Вадзім Т. сустрэў у горадзе знаёмага. Не, яны ніколі не былі ў блізкіх адносінах: Вадзім нават не ведаў ягонага прозвішча, толькі імя – Міхаіл. Той купіў пляшку гарэлкі і прапаноўваў яе распіць. Вадзім падумаў і згадзіўся. Ён паклікаў пайсці ў госці да свайго дружбака Сашкі, які жыў у суседнім доме. Яго таксама Міхаіл не ведаў і засумняваўся, ці прыме іх Аляксандр К.
– З такім “прадуктам” нас у любым доме прымуць! – стрэліўшы вачамі на пляшку, заявіў Вадзім.
І праўда, Аляксандр не толькі прыняў гасцей, але знайшлося і чым закусіць. Хлопцы прымасціліся на балконе і сталі выпіваць, адначасова абмяркоўваючы надзённыя праблемы. Адной пляшкі аказалася мала. Не паспелі яны рассмакаваць напой, а ўжо і дно відаць. Тады Міхаіл схадзіў у магазін і прынёс яшчэ дзве бутэлькі.
– Вось гэта па-нашаму! – пахваліў яго Вадзім. – Трэба, каб кожнаму пляшка была!
“Расслабляліся” на Аляксандравым балконе, пілі досыць многа і доўга. Першым, хто зразумеў, што трэба “закругляцца”, быў Міхаіл. Ён развітаўся з новымі сябрукамі і пайшоў, а тыя засталіся дапіваць. Кулялі шклянку за шклянкай, гаманілі, спрачаліся, але да бойкі пакуль не даходзіла. Усё пачалося пасля 17 гадзін, калі Аляксандр стаў выганяць госця, які яўна засядзеўся ў яго.
Гэта вельмі раззлавала Вадзіма, і ён некалькі разоў стукнуў гаспадара. Той пакінуў балкон, а госць за ім. Штурхалі адзін аднаго. Аляксандр, мусіць, зразумеў, што так проста ім не расстацца, і паклікаў Вадзіма яшчэ за стол.
А вось другі раз, як гаспадар папрасіў пакінуць кватэру, узнікла бойка. Тым болей, што ўваходныя дзверы аказаліся замкнёныя, а ключа ніяк не маглі знайсці. Тут ужо Вадзім “прыклаўся” па поўнай і адступіўся толькі тады, як Аляксандр страціў прытомнасць.
Баючыся за яго жыццё, Вадзім Т. вырашыў саскочыць з балкона (балазе, быў першы паверх), каб выклікаць “хуткую дапамогу”. Але, пералазячы, зачапіўся, упаў на зямлю і таксама страціў прытомнасць. Калі ачуняў, папрасіў першага, хто трапіўся на вочы, выклікаць “хуткую”, бо ў кватэры № 3 памірае чалавек.
Не, Аляксандр К. не памёр, але, атрымаўшы закрытую чэрапна-мазгавую траўму, разбіты падбародак, пералом сёмага рабра і іншыя цялесныя пашкоджанні, мусіў лячыцца.
Раённы суд прызнаў Вадзіма Т. вінаватым у наўмысным прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, небяспечных для жыцця чалавека. Гэтае злачынства падпадае пад частку 1 артыкула 147 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Згодна з ім, абвінавачанаму назначана пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін у тры гады без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы адкрытага тыпу. Апроч таго, з Вадзіма Т. спагнана ў бюджэт раёна 89 рублёў і 4 капейкі за аказанне юрыдычнай дапамогі.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%