Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.
Гэты радок з верша Івана Сяргеевіча Арабейкі даў назову вечарыне, праведзенай у раённай бібліятэцы да 75-годдзя паэта. Сабралася нямала аматараў Арабейкавай паэзіі. Тут былі нядаўні выкладчык Брэсцкага дзяржуніверсітэта Уладзімір Барысюк, пісьменнікі Ярына Дашына і Расціслаў Бензярук, сябар маленства Аляксей Дошчык, члены клуба “Суразмоўнік” і вучні-старшакласнікі з першай гарадской… Вядучыя Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк падрабязна расказалі пра жыццёвы і творчы шлях лірыка з Хмелева.
Многія гаварылі пра тое, што паэт Іван Арабейка ў вершах звонка, іскрыста, чула і з замілаваннем выказаў свае запаветныя пачуцці і думкі, ухваліў красу роднай непаўторнай самабытнай зямлі, раскрыў сапраўдную існасць душы палешука.
Уладзімір Барысюк прыгадаў, як, будучы яшчэ студэнтам, набыў Арабейкаў зборнік “Асенні ранак”, а ў хуткім часе прачытаў вельмі сур’ёзную рэцэнзію свайго выкладчыка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка: “Кніга сталая па думцы і майстэрству. Яна вытрымлівае самы строгі крытычны падыход… Арабейка не паўтарыў нікога са сваіх папярэднікаў”. Прафесар не перабольшваў гэтак жа, як пасля першай кніжкі назваў трыццацігадовага зменнага майстра Брэсцкага завода газавай апаратуры “сталым, адмысловым майстрам слова і арыгінальным мастаком, які валодае творчым мысленнем”. Калеснікаву характарыстыку цалкам пацвердзіў наступны зборнік “Сказаць хачу”.
Аляксей Дошчык успамінаў, як разам ганялі ў мяч, прыдумвалі іншыя дзіцячыя гульні, таму, на яго думку, памяць вяртае паэта ў дзяцінства, каб там знайсці вытокі маральна-этычных ідэалаў. Расказаў Аляксей Раманавіч таксама, як значна пазней, калі ён працаваў ужо старшынёй калгаса “Усход”, у гаспадарцы рупіліся, каб на месцы спаленай вёскі паўстаў мемарыяльны комплекс “Драмлёва”. Пра вогненную гэтую трагедыю Іван Арабейка напісаў свой знакаміты верш.
Пастаянныя сябры клуба “Суразмоўнік” Раіса Маргевіч і Вера Вайцюк гаварылі, як многа даюць ім такія сустрэчы з паэтамі. Раіса Міхайлаўна прачытала на памяць Арабейкаў верш “Жабінка”.
Надзеямі на лепшы заўтрашні дзень жыве душа паэта. Ён змалку пачуў і ўвабраў у сябе, як запавет, на ўсё жыццё: “Не напускай у хату холаду!” Аўтар гаворыць тут не столькі пра хату, жыллё, а перш за ўсё пра ўзаемаадносіны між людзьмі.
Сам жа Іван Сяргеевіч не страціў цеплыні і дабрыні ў сэрцы, якія ахвотна аддае чытачам. Паэт Арабейка жыве сярод сваіх людзей. Ён – носьбіт думак землякоў. Заадно шчыра дзякуе тым, хто дапамог яму прытуліцца да спеўнага слова Купалы і Коласа.
Юбіляру ўручылі кветкі і падарунак. Амаль кожны выступоўца заканчваў пажаданнем паэту здароўя, а сабе – сустрэцца з Іванам Сяргеевічам праз пяць гадоў у раённай бібліятэцы, дзе ўмеюць так гасцінна сустракаць чытачоў.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%