Автошкола «Автостарт» приглашает

Автошкола «Автостарт» приглашает

Прыватная ўстанова адукацыі “Аўтастарт” існуе ў Жабінцы чацвёрты год, але ўжо амаль тысяча чалавек паспела адвучыцца ў гэтай аўташколе і атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на кіраванне легкавым аўтамабілем. Дырэктар установы Мікалай Аркадзьевіч Коршун узначальвае яе са студзеня мінулага года. Працаваў супрацоўнікам дзяржаўтаінспекцыі, намеснікам дырэктара па вучэбнай часці навучальнага цэнтра “Большая медведица” ў Брэсце. Сёння ён наш суразмоўнік.
— Мікалай Аркадзьевіч, у “Аўтастарце” ідзе навучанне вадзіцеляў катэгорыі “В”. Ці плануецца ў перспектыве падрыхтоўка іншых катэгорый?
— Пакуль, лічу, у гэтым няма неабходнасці, сёлета дакладна што не. Брэст недалёка, Пелішча, дзе ў аўташколах можна атрымаць любую катэгорыю. Ёсць задумка выкупіць у раённага таварыства аўтааматараў аўтадром і на яго тэрыторыі пабудаваць сваю аўташколу. Сучасную. Цяпер жа мы арандуем памяшканне ў ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка”. Вучэбны клас абсталяваны належным чынам. Ёсць камп’ютары. Пасля змяненняў, якія былі ўнесены ў Правілы дарожнага руху, пайшлі, можна сказаць, у нагу з часам, заказалі ў адной са сталічных фірмаў абноўленую камп’ютарную праграму для навучання вадзіцеляў, устанавілі яе ў сябе.
— Раскажыце, калі ласка, як набіраюцца групы. Дастаткова жадаючых ці наадварот? Наогул, думаю, цікава будзе многім даведацца і пра цану за “запаветныя правы”, і пра тэрміны навучання.
— У нашай аўташколе створана тры групы, па 30 чалавек у кожнай. 2 — вячэрнія і адна — выхаднога дня. На сённяшні дзень усе яны поўнасцю ўкамплектаваны. У сярэднім атрымліваецца, што кожны месяц фарміруецца новая група. Цяпер, напрыклад, набіраецца выхаднога дня. Ажыятажу з запісам на навучанне ў нас няма, але жадаючых не меншае, на май ужо групы ўкамплектаваны. Што ж, напэўна мы жывём някепска, калі амаль у кожнай сям’і ёсць аўтамабіль, а то й не адзін. Гэта добра, што ён ужо не раскоша, а сродак перамяшчэння.
Навучанне ў аўташколе доўжыцца 3,5 месяца. За гэты час нашы курсанты павінны “адолець” і тэарэтычны курс, і практычны. Кошт за вучобу складае 1.000.010 рублёў без уліку паліва. У дагаворы абгаворваем, што 50% гэтай сумы павінна быць унесена да першых заняткаў, астатняя частка пагашаецца згодна з жаданнем курсанта да моманту заканчэння тэарэтычнага навучання. За паліва плацяць, калі пачынаецца ваджэнне.
— Мікалай Аркадзьевіч, думаю, што гэта не будзе канфідэнцыяльнай інфармацыяй, калі спытаюся колькі працэнтаў вашых курсантаў атрымліваюць вадзіцельскае пасведчанне ў ДАІ з першага разу.
— Ад 82 да 95 працэнтаў. Звычайна чалавек 8 з групы не здаюць. Але заўважу, што ёсць такія групы, дзе амаль усе вытрымліваюць экзамен з першага заходу.
— Колькі слоў пра тэхнічнае забеспячэнне. Якія машыны ёсць у аўташколе? Ці не зусім дабітыя?
— Парк у нас разнастайны. Чатыры аўтамашыны. Самая новая ДЭУ “Маціз” 2010 года выпуску, Пежо-306 —1997-га, Фальксваген “Гольф-3” — 1995-га, Опель “Амега” — найстарэйшая, але дзякуючы намаганням інструктара, які дасканала ведае сваю справу, пастаянна знаходзіцца на хаду.
Кожны курсант выбірае сабе машыну для вучэбнай язды. Звычайна абапіраюцца на тое, якое аўто стаіць дома ў гаражы, ці якое збіраецца купляць. Безумоўна, калі ў чалавека ёсць “Джып”, мы не зможам яго навучаць на машыне такога класу. Важна адно: зразумець механізм кіравання аўтамабілем. І ў рэшце рэшт тады ўжо не так і важна, якіх ён габарытаў, які аб’ём рухавіка.
— Ці могуць у вашай аўташколе дапамагчы ў наступнай сітуацыі? Напрыклад, у мяне ёсць вадзіцельскае пасведчанне. Аднак за руль даўно не даводзілася садзіцца. Натуральна — няма навыкаў ваджэння…
— Безумоўна. Заключаем з вамі дагавор і вы практыкуецеся такую колькасць гадзін, якую пажадаеце, ці то будзе на гарадскіх вуліцах, ці на аўтадроме, скажам, паркоўкі, заезд “на горку”, “у гараж” і іншыя практыкаванні.
— Давайце, Мікалай Аркадзьевіч, перавядзём размову на ўнутраныя справы вашага маленькага калектыву.
— З першага дня існавання аўташколы працуюць сакратар-метадыст Вольга Мікалаеўна Бартэль, майстар вытворчага навучання Мікалай Аляксеевіч Гапанюк. Умела і кваліфікавана праводзіць заняткі выкладчык тэарэтычнага курса Сяргей Сяргеевіч Пальчук. Любую праблему пастараецца аператыўна вырашыць, а таксама дакладна арганізаваць работу калег старшы майстар вытворчага навучання Юрый Аляксеевіч Сазонаў. Нядаўна прыйшоў у калектыў новы майстар вытворчага навучання Раман Генадзьевіч Краўчук. Калі б узялі яшчэ аднаго, маглі б сфарміраваць яшчэ адну групу. Такая ідэя ёсць у планах.
— А наогул хто можа быць майстрам вытворчага навучання? Якія крытэрыі вы прад’яўляеце да гэтага спецыяліста? Напэўна, не кожны вадзіцель, нават з вялікім стажам задаволіць наймальніка?
— Я не буду шмат тлумачыць, якая вялікая адказнасць кладзецца на гэтага работніка. Асноўнае патрабаванне: сярэдне-спецыяльная ці вышэйшая адукацыя, вадзіцельскі стаж не менш, чым тры гады. Але сапраўды, не кожнаму дадзена навучаць іншых, і не ва ўсіх гэта атрымліваецца. Тут трэба мець і нейкія педагагічныя вартасці. А ў прынцыпе, у “Аўтастарце” мы гатовыя разгледзець вашы прапановы ў працаўладкаванні.
Гутарыла С.ВІШНЕЎСКАЯ.
На здымках: дырэктар “Аўтастарта” Мікалай Аркадзьевіч Коршун; сакратар-метадыст Вольга Мