Візіт Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан

визит
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пабываў з афіцыйным візітам у Туркменістане. Кіраўнік дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам гэтай краіны Гурбангулы Бердымухамедавым. Бакі абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, што ўяўляюць узаемны інтарэс. Па выніках перагавораў падпісаны шэраг двухбаковых дакументаў.
Лідары дзвюх краін прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане.
Прэзідэнты наведалі Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат, будаўніцтва якога было нядаўна завершана беларускім бокам. Кіраўнікі дзяржаў ва ўрачыстай абстаноўцы далі старт рабоце завода, а потым азнаёміліся з вытворчасцю.

Беларусь гатова забяспечыць Туркменістан лагістычнымі цэнтрамі для паставак у Еўропу

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у пашыраным фармаце.
«Вы можаце прадаваць сваю прадукцыю з тэрыторыі Беларусі на еўрапейскі прэміяльны рынак. Мы забяспечым вас лагістычнымі цэнтрамі, складамі, абсталяваннем – у нас вельмі бурна гэта развіваецца цяпер. Паглядзіце, што вам выгадна ў Еўропе прадаваць, шляхі мы вызначым», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт адзначыў, што такой магчымасцю ўжо скарыстаўся Кітай.
Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што многія краіны ўбачылі ў Туркменістане своеасаблівы плацдарм, адкуль можна гандляваць з вялікімі рэгіёнамі, пастаўляючы тавары ў тым ліку ў Іран, Пакістан, Індыю і арабскія краіны. «Вы ўсё зрабілі для таго, каб прыцягнуць сюды не толькі інвестыцыі, але і інтарэсы вядучых краін і кампаній з усяго свету. Гэта дзякуючы вашай ідэі па развіцці лагістыкі, транспартных калідораў», – адзначыў Прэзідэнт.

Беларусь гатова аказваць падтрымку Туркменістану ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў у ССНУ

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, значная частка пытанняў, што абмяркоўваліся, датычылася развіцця супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у прыватнасці ў адукацыі. «Партнёрства ў падрыхтоўцы туркменскіх студэнтаў у нашых ВНУ можна смела назваць узорным. Але эканоміцы патрэбны не толькі інжынеры, урачы, але і кваліфікаваныя рабочыя. І я прапанаваў Прэзідэнту і нашым туркменскім сябрам паглядзець на ўзровень прафтэхадукацыі ў Беларусі, падрыхтоўку спецыялістаў у сярэдніх спецыяльных навучальных установах. Калі будзе такі інтарэс, мы гатовы таксама аказаць тут значную падтрымку», – звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Беларусь і Туркменістан актывізуюць супрацоўніцтва ў сферы міжнародных транспартных зносін

Аб гэтым Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў заявіў на сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ пасля перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Паводле яго слоў, краіны дамовіліся паглыбляць адносіны ў сферы гандлю, у тым ліку ў паліўна-энергетычным комплексе, хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, машынабудаванні, тэкстыльнай і лёгкай прамысловасці.
Прэзідэнт Туркменістана таксама падкрэсліў, што флагманам і сімвалам беларуска-туркменскіх сувязей стала будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.

Беларусь і Туркменістан падпісалі

11 дакументаў па развіцці супрацоўніцтва ў розных сферах
Па выніках перагавораў Прэзідэнты прынялі сумесную заяву, у якой адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей. Лідары краін пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.

Быў падпісаны шэраг дакументаў аб развіцці ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі. Дагаворы аб супрацоўніцтве заключылі Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі і Туркменскі дзяржаўны інстытут эканомікі і кіравання, іншыя.
Паміж Полацкім дзяржаўным універсітэтам і Міжнародным універсітэтам нафты і газу быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве. Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт і Акадэмія навук Туркменістана падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці, адукацыі і падрыхтоўкі кадраў.
Важнымі дакументамі сталі пагадненне паміж урадамі Беларусі і Туркменістана аб супрацоўніцтве ў галіне барацьбы са злачыннасцю і праграма супрацоўніцтва ў галіне турызму паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Дзяржаўным камітэтам Туркменістана па турызме на 2017-2018 гады.
Бакі таксама падпісалі два пратаколы: аб зацвярджэнні пералікаў тавараў, якія будуць вызваляцца ад ПДВ пры пастаўках для гандлёвых дамоў; аб зацвярджэнні плана мерапрыемстваў па рэалізацыі праграмы міжурадавага супрацоўніцтва ў культуры і мастацтве на 2017-2020 гады.

