Да 100-годдзя органаў загса

IMG_2490Жабінкаўскі загс:  адкуль пайшлі яго вытокі
(1915–1944 гады)

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сёлета органы загса краіны будуць святкаваць сотыя ўгодкі з часу ўзнікнення. Адлік бярэцца ад 18 снежня 1917 года, калі быў прыняты Дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе, аб дзецях і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану”. Праўда, дзейнічаць гэты дакумент на нашых землях пачаў толькі з вясны 1940-га…

Так, гісторыя станаўлення органаў загса ў Заходняй Беларусі, і ў прыватнасці на Жабінкаўшчыне, мела свае асаблівасці.
У часы ўваходжання нашых земляў у Расійскую імперыю запісы пра народжаных, памерлых і тых, хто ўступаў у шлюб, вялі святары, якія і заносілі дадзеныя ў метрычныя кнігі, што вяліся рускаю моваю.
Першапачаткова ў архіве аддзела загса Жабінкаўскага райвыканкама меліся на захаванні метрыкі 11 праваслаўных храмаў. А менавіта – Свята-Мікалаеўскага з Азятаў, Свята-Пакроўскага з Арэпічаў, Свята-Успенскага з Булькова, Свята-Вазнясенскага з Вежкаў, Свята-Мікалаеўскага з Вялікіх Сяхновічаў, Свята-Мікіцкага са Здзітава, Свята-Уладзімірскага з Крупчыцаў (зараз – вёска Чыжэўшчына), Свята-Пакроўскага з Мышчыцаў (цяпер у гарадскіх межах), Свята-Уздзвіжанскага з Рагозна, Свята-Міхайлаўскага са Сцяпанак і Свята-Праабражэнскага з Хмелева.
У жніўні 1915 года, калі Жабінкаўшчына апынулася ў агні Першай сусветнай вайны, край фактычна абязлюдзеў: многія жыхары былі ў бежанцах ва Украіне або Расіі, некаторыя вёскі (як напрыклад, Малыя Сяхновічы) былі ўшчэнт спаленыя адступаючымі з Брэст-Літоўска расійскімі войскамі. Вядома, ніякіх запісаў грама-дзянскага стану ў такіх варунках не праводзілася.
Паводле Рыжскага міру, заключанага ў сакавіку 1921 года, нашы землі, далучаныя да Польшчы, апынуліся ў складзе Брэсцкага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў Палескага ваяводства. Насельніцтва, як і калісь пры Расійскай імперыі, было прыпісана да царкоўных прыходаў па месцы жыхарства. Да 1937 года ўключна метрыкі вяліся на дзвюх мовах – польскай і рускай, затым – выключна па-польску.
Пакуль у сярэдзіне 2015 года не адбылася перадача гэтых надзвычай каштоўных дакументаў на заўсёднае захаванне ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне, па метрыках грама-дзянам выдаваліся даведкі і паўторныя пасведчанні пра рэгістрацыю нараджэнняў, шлюбаў і смярцей. Бадай, найлепш захаваліся метрычныя кнігі па Сцяпанкаўскай царкве, з якой у фондах НГАБ дасюль маюцца метрыкі за цэлае стагоддзе – з 1843 па 1944 год (за выключэннем кніг, якія вяліся ў 1844, 1854, 1856, 1859-1860, 1865-1872, 1888, 1913-1917, 1920-1921 гадах).
Істотныя змены ў краі пачалі адбывацца восенню 1939-га, калі Заходняя Беларусь аб’ядналася з Беларускай ССР. Савецкія ўлады прызналі за сапраўдныя метрычныя запісы аб нараджэнні і смерці, а таксама шлюбы, заключаныя паводле рэлігійных абрадаў да 20 красавіка 1940 года. Яны прыраўніваліся да зарэгістраваных у загсе. З гэтага часу ўсе акты грамадзянскага стану былі перанесены на 13 сельсаветаў, утвораных восенню саракавога на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна: Азяцкі, Буснёўскі, Глыбокаўскі, Жабінкаўскі, Радваніцкі (цяпер у межах Брэсцкага раёна), Сакалоўскі, Старасельскі, Стрыганецкі, Сцяброўскі, Сцяпанкаўскі, Федзькавіцкі, Чыжэўшчынскі і Якаўчыцкі. Пры гэтым святары працягвалі весці абрады хрышчэння, вянчання, адпявання. Што цікава, часам з просьбай пахрысціць дзяцей звярталіся ў царкву нават камандзіры Чырвонай Арміі, якія не мелі магчымасці здзейсніць гэта раней на радзіме, у Савецкай Расіі, дзе антырэлігійная барацьба дасягнула свайго піку ўжо ў 20-ыя гады мінулага стагоддзя. Такія царкоўныя акты, вядома, не мелі юрыдычнай сілы ў вачах свецкіх (савецкіх) уладаў.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны нямецкая акупацыйная адміністрацыя не стала скасоўваць Жабінкаўскі раён, аднак далучыла яго землі (за выключэннем невялічкай паўночнай часткі) да рэйхскамісарыята “Украіна”. Ужо з першага дня, 22 чэрвеня 1941 года, функцыі органаў загса зноў пачалі ажыццяўляць рэлігійныя арганізацыі. Такая практыка працягвалася адносна нядоўга. 17 кастрычніка 1942 года вый-шла распараджэнне брэсцкана гебітскамісара (абласнога намесніка, кіраўніка вобласці) пра тое, што “запісы актаў грамадзянскага стану пераносяцца да Ураду грамадзянскага стану ў Жабінцы”. З гэтага часу і да дня вызвалення пасведчанні аб нараджэннях, шлюбах, смерці вяліся на адпаведных бланках выключна па-ўкраінску, а нацыянальнасць немаўлят найчасцей запісвалася як украінская. Прычына пераводу загса ў райцэнтр відавочная: акупанты стараліся схаваць свае крывавыя сляды. Справа ў тым, што ў верасні-лістападзе 1942-га ў заходніх раёнах Брэстчыны праводзілася шырокамаштабная карная аперацыя “Трохкутнік” (“Драйек”). У выніку нацысты за няпоўныя тры месяцы забілі больш за 44 тысячы чалавек, у тым ліку 1199 у Драмлёве, Жабінцы, Жыціні і Хадасах, значная колькасць мірных грамадзян былі выгнаныя на прымусовыя работы ў Германію. Гэтыя ахвяры забаранялася фіксаваць у царкоўных метрыках. Аднак некаторыя найбольш сумленныя святары ўсё ж працягвалі весці запісы, хоць яны былі вельмі няпоўнымі.
У пасляваенны перыяд рэлігійныя абрады хрышчэння, вянчання, пахавання, якія праводзілі святары да аднаўлення ў ліпені 1944 года на Жабінкаўшчыне органаў савецкай улады, былі прызнаны законнымі. Таксама як і шлюбы, заключаныя ў партызанскіх зонах і камандзірамі атрадаў. Пра адно такое гучнае партызанскае вяселле, калі ў атрадзе імя Чарнака пабраліся шлюбам Леанід і Марыя Зяленіны, дасюль згадваюць старажылы.
На здымку:
выява метрычнай кнігі
са Сцяпанкаўскай царквы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.