны тэлефон мае (праўда, не столькі для зносін з бацькамі, колькі для гульняў)… Інтэрнэт забірае столькі часу, што на нейкія захапленні яго катастрафічна не хапае.
Юлія Юшчук даказвае, што можна ўсё паспець: і ў “Аднакласнікі” фота выкласці, і канспекты вывучыць (Юлія – будучы прадавец), і бацькам дапамагчы ў хатніх справах, і час знайсці, каб любімай справай заняцца. Дзяўчына – у захапленні ад… коней. Грывастыя статныя скакуны – неад’емная частка яе жыцця. Хаця, няхай Юля сама раскажа:
– Мая першая сустрэча з канём адбылася яшчэ ў дзяцінстве. Мы прыехалі да бабулі, а ў двары да плота была прывязана кабыла з белай плямай на лобе. Я смела рушыла да Сары. Кабыла апусціла галаву, каб мне было зручней пакратаць грыву і за вухам. А колькі было радасці, калі тата падхапіў і пасадзіў мяне на яе шырокую цёплую спіну! Мама здзіўлялася, як я, такая маленькая, не баюся вялізнай жывёліны. Я пасля яшчэ многа разоў каталася на Сары ў вёсцы. Праўда, сядзець на спіне і плесці коскі з грывы мне ўжо было не цікава – хацелася навучыцца ездзіць у сядле.
А тут сяброўка ў інтэрнэце знай-
шла інфармацыю пра конна-спартыўны клуб “Лошадемания”, што ў Шчэбрыне, па дарозе на Брэст. Нам было па 15 гадоў, і я ўгаварыла тату паехаць туды. Мяне ўразілі прыгожыя, высокія скакуны. У першы раз я села на Фаварыта – самага спрытнага і жвавага каня. Нам адразу цэлай кампаніяй прапанавалі пракаціцца ў поле, бо ўсе коннікі добра трымаліся ў сядле.
Атрымала цэлы букет уражанняў! І зразумела, што коні – маё жыццё. Без іх – аніяк. Стала ездзіць туды на трэніроўкі, балазе, і маршруткі ў Брэст рэгулярна ходзяць. Маёй любіміцай на стайні стала наравістая і хітрая кабыла па мянушцы Окі-Докі.
– А як бацькі аднесліся да твайго захаплення коньмі?
– Конны спорт – небяспечны від, і бацькі гэта разумеюць. Я некалькі разоў падала, аднак ім ніколі не скардзілася: любоў да гэтых істот пераважае над любым болем. Бацькі змірыліся і падтрымліваюць маё захапленне.
– Ты і далей займаешся ў “Лошадемании”?
– Не, мінулым летам трапіла ў конна-спартыўны клуб “Дэвайс” (гэта па дарозе на Кобрын). Туды лягчэй дабрацца, і мне спадабалася атмасфера на стайні – добразычлівая, шчырая як да вершнікаў, так і да коней. Там мяне многаму навучылі.
– Які твой любімы конь?
– На гэтай стайні многа скакуноў. Я кожны раз частую іх кавалачкамі цукру ці морквы. Асабіста мне падабаецца падхалім Павільён гановерскай пароды – за лішні кавалачак ласунка ён робіць паклоны. А трэніруюся ў асноўным на Валенсіі – яна мініяцюрная, шэрая ў яблыкі. Кабыла мае складаны характар, выдатна адчувае вершніка і пры зручным выпадку стараецца скінуць. Дасі слабіну – абавязкова патрапіш на апілкі манежа. А яна будзе стаяць побач, грызці вудзіла і паднімаць верхнюю губу, нібы смяецца-здзекуецца. Я плакала, злавалася на кабылу, на трэнера, зноў заскоквала ў сядло і пускала Валенсію ў галоп, каб браць перашкоды. Цяпер Валенсія пры-знала мяне спартсменам і не спрабуе скінуць, паслухмяна робіць тое, што ад яе патрабую. На стайні я знайшла сябровак – Арыну, Ксюшу, Алесю. Мы пасля трэніровак дапамагаем наводзіць парадак, чысцім амуніцыю, клапоцімся пра жывёл.
– Што прымушае цябе вяртацца на стайню зноў і зноў?
– Менавіта ля коней душа спакайнее. Яны выдатна разумеюць, супакойваюць. Зносіны з імі – лячэбныя. (Узгадайце, напрыклад, від лячэнння – іпатэрапію). Іх энергетыка ратуе ад стрэсу, дэпрэсіі і кепскага настрою. Гэтай зімой мы з сяброўкамі наладзілі фотасесію. Юля Курыльчык узяла фотаапарат і сабаку па мянушцы Лорд. Конь Айра і лабрадор Лорд адразу пасябравалі, і ў нас атрымаліся выдатныя фотаздымкі. А конь, дзяўчына ў вячэрняй сукенцы ў кадры – гэта заўжды прыгожа.
– Юля, мне здаецца, ты марыш мець свайго каня…
– Абсалютна правільна! Я веру, што некалі ў мяне будзе ўласны скакун. Праўда, яшчэ не вырашыла – фрызскай пароды або арабскай. Пакуль мне трэба вучыцца. А конь у мяне будзе абавязкова.
– Ну што ж, няхай твая мара збудзецца!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.