Санітарную культуру трэба павышаць

мусор 2

Санітарная культура – сукупнасць спецыфічных формаў чалавечай дзейнасці, накіраваных на захаванне здароўя, папярэджанне распаўсюджвання хвароб, падтрыманне жыццяздольнасці папуляцыі, якая сфарміравалася на аснове паступовага назапашвання функцыянальна карысных нормаў і каштоўнасцяў і замацавалася ў практыцы і свядомасці людзей. Яна ўплывае на стыль жыцця чалавека, яго мысленне, вераванне, характар, правілы і нормы паводзін, звычаі, што забяспечвае спрыяльны для здароўя рэжым (умовы пражывання і бяспечныя віды дзейнасці). Фарміруецца санітарная культура шляхам абагульнення вопыту многіх пакаленняў у выніку матэрыяльнай, духоўнай дзейнасці ўсіх класаў, груп і асоб, з якіх складаецца грамадства. Яна з’яўляецца састаўной часткай агульнай культуры чалавецтва.
На мой погляд, шэраг праблем са здароўем у насельніцтва, яго санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт звязаны з недастатковай агульнай культурай і, у прыватнасці, з санітарнай.
За прыкладамі далёка хадзіць не трэба: асобныя грамадзяне ігнаруюць патрабаванні паасобнага збору адходаў, добраўпарадкавання і санітарнай ачысткі дваровых тэрыторый і прыватных домаўладанняў, утрымання хатніх жывёл, захавання здаровага ладу жыцця, адказных адносін да свайго здароўя: кураць, злоўжываюць спіртнымі напоямі, псіхаактыўнымі рэчывамі, што з’яўляецца адной з галоўных прычын сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў і заўчаснай смяротнасці.
Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што дома і ў школе не заўсёды надаецца належная ўвага пытанням захавання асабістай гігіены дзяцей, выхаванню ў іх звычкі мыць рукі перад ежай і пасля наведвання туалета і ўжываць садавіну, папярэдне яе памыўшы. А дарослае насельніцтва часам не звяртае ўвагі пры пакупцы прадуктаў на ўмовы і тэрміны іх захоўвання, таварнае суседства, тэхналогію прыгатавання. Ігнаруюцца папярэджанні пра недапушчальнасць куплі прадуктаў у месцах несанкцыянаванага гандлю, дзе не забяспечваецца бяспека прадуктаў.
Як правіла, несанкцыянаваны гандаль ажыццяўляецца ў непрыстасаваных месцах, на тратуарах, аўтапаркоўках, з машын, забруджанай тары, не выконваюцца ўмовы і тэрміны захоўвання, таварнае суседства (магчымы кантакт сырой і гатовай прадукцыі). Адсутнічае неабходная інфармацыя пра рэалізуемую прадукцыю, у прадаўцоў няма асабістых медыцынскіх даведак (г. зн. прадаўцы могуць быць носьбітамі сухотаў, гепатыту А, вострых кішачных інфекцый і г. д.).
Неаднаразова асвятляліся ў раённым друку і служылі прычынамі зваротаў у органы ўлады і адпаведныя ўстановы факты наяўнасці ў нашым горадзе і сельскай мясцовасці безнаглядных жывёл, якія з’яўляюцца крыніцамі заразных скураных захворванняў, а таксама ствараюць пагрозу распаўсюджванню шаленства. Асобныя прыдамовыя тэрыторыі шматкватэрных жылых дамоў, дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі з пясочніцамі забруджаны выдзяленнямі як безнаглядных, так і хатніх сабак і катоў, што з’яўляецца прычынай паразітарных захворванняў у дзяцей, забруджваюцца і падвальныя памяшканні.
Для фарміравання і павышэння ў насельніцтва санітарнай культуры неабходны сумесныя дзеянні органаў і ўстаноў аховы здароўя, адукацыі, культуры і іншых. Укараненне асноўных элементаў гігіенічных паводзін, усведамленне неабходнасці выконваць нормы і правілы здаровага ладу жыцця, своечасовы зварот па дапамогу да ўрачоў і строгае выкананне іх прадпісанняў, неабходных санітарна-эпідэміялагічных мер для дасягнення найбольш высокага ўзроўню індывідуальнага і грамадскага здароўя павінны ўваходзіць у сістэму дашкольнага і школьнага выхавання, адлюстроўвацца ў сістэме санітарнай асветы.
Уладзімір ЛАПУС, урач-гігіеніст Жабінкаўскага райЦГЭ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*