Прапаганда здаровага ладу жыцця – першачарговая задача

i-21Алёна НІКАНЧУК.

У райвыканкаме адбыліся раённыя каардынацыйныя нарады па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі і прапаганды здаровага ладу жыцця.
Урач-эпідэміёлаг Жабінкаўскага райЦГЭ Уладзімір Лапус паведаміў, што летась у раёне былі праведзены мерапрыемствы ў рамках Сусветнай кампаніі супраць СНІДу і Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу. Надавалася належная ўвага рабоце па падрыхтоўцы і навучанні кадраў. Так, праведзены восем вучэбных семінараў па праблеме ВІЧ/СНІД, у якіх прынялі ўдзел медыцынскія работнікі, педагогі, работнікі культуры і іншыя. Урачамі Жабінкаўскай ЦРБ прачытана 12 лекцый для навучэнцаў сярэдніх школ устаноў адукацыі раёна, на якіх прысутнічалі 262 чалавекі. Для стацыянарных хворых арганізаваны гутаркі па пытаннях прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі, наркаманіі, інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам. У іх паўдзельнічалі 75 чалавек.
У раённай газеце, на інтэрнэт-старонках Жабінкаўскай раённай бальніцы, устаноў адукацыі друкуюцца артыкулы па праблеме ВІЧ-інфекцыі.
Інфармацыйныя матэрыялы на тэму вірусу імунадэфіцыту чалавека, у тым ліку пра магчымасць ананімнага абследавання, маюцца на прадпрыемствах, у арганізацыях аховы здароўя, установах адукацыі, культуры, месцах грамадскага карыстання нашага раёна. Між тым, адзначаецца недастатковы ўзровень зваротаў насельніцтва для ананімнага абследавання на ВІЧ. А гэта вельмі важна: веданне свайго імуннага статусу дапаможа своечасова пачаць змагацца з хваробай.
На добраахвотнае тэсціраванне трэба звярнуць увагу асобам, якія вяртаюцца ў Беларусь пасля працоўнай дзейнасці з суседніх краін, а таксама асобам, якія маюць беспарадкавыя палавыя сувязі, асобам без пэўнага месца жыхарства. Рэкамендуецца правесці тэсціраванне на ВІЧ парам, якія ўступаюць у шлюб.
Аб неабходнасці прыслухацца да парад урачоў гаворыць статыстыка: на 1 сакавіка бягучага года на Жабінкаўшчыне ад моманту рэгістрацыі першага выпадку ВІЧ-інфекцыі зафіксавана іх 13.
За апошні час у Брэсцкай вобласці сярод асноўных шляхоў заражэння ВІЧ-інфекцыяй вылучаюцца сексуальныя кантакты і ін’екцыйнае ўвядзенне наркотыкаў. Асноўную частку хворых складаюць асобы без пэўнага месца жыхарства і беспрацоўныя. Але ёсць сярод іх рабочыя, служачыя, педагогі, студэнты, навучэнцы, дзеці (народжаныя ад ВІЧ-інфіцыраваных маці), асобы, якія займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, а таксама з месцаў пазбаўлення волі.
Аналіз выпадкаў смерці ВІЧ-інфіцыраваных сведчыць пра тую неспрыяльную тэндэнцыю, якая склалася ў вобласці, а менавіта: паміраюць маладыя людзі працаздольнага ўзросту, што негатыўна ўплывае на дэмаграфічныя паказчыкі. Адной з галоўных прычын заўчаснай смяротнасці ВІЧ-інфіцыраваных з’яўляецца невыкананне рэкамендацый і назначэнняў урачоў, адсутнасць рашучасці развітацца са шкоднымі звычкамі (злоўжыванне алкагольнымі напоямі, цыгарэтамі і іншае), а таксама грэбаванне асновамі здаровага ладу жыцця.
НА НАРАДЗЕ па прапагандзе здаровага ладу жыцця ўрач-валеолаг Жабінкаўскай ЦРБ Ірына Астроўская паведаміла аб рэалізацыі праекта “Здаровыя грамадзяне – здаровы горад”.
Летась яго ўдзельнікі арганізавалі і правялі шэраг інфармацыйна-адукацыйных, спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне здаровага ладу жыцця ў жыхароў нашага горада. Яны праходзілі ў форме лекцый, вечароў пытанняў і адказаў, інфармацыйных гадзін, тэматычных тыдняў, конкурсаў, выстаў і мелі масавы, групавы і індывідуальны характар. Работу па прыцягненні насельніцтва да рэалізацыі праекта “Здаровыя грамадзяне – здаровы горад” трэба прадоўжыць.
Падкрэсліла Ірына Астроўская, што пры правядзенні раённых культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў неабходна выкарыстоўваць лагатып праекта, сацыяльную рэкламу з дэвізам “Жабінка – здаровы горад”.
На нарадзе адзначалася, што праект прадугледжвае не толькі правядзенне спартыўных мерапрыемстваў. Гэта і добраўпарадкаванне горада, рэалізацыя прадуктаў для здаровага харчавання ў гандлёвых кропках Жабінкі, прыцягненне жыхароў да ўдзелу ў школах здароўя пры райбальніцы, спартыўных секцыях, павышэнне цікавасці да здаровага ладу жыцця і інфармаванасці аб прафілактыцы захворванняў.
Для правядзення ацэнкі фактараў рызыкі неінфекцыйных захворванняў (узроўню фізічнай актыўнасці, якасці харчавання, узроўню інфармаванасці пра прынцыпы здаровага ладу жыцця і г. д.) будуць праводзіцца сацыялагічныя даследаванні сярод жыхароў.
Выказвалася неабходнасць таксама прадоўжыць практыку арганізацыі “алеі здароўя” ў час святкавання Дня горада, Дня моладзі, Дня абароны дзяцей, Дня сям’і і гэтак далей.
Па пытаннях, што абмяркоўваліся на нарадах, былі прыняты адпаведныя рашэнні.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.