З 1 па 8 красавіка ў нашай краіне праходзіла добраахвотная рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу – 2017”. Варта адзначыць, што гэтая акцыя адбываецца ў 11-ы раз і з кожным годам яна набірае ўсё большую колькасць удзельнікаў. Напрыклад, летась выказалі жаданне пасадзіць дрэўцы ажно 81 тысяча добраахвотнікаў.
Цяпер стаяла задача высадзіць дзясяткі тысяч саджанцаў сасны, елкі, дуба, клёна, бярозы, каб аднавіць нашы лясы. Акцэнт быў зроблены на ўчастках, што пацярпелі ад разбуральнага леташняга ўрагану.
У Жабінкаўскім раёне старт акцыі далі сябры грамадскага аб’яднання “БРСМ”, якія садзілі маленькія дрэўцы ля станцыі абезжалезвання.
У суботу ініцыятыву маладых падхапілі прадстаўнікі ўлады. Працоўны дэсант у складзе старшыняў сельсаветаў на чале са старшынёй Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком і начальнікамі некаторых арганізацый раёна “высадзіўся” ля ўрочышча “Мыто”. На плошчы 0,5 га тут летась прайшоўся ўраган. Зразумела, дагэтуль тут усё акуратна прыбрана і аб бураломе нагадваюць толькі пні спілаваных дрэў і гара галін на збочыне.
Гэты ўчастак лесу дзякуючы дружным намаганням добраахвотнікаў цяпер выглядае не так сіратліва. У разорах пасаджаны бярозкі і сосны, якія, хочацца верыць, прымуцца.
– Асабіста я з задавальненнем прыняў удзел у сёлетняй акцыі, – кажа Дзяніс Шышчыц, начальнік Жабінкаўскага раёна электрасетак. – Бярозак сёння пасадзіў мо з сотню. Калі сыны крыху падрастуць, абавязкова прывязу іх сюды, пакажу татаў бярозавы гай. Дарэчы, як у той прымаўцы, дом я пабудаваў, двух дзетак маю, дрэва пасадзіў… Увогуле, вельмі здорава адчуваць, што сам у нейкай ступені можаш унесці свой уклад у захаванне і памнажэнне прыродных багаццяў роднай краіны.
Пад час акцыі былі пасаджаны лясы не толькі ў “Мыто”, але і за вёскай Баранцы, аграгарадком Хмелева. У цэлым, па краіне было адноўлена каля 8 тысяч гектараў лесу. На дапамогу леснікам прыйшлі школьнікі, студэнты, прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў. Усяго запісалася звыш 100 тысяч жадаючых, на гэтыя работы для іх было падрыхтавана звыш 900 участкаў, па-шкоджаных стыхіяй.
На здымках: Дзяніс ШЫШЧЫЦ; Анатоль КАЛЫБСКІ; працоўны дэсант у складзе старшыняў сельсаветаў на чале са старшынёй Жабінкаўскага раённага Савета дэпутатаў Анатолем Шалтанюком і начальнікамі некаторых арганізацый раёна “высадзіўся” ля ўрочышча “Мыто”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%