У Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі стартаваў конкурс “Я выбіраю правільны шлях!”. Праводзіцца ён для таго, каб прывіць падлеткам здаровы лад жыцця і папярэдзіць супрацьпраўныя паводзіны. Старт яму быў дадзены 20 сакавіка, а завершыцца 1 чэрвеня.
Прыняць удзел у конкурсе могуць усе жадаючыя ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Для гэтага неабходна накіраваць да 1 чэрвеня 2017 года на электронны паштовы адрас konkurs-motivatorov2017@yandex.ru матыватар (фотаздымак, плакат, карцінку), у якім ёсць тлумачальны, матывуючы ці стымулюючы надпіс, што мае прафілактычную накіраванасць: фарміраванне законапаслухмяных паводзін і пазітыўных установак, прапаганда здаровага ладу жыцця, захаванне культуры паводзін і сямейных каштоўнасцей.
Матыватар афармляецца ў выглядзе адлюстравання з каментарыем (слоганам) у файле фармату JPEG (.ipg), памерам не больш як 2 Мб. У стварэнні матыватара могуць прымаць удзел не больш як 2 чалавекі.
Пры накіраванні работы на конкурс трэба пазначыць: яе назву, прозвішча і імя аўтара (аўтараў), узрост, нумар тэлефона, да матыватара абавязкова трэба прыкласці апісанне асноўнай ідэі.
Працы высылаюцца на бязвыплатнай аснове і не падлягаюць вяртанню. Узятыя з інтэрнэта работы да ўдзелу не дапускаюцца. Арганізатары пакідаюць за сабой права некамерцыйнага выкарыстання прысланых матыватараў, удзел у конкурсе азначае згоду аўтара на далейшае выкарыстанне яго работ без выплаты ўзнагароджання. Лепшыя з іх будуць тыражыравацца, размяшчацца ў грамадскіх месцах, а таксама выкарыстоўвацца пры правядзенні прафілактычных акцый.
Па выніках конкурсу журы вызначыць аўтараў, якія занялі 1, 2 і 3 месцы, а таксама лаўрэатаў у дзвюх узроставых групах: 6-11 і 12-18 гадоў.
Пераможцаў чакаюць прызы, якія будуць ім уручаны 16 чэрвеня ў Мінску.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%