Больш жыцця, Жабінка!
Нядаўна ў райвыканкаме прайшла першая прэзентацыя партала які будзе прысвечаны Жабінцы. Перад зацікаўленымі асобамі яго прадстаўляў распрацоўшчык Канстанцін Варабей. Партал будзе разлічаны на тры мэтавыя групы: непасрэдна жабінкаўцаў, гасцей нашага краю і патэнцыяльных інвестараў. Плануецца гожа ў “сусветнай павуціне” рэкламаваць Жабінкаўшчыну, і цяпер стваральнікі, пакуль іх “дзіця” не накіравалася ў вольнае плаванне ў бязмежным моры інтэрнэт-інфармацыі, чакаюць падказак ад жыхароў горада і раёна, якім кантэнтам перш-наперш можна ўзбагаціць партал. З гэтым згодны і старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, заўважаючы: “Трэба напаўненне – для істотнай дапрацоўкі, каб займець дабраякасны прадукт. Інфармацыя павінна быць пазнавальнай, адпавядаць усім катэгорыям, асабліва бізнесменам, а яшчэ чакаем, што яна будзе жывой. Таму патрэбна стварыць групу па напаўненні партала інфармацыяй, неабходнай і лю-дзям, і ўладзе”.
Бярозкам і соснам – расці!
Паводле ініцыятывы Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь з 1 па 8 красавіка па ўсёй краіне праходзіць добраахвотная акцыя “Тыдзень лесу – 2017”. Яна ладзіцца ў Беларусі ўжо дзясяты раз, і з кожным годам налічвае ўсё больш удзельнікаў (летась, напрыклад, ажно 81 тысяча добраахвотнікаў унеслі свой уклад у стварэнне новых лясоў сінявокай).
Не засталася ў баку ад акцыі і Жабінкаўшчына. Так, 14 ліцэістаў-актывістаў пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ” у выхадныя аднаўлялі лес, пашкоджаны стыхіяй, што непадалёк ад станцыі абезжалезвання. Яны высадзілі 2200 маленькіх бярозак і соснаў.
Дыпломы за выканаўчае майстэрства і крэатыў
31 сакавіка дзіцячая вакальна-інструментальная група “B&G” (Boys and Girls, кіраўнік Святлана Зотава) Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў прыняла ўдзел у IV адкрытым абласным конкурсе джазавай і эстраднай музыкі “ART NOVA”, які адбыўся ў Баранавічах. Вынік – дыплом ІІ ступені. Гэта першы конкурсны выезд калектыву, першы вопыт, якія прынеслі яму поспех. Пад час падвядзення вынікаў конкурсу журы адзначыла крэатыўны падыход да выбару рэпертуару, гарманічны і сучасны знешні выгляд удзельнікаў групы.
***
2 красавіка кавер-група “БаянДай” (кіраўнік Дзяніс Бацук) гарадскога Дома культуры Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы заняла 1 месца ў міжрэгіянальным свяце-конкурсе інструментальнай музыкі “Музычны калейдаскоп”, якое адбылося ў Пружанах, у намінацыі “Лепшы акампанемент”. Салістка групы Ганна Макавецкая была адзначана журы асобным дыпломам за высокае выканаўчае майстэрства.
Сваю творчасць на “Музычным калейдаскопе” прадэманстраваў таксама эстрадна-духавы ансамбль “АЛЬТЭРА” Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнікі Васіль Палулех і Аляксандр Трацюк). За добры выканаўчы ўзровень і актыўны ўдзел у конкурсе ансамбль быў узнагаро-джаны дыпломам ІІІ ступені. Усяго ў свяце-конкурсе прынялі ўдзел 34 калектывы і 17 асобных выканаўцаў як з Брэстчыны, так і з іншых рэгіёнаў нашай краіны.
Анёл у белым халаце
“Я чалавек не малады – ідзе 79-ы год. Зразумела, здароўе падводзіць. Вось і ў мінулы аўторак адчула сябе вельмі дрэнна: ногі не слухаліся, у галаве шумела, а сэрца, здавалася, гатова было выскачыць з грудзей. Вымушана была вечарам званіць у “хуткую дапамогу”, – расказала Сцепаніда Лакатош.
З райбальніцы анёл у белым халаце прыехала ў нашу вёску Свішчы літаральна праз некалькі хвілін. Фельчар Ірына Кулагіна змерала ціск, зрабіла патрэбныя ўколы. Праз пэўны час я адчула сябе значна лепш. Думаю, дапамаглі лекі, а яшчэ – ветлівыя, чалавечыя адносіны медыка і вадзіцеля Аляксандра Ануфрыюка. Хочацца выказаць праз газету вялікі дзякуй гэтым людзям! Няхай вас Бог беражэ і дае сілы дапамагаць іншым”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%