Слабый пол — это не про нас!

Слабый пол — это не про нас!

Усе жанчыны ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” да 8 Сакавіка, апрача віншаванняў, атрымліваюць падарункі ад прафсаюзнага камітэта, іншы раз — прэміі. Мужчыны, заўважаем, крыўдуюць: 23 лютага да іх такой увагі няма. Мы паўжартам адказваем: “слабы пол” хоць чым-небудзь ды павінен жа вылучацца!.. А калі ўсур’ёз, дык слабымі ў рабоце нас ніхто не лічыць. Жанчыны ёсць у кіраўніцтве завода, шмат іх сярод інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых, яны працуюць практычна на ўсіх участках асноўнай, а тым болей дапаможнай вытворчасці (толькі грузчыц няма, і ўжо даўно!). Нават у аддзеле галоўнага механіка, дзе спрэс мужчыны-слесары, працуе інжынерам аспірацыі (абяспыльвання вытворчых памяшканняў) жанчына, адзіная тут, Галіна Жарыкава. І спаўна спраўляецца! Як і начальнік элеватара Тамара Болдык, і начальнік участка сыравіны і гатовай прадукцыі Ларыса Волк, і начальнік вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Галіна Макарук. Маладым спецыялістам прыйшла да нас у 2002 годзе Аксана Яхалкоўская і ўжо праз некалькі гадоў узначаліла асноўны — камбікормавы — цэх. Дарэчы, свайго мужа Рамана яна “знайшла” тут, на нашым заводзе. І такіх сямейных параў некалькі.
Ёсць службы на заводзе, якія складаюцца на 99 працэнтаў з жанчын: планава-эканамічны аддзел (галоўны эканаміст Іна Гаўрысюк), бухгалтэрыя (галоўны бухгалтар Алена Касмачова). На ўсе сто жаночы калектыў вытворча-тэхналагічнай лабараторыі, дзе разам з кіраўніком Г.Макарук можна вылучыць яе ўмелую і вельмі адказную намесніцу Алену Ляшук, дый многіх іншых работніц, якія або ўжо маюць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю, або вучацца завочна, набіраюцца вопыту. Але ўжо сёння касцяк тут складаюць акурат спецыялісты з дыпломамі ВНУ; ад іх найперш залежыць якасць і сыравіны, і прадукцыі, а ў канчатковым выніку — прэстыж прадпрыемства.
Немагчыма пераацаніць працу і тых, хто займаецца рэалізацыяй камбікармоў, у тым ліку праз рознічны гандаль, сетка якога пашыраецца, ахоплівае многія куткі вобласці. З улікам гэтага ўпершыню на заводзе ў конкурс на самага лепшага ў сваёй прафесіі мы ўвялі намінацыю “найлепшы прадавец”, дакладней — прадаўшчыца, бо сярод іх няма ніводнага мужчыны. Стала пераможцай конкурсу Наталля Купрыянюк з в.Чарнаўчыцы Брэсцкага раёна, другое месца за Валерыяй Нікіцюк з мікрараёна цукровага завода, трэцяе — за Надзеяй Данілюк з в.Залуззе. Яны ўвесь сёлетні год будуць атрымліваць да месячнага заробку даплату ў 20, 15 і 10 працэнтаў адпаведна. Стымул, пагадзіцеся, немалы.
Падведзены таксама вынікі конкурсу 2010 года сярод апаратчыкаў камбікормавай вытворчасці 9-га паверха і аператараў пульта кіравання. Абедзве прафесіі зноў жа чыста “жаночыя”. Найлепшымі ў гэтых намінацыях сталі адпаведна Любоў Ярац і Таццяна Барсукова.
Даўно заслужыў павагу і калектыву завода, і насельніцтва Жабінкаўшчыны, нават Брэста і Брэсцкага раёна гандлёва-вытворчы ўчастак “Сузор’е”, дзе працуе 18 чалавек. У магазінах, за выключэннем грузчыка, жанчыны. Нямала іх і ў пякарні: сямёра. І гэта вельмі натуральна, бо чыімі ж рукамі, як не іхнімі, выпякаць хлеб, булачкі, кандытарскія вырабы, тым болей — вясельны каравай! Уся гэтая прадукцыя карыстаецца вялікім попытам, а пра каравай і казаць не даводзіцца. Па яго едуць з усіх куткоў раёна, бо не ведаю, хто яшчэ аказвае сёння такую паслугу сватам і маладым. Варта адзначыць таксама, што пякарня ў асноўным працуе ўначы, каб людзі мелі раніцай свежую, духмяную выпечку: хлеб, пірагі і г.д.
Вядома ж, пра ўсіх слаўных жанчын за адзін раз не раскажаш. Прывяду некалькі яскравых лічбаў напрыканцы. Калектыў ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” налічвае зараз 556 чалавек, і 229 з іх — жанчыны. 71 работніца мае вышэйшую адукацыю, 47 работніц — сярэднюю спецыяльную, 46 — прафесійна-тэхнічную. Паспяхова ідзе змена пакаленняў: жанчын так званага перадпенсійнага ўзросту — 18, работніц да 30 гадоў — 53. Шмат пра што сведчыць склад ветэранскай арганізацыі, даўно створанай пры заводзе. У ёй 127 чалавек, 85 з іх — жанчыны. Нездарма ўзначальвае арганізацыю таксама жанчына, былая намесніца галоўнага бухгалтара Зінаіда Фёдараўна Фёдарава. І яшчэ аднаго слаўнага чалавека не магу не назваць. Найстарэйшая сярод ветэранаў — былая служачая прадпрыемства Варвара Рыгораўна Кулік, якой сёлета споўніцца 95 гадоў. Як кажуць, ведай нашых і тут!
Т.ЧАПРАСАВА, намеснік дырэктара ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top