Падарылі ўсмешкі і добры настрой

DSCN5658

У кафэ гандлёвага цэнтра “Мільённы”, што месціцца на вуліцы Савецкай у Брэсце, адбылася чарговая дабрачынная акцыя “Разам падорым усмешкі дзецям”. На гэты раз у якасці гасцей на яе былі запрошаны выхаванцы Жабінкаўскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната. Арганізавала мерапрыемства Брэсцкае грамадскае аб’яднанне дэмаграфічнай бяспекі пры падтрымцы філіяла № 100 Брэсцкага абласнога ўпраўлення ААТ “АСБ Беларусбанк”, абласнога цэнтра моладзевай творчасці і адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста.
На некалькі гадзін дзеці акунуліся ў атмасферу чароўнасці і цудаў. Педагог-арганізатар спецшколы-інтэрната Хрысціна Андрасюк і выхавальнік Алена Ніканорава, якія суправаджалі хлопчыкаў і дзяўчынак з парушэннямі зроку, прызналіся, што тыя атрымалі велізарнае задавальненне ад арганізаванага для іх свята. Дзеці гутарылі з містэрам Гру, абнімаліся з яго жоўтымі пацешнымі памочнікамі міньёнамі – героямі мультфільма “Гадкі я”, танцавалі з імі, фатаграфаваліся на памяць.
А потым выхаванцаў спецшколы-інтэрната чакалі вясёлыя спаборніцтвы, для ўдзелу ў якіх дзеці падзяліліся на дзве каманды. Яны закідвалі адзін аднаго паветранымі шарыкамі, вадзілі карагоды, праходзілі пад планкай, якая з кожным разам апускалася ўсё ніжэй. У выніку, безумоўна, перамагла дружба.
Пасля забаўляльнай праграмы стомленых, але задаволеных хлопчыкаў і дзяўчынак запрасілі за салодкі стол, каб падмацавацца. Прапаноўвалася ім, дарэчы, і піца, ад якой дзеці былі ў захапленні. Тым часам прадстаўнікі народнага тэатра-студыі “Раёк” у тэатралізаванай форме правялі для гасцей урок фінансавай пісьменнасці і паказалі пастаноўку “Малітва бедняка”.
Як адзначыла валанцёр Брэсцкага грамадскага аб’яднання дэмаграфічнай бяспекі Вольга Чайчыц, “такога роду мерапрыемствы дапамагаюць падарыць дзецям з асаблівасцямі развіцця свята, даць ім магчымасць адчуць сябе патрэбнымі і важнымі”.
На памяць пра паездку ў Брэст і ўдзел у акцыі выхаванцам Жабінкаўскай спецшколы-інтэрната ўручылі падарункі і сувеніры. Дабрачыннае мерапрыемства сапраўды падарыла дзецям усмешкі і добры настрой.
Наталля ВАЛОШКА.
Фота Хрысціны АНДРАСЮК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.