Незабыўныя гадзіны ў “Лебядзіным”

аквапарк

Цікава і незвычайна пачаліся для мяне вясновыя канікулы. 25 сакавіка разам з блізкімі і сябрамі пабываў у сталічным аквапарку “Лебядзіны”. Сертыфікат на дзесяць наведванняў яго атрымаў ад імя міністра адукацыі Беларусі Ігара Васільевіча Карпенкі. Транспарт для падарожжа ў Мінск нашай групе быў выдзелены аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.
У сталіцы нас сустрэў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Міхаіл Юр’евіч Філіповіч, які суправаджаў групу на працягу ўсяго дня. Курыравала паездку, сачыла за тым, каб усё адбылося своечасова, была пастаянна на сувязі з маёй матуляй Вольгай Генадзьеўнай начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Беларусі Марыя Аляксандраўна Саротнік.
Спачатку мы накіраваліся ў Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай твор-часці, дзе наведалі Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі. У ім убачылі фільм “Гарызонты атама”, пад час якога кожнаму можна было праверыць атрыманыя там веды з дапамогай інтэрактыўнай навукова-пазнаваўчай пра-грамы. Патрапілі мы і на заняткі аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка”, якое дзейнічае на базе цэнтра. Там змаглі ўбачыць, як самі дзеці ствараюць робатаў, як імі можна кіраваць. Такая магчымасць была дадзена і нам. На памяць аб наведванні цэнтра нашай групе былі ўручаны сувеніры.
На гэтым экскурсіі не скончыліся. Мы перамясціліся ў Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, дзе пазнаёміліся з выставай “Падарожжа ў экасвет” і работамі, створанымі школьнікамі з прыродных матэрыялаў.
Нарэшце, апынуліся ў аквапарку. Ля яго ўваходу міні-інтэрв’ю правяла са мною карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” Святлана Леанідаўна Нікіфарава. У “Лебядзіным” нас чакалі незабыўныя гадзіны. Уразіла плошча аквапарка, дзе можна лёгка згубіцца – настолькі вялікая. Здзівіла тэхнічная аснашчанасць: шмат інфармацыйных манітораў, якія дапамагаюць зарыентавацца тым, хто тут упершыню, прыгожая падсветка басейнаў, для малых ёсць магчымасць плаваць і адразу глядзець мультфільмы на вялікім экране і іншае. Горкі рознай вышыні, некаторыя з пяці- або сяміпавярховы дом, шмат джакузі, а ў басейнах – масажныя струмені і вадаспады, імітацыя марскіх хваляў.
Незабыўныя ўражанні пакінула наведванне грота з маланкавымі спецэфектамі. Заходзіш – і чуеш раскаты грому, і здаецца, што вось-вось пачнецца дождж. Здзівіў водны бар. Заказаць сок або кактэйль можна прама ў басейне, не выходзячы з яго. Наталі смагу – і плыві далей.
На тэрыторыі аквапарка ёсць SPA-цэнтр, дзе можна наведаць саўну, пабываць у кедравай бочцы, зрабіць масаж і пілінг рыбкамі. Клапоцяцца тут і пра бяспеку наведвальнікаў, якія пад пільнай увагай шматлікага персаналу. Для зручнасці – ліфты, камфортна і ў раздзявальнях, кабінкі ў якіх зачыняюцца і адчыняюцца з дапамогай ручнога гадзінніка. Ён выступае і ў ролі накапляльніка цэн за паслугі, за якія вы разлічваецеся, калі пакідаеце аквапарк.
Чатыры гадзіны ў “Лебядзіным” пакінулі мора пазітыўных уражанняў і эмоцый. Наша сям’я шчыра ўдзячна ўсім, хто меў дачыненне да гэтай паездкі – па-сапраўднаму казачнай і незабыўнай. Асаблівая энергетыка ад яе яшчэ доўга будзе жыць у нашых сэрцах і ўспамінах.
Данік ДАНІЛЮК, вучань 4 “Б” класа СШ № 1 г. Жабінка.
Фота Алены БАБРОВАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.