Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
У гэтай усмешлівай дзяўчынкі працоўны тыдзень распісаны амаль што па хвілінах. Вакал, музычная школа, сальфеджыа, хор, танцы, англійская мова, маляванне, дый хатнія заданні ніхто не адмяняў…
Не-не, дзяўчынцы ўсё гэта вельмі падабаецца, займаецца натхнёна і апантана. А ўсё пачалося з таго, што Надзейцы, якой было ўсяго 7 месяцаў, бабуля вырашыла праспяваць калыханку і сказала: “Унучка мае музычны слых. І гэта трэба развіваць”. Развіваць дык развіваць! Хутка ў кватэры з’явіўся салідны стос дыскаў з дзіцячымі песенькамі, пад якія дзяўчынка пускалася ў скокі. Яе, маленькую, бацькі аддалі на танцы ў цукразаводскі клуб. Сярод удзельнікаў “Цукарынкі” яна была самай юнай. Упершыню станцавала на сцэне ў трохгадовым узросце!
А ў няпоўныя чатыры яна дэбютавала як спявачка – выйшла на сцэну з мікрафонам пад час святкавання дня мікрараёна цукравараў і хораша выканала песеньку “Барбі”, якую развучыла разам з першым педагогам па вакале Андрэем Войнашам.
А ў чатыры з паловаю гады Надзейка Чэчалева аказалася ў групе спевакоў Нэлі Дукавай (яна падрыхтавала Даніка Казлова на “Еўрабачанне”), прычым салісткай. Як гаворыцца, талент не схаваеш…
У пяць гадоў бацькі сталі чатыры разы на тыдзень вазіць дачку ў Брэст, на так званую акадэмічную пастаноўку голасу. Маленькая займалася ў капэле хлопчыкаў пад кіраўніцтвам Алы Ігумнавай. Вельмі хутка ёй давялося вывучыць нотную азбуку і навучыцца спяваць па нотах.
Паралельна дзяўчынка займалася плаваннем і англійскай мовай. Бацькі толькі і паспявалі па чарзе адвозіць дачушку на секцыі і гурткі. У гэты шчыльны графік бліжэй да сямі год уключыліся адначасова тры школы: агульнаадукацыйная, музычная па класе фартэпіяна і нядзельная. Яшчэ ў пачатковых класах Надзея праявіла стойкасць і мэтанакіраванасць, паспявала танцаваць, спяваць, плаваць, развучваць гамы і новыя словы, ды яшчэ і хатнія заданні выконваць. Зразумела, тут многае залежыць ад бацькоў, якія ўсяляк падтрымліваюць і стараюцца дапамагчы развіць прыродныя таленты дачушкі.
…У свае 12 год Надзея Чэчалева шмат дзе пабывала, многае ведае і ўмее. У яе цэлы стос грамат і дыпломаў, якія яшчэ раз падкрэсліваюць, што яна таленавітая. Напрыклад, двойчы займала прызавыя месцы ў раённых алімпіядах па матэматыцы, была другой у раёне і 15-ай у вобласці па англійскай мове. А колькі песенных перамог!
Літаральна тры месяцы назад Надзея Чэчалева ў абласным адборачным туры ўвайшла ў пяцёрку прэтэндэнтаў на ўдзел у “Славянскім базары” ад Брэстчыны. Дарэчы, у рэпертуары вакалісткі каля 40 песень на шасці мовах – беларускай, украінскай, рускай, англійскай, італьянскай і французскай. А зусім нядаўна юная спявачка з Жабінкі вырашыла паўдзельнічаць у праекце “Ранішняя зорка” з Юрыем Нікалаевым. Яна адправіла відэаролік, дзе выконвае любімую песню на англійскай мове “I am changing”. Ён увайшоў у дваццатку ролікаў лепшых вакалістаў і атрымаў амаль паўтысячы “лайкаў”.
Надзейка спадзяецца, што па выніках інтэрнэт-галасавання менавіта гэтая песня стане пераможцай і ў яе з’явіцца магчымасць праспяваць ужывую ў праекце. Давайце дапаможам нашай зямлячцы! Трэба толькі зайсці на сайт “Ранішняй зоркі” з Юрыем Нікалаевым, выбраць укладку “Канкурсанты” 12-16 гадоў, затым намінацыю “Вакал”, клікнуць “падабаецца” пад відэаролікам Надзеі Чэчалевай. Інтэрнэт-галасаванне закончыцца 20 мая. Давайце ўсе разам падорым дзяўчынцы шанц на перамогу!
Надзейка ідзе па жыцці з песняй, якая прыдае ёй сілы і жаданне развівацца і самаўдасканальвацца. Яна марыць калі-небудзь праспяваць разам з Палінай Гагарынай і Ані Лорак. У бліжэйшай перспектыве – праявіць сябе ў тэлевізійным праекце “Голас. Дзеці” і ў “Новай хвалі”. Няхай мары ажыццяўляюцца! Хочацца верыць, што ў адоранай музычным талентам і неверагодна працавітай дзяўчынкі з Жабінкі ўсё атрымаецца.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%