Беларусь і Туркменістан пацвярджаюць гатоўнасць паглыбляць адносіны па розных напрамках

Аб гэтым гаворыцца ў прынятай па выніках перагавораў сумеснай заяве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава.
Бакі адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцей. Лідары краін пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.
Прэзідэнты падкрэслілі ўзаемнае імкненне садзейнічаць умацаванню міру і стабільнасці, устанаўленню клімату даверу і ўзаемаразумення на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.
Закранаючы далейшае пашырэнне культурна-гуманітарных сувязей, бакі пацвердзілі неабходнасць сканцэнтраваць намаганні дзвюх краін на актывізацыі прыярытэтных напрамкаў узаемадзеяння ў сферы навукі, тэхналогій і тэхнікі, адукацыі.
Кіраўнікі дзяржаў высока ацанілі адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната па выпуску калійных угнаенняў, а таксама віталі ўрачыстае адкрыццё новага комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане, што з’яўляецца пацвярджэннем доўгатэрміновага партнёрства паміж краінамі.

У Беларусі даражаць праверанай часам дружбай з туркменскім народам

Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што менш як год таму ў Мінску расчыніў дзверы новы будынак дыпламатычнай місіі Туркменістана. Паказальна, што тады кіраўнікі дзяржаў таксама палічылі абавязковым асабіста прыняць удзел ва ўрачыстай цырымоніі.
За гады незалежнасці паміж дзвюма дзяржавамі былі наладжаны моцныя і эфектыўныя сувязі ва ўсіх сферах. «Яны заснаваны на прынцыпах узаемнай павагі і даверу. Паспяховая рэалізацыя грандыёзнага сумеснага праекта – будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната, буйнейшай у Цэнтральнай Азіі высокатэхналагічнай вытворчасці калійных угнаенняў, – з’яўляецца таму
пацвярджэннем», – звярнуў увагу беларускі лідар.

Туркменістан павінен стаць флагманам калійнай вытворчасці ў Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната.
«Разам мы рэалізавалі грандыёзны праект, які прынёс адчувальную карысць нашым народам. Жадаю вам, каб вы ажыццявілі свае планы па будаўніцтве яшчэ двух такіх комплексаў і каб Туркменістан стаў флагманам калійнай вытворчасці ва ўсім Цэнтральна-Азіяцкім рэгіёне», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Новая галіна горна-хімічнай прамысловасці магутнасцю да 1,5 млн т прадукцыі ў год была створана ў Туркменістане фактычна з нуля.
У сваю чаргу Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў важнасць такой вытворчасці для краіны. Паколькі з уводам у строй камбіната ў краіне фактычна запушчана новая і перспектыўная галіна горна-хімічнай прамысловасці. Паводле яго слоў, прадукцыя, што выпускаецца камбінатам, закрые ўнутраныя патрэбы Туркменістана і будзе экспартавацца.
Гарлыкскае радовішча калійных солей размешчана на паўночным усходзе Туркменістана. Яго разведка была выканана яшчэ ў 1964-1966 гадах. Аднак тады Савецкі Саюз не валодаў неабходнымі тэхналогіямі для будаўніцтва маштабнай вытворчасці.

Будаўніцтва Гарлыкскага ГАК задало тэмп у рэалізацыі такіх праектаў у рэгіёне

Будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната задало новы хуткасны рэжым у рэалізацыі такіх праектаў на постсавецкай прасторы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі адкрыцця вытворчасці.
Фактычна за пяць гадоў быў прой-дзены шлях ад геалагічных пошукаў да выпуску першай партыі ўгнаенняў. «Удалося захаваць аптымальны кошт будаўніцтва, беспрэцэдэнтны для такіх аб’ектаў, і не страціць як у якасці, так і ў тэмпе», – звярнуў увагу Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што першую партыю прадукцыі Туркменістан накіраваў у суседні Афганістан.

Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат афіцыйна пачаў работу

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў ва ўрачыстай абстаноўцы перарэзалі стужку і націснулі сімвалічную кнопку запуску работ.
Кіраўнікі дзяржаў азнаёміліся з прадпрыемствам і яго вытворчымі магчымасцямі, а затым пакінулі запісы ў Кнізе ганаровых гасцей камбіната.
БелТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.