Набліжаецца дата, якую жабінкаўцам неабходна адзначыць прыгожа, запамінальна, разнастайна, – 200-годдзе роднага горада. Пацікавілася на вуліцах райцэнтра, што жыхары Жабінкі хацелі б, каб ажыццявілася да гэтага юбілею, што жадалі б убачыць ці пачуць у рамках святкавання.
Алена Скрыпка:
– Уношу сваю прапанову: да 200-ых угодкаў Жабінкі стварыць у гарадскім парку алею, прысвечаную нашым знакамітым землякам, якія праслаўлялі Жабінкаўшчыну. Напрыклад, закласці зоркі з імёнамі Андрэя Трафімука, Юльяна Крачкоўскага, Фёдара Валасюка, Мікалая Ясінскага, Рыгора Шораха, Маркіяна Германовіча і іншых.
Ларыса Мацвяюк:
– Хочацца, каб больш хуткімі тэмпамі ішло будаўніцтва царквы ў Жабінцы – яе адкрыццё было б найлепшым падарункам гораду. Да такой шаноўнай даты таксама хацелася б, каб прывялі ў парадак увесь горад і ў першую чаргу з’езды з тратуараў. Як веласіпедыст са стажам, я вельмі незадаволена тым, што даводзіцца ўвесь час спешвацца ў тых месцах, дзе тратуар перарываецца. А калі гэтага не рабіць, то веласіпед неабходна будзе ўвесь час рамантаваць.
Таісія Баранчук:
– Пад час святкавання юбілею Жабінкі хочацца нечага новага, такога, чаго ў нас у праграме свята яшчэ не было. Напрыклад, цудоўна было б па гарадскім возеры пакатацца на катамаранах. І абавязкова трэба арганізаваць выставу-продаж сувеніраў, вырабленых маладымі інвалідамі аддзялення дзённага знаходжання для іх нашага тэрытарыяльнага цэнтра: яны ствараюць цудоўныя рэчы.
Алена Саковіч:
– Нядрэнна было б, каб больш было мерапрыемстваў для дзяцей. На Дзень горада апошнім часам прывозяць атракцыёны і батуты, але хочацца большай разнастайнасці дзіцячых забаў. Дый пра кафэ для дзетак марыць кожная мама. Няхай бы адчынілі яго да 200-ых угодкаў райцэнтра! А яшчэ нам вельмі падабаецца салют, чакаем яго таксама.
Марыя Смірнова:
– Жабінка не Масква, не Піцер і не Мінск, зразумела, што маштаб святкаванняў будзе адпаведным, Рыгора Лепса, напрыклад, не запросіш. На свяце абавязкова павінен быць салют, гэта адназначна! Ён у сто разоў лепей, чым лазернае шоу. Неабходна арганізаваць гульнёвую пляцоўку для дзяцей: і ім, і бацькам на радасць. А ўвогуле Жабінцы патрэбен новы дзіцячы яслі-сад! Дачку даводзіцца вазіць у садзік у Якаўчыцы, таму што ў гарадскіх няма месцаў.
Ірына Жукоўская з сынам Багданам:
– Здорава было б, каб да Дня нараджэння горада прыехаў лялечны тэатр, каб адчынілі дзіцячую кавярню. З таго, што ўжо было, падабаюцца выставы-продажы работ рамеснікаў, алея здароўя, выступленні нашых артыстаў. На такі значны юбілей можна запрасіць і якую-небудзь вядомую зорку эстрады.
Апытвала і фатаграфавала Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Іншыя прапановы чакаем на адрас selsk_prav@tut.by.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%