Урэгулявалі ўсе спрэчныя пытанні

216859-03

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка зрабіў рабочы візіт у Расійскую Федэрацыю, які адбыўся ў Санкт-Пецярбургу. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокі комплекс пытанняў развіцця двухбаковых беларуска-расійскіх адносін. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін некалькі гадзін размаўлялі ў фармаце «сам-насам» і правялі сустрэчу ў пашыраным складзе з удзелам членаў дэлегацый.
Пуцін і Лукашэнка ўрэгулявалі ўсе пытанні ў нафтагазавай сферы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
“Мы дамовіліся, што ўрэгулюем усе нашы спрэчныя пытанні ў нафтагазавай сферы. Уласна, не дамовіліся, а мы іх урэгулявалі. Дамовіліся аб тым, як і ў якія тэрміны гэта зробім. Зробім мы гэта на працягу бліжэйшых 10 дзён”, – заявіў расійскі лідар.

Паводле яго слоў, бакі таксама пацвердзілі сваё імкненне стварыць неабходныя асноватворныя правілы і ўмовы да ліпеня 2019 года па стварэнні адзінага рынку электраэнергіі. Таксама пацверджана гатоўнасць зрабіць усё для таго, каб да 1 студзеня 2018 года распрацаваць сумесныя правілы па адзіным рынку газу, а да 2024 года распрацаваць і выйсці на падпісанне міжурадавага пагаднення ў рамках ЕАЭС па адзіным рынку газу.
Беларусь і Расія дамовіліся аб сумесных дзеяннях у сферы забеспячэння бяспекі. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
“Вы бачыце, што адбываецца вакол. І мы хацелі б проста захаваць стабільнасць у Расіі і Беларусі. Ужо вельмі мала засталося ў гэтым свеце ціхіх, спакойных кропак. І мы дамовіліся аб сумесных дзеяннях па захаванні бяспекі ў нашых дзяржавах”, – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
“Мы вельмі шмат гаварылі аб бяспецы. І не толькі ў сувязі з гэтым няшчасным выпадкам (выбух у метро Санкт-Пецярбурга. – Заўвага БЕЛТА), – сказаў Прэзідэнт Беларусі. – Гэта асноўнае было пытанне. Не нафтагазавымі пытаннямі мы пачалі абмеркаванне. Мы сапраўды асноўную ўвагу ўдзялілі даўно запланаванаму пытанню бяспекі нашых дзяржаў”.
“Мы сапраўды вырашылі праблемы і па пытаннях нафтагазавага комплексу. Доўга абмяркоўвалі аграрную праблему, але дамовіліся аб тым, што яна ў нас на парадку дня Вышэйшага дзяржаўнага савета. Таксама як і пытанне па прамысловай палітыцы. І мы ў бліжэйшы час узгоднім тэрміны і прымем рашэнне па гэтых і іншых пытаннях ужо на пасяджэнні ВДС”, – заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Уладзімір Пуцін таксама адзначыў, што бакі ўдзялілі шмат часу абмеркаванню супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі. “Я папрасіў урад Расійскай Федэрацыі, каб на гэтым тыдні нашы спецыялісты выехалі ў Беларусь і прапрацавалі там з калегамі на адпаведных прадпрыемствах, адносна якіх узніклі нейкія сумненні з пункту гледжання выканання фітасанітарных норм”, – заявіў Прэзідэнт Расіі.
“Думаю, гэта тыя пытанні, якія вырашаюцца ў ходзе практычнай сумеснай работы ў тым духу, які склаўся паміж нашымі краінамі на працягу ўжо многіх гадоў пасля падпісання пагаднення аб стварэнні Саюзнай дзяржавы”, – дадаў расійскі лідар.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў палітычную падтрымку Беларусі на міжнародных пляцоўках і ў час кантактаў з лідарамі сусветных дзяржаў.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, шмат часу бакі ўдзялілі абмеркаванню праблем міжнароднага парадку дня. «Асабліва тых пытанняў, якія датычацца нас, нашых суседзяў, палітыкі Еўрасаюза. Абмяняліся думкамі аб узаемаадносінах з ЗША, як выбудоўваць гэтыя адносіны», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“На сённяшні дзень спрэчных пытанняў не засталося. Мы будзем рухацца далей, будзем умацоўваць саюзніцкія адносіны ў рамках Саюзнай дзяржавы і працаваць над умацаваннем нарматыўна-прававой базы і над развіццём Еўразійскага эканамічнага саюза”, – заявіў Уладзімір Пуцін.
Ён паведаміў, што бакі знайшлі падыходы да ўрэгулявання нафтагазавых пытанняў. Даволі шмат часу на перагаворах было ўдзелена ўзаемаадносінам у сферы фінансаў і ў канкрэтных галінах эканомікі, у тым ліку ў высокатэхналагічных сферах. Размова, у прыватнасці, ідзе аб магчымым пашырэнні сумеснай работы ў сферы космасу.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падзякаваў расійскаму лідару за тое, што, нягледзячы на падзеі, якія здарыліся, бакі знайшлі магчымасць сесці за стол перагавораў.
БелТА.

На здымку: Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у час сустрэчы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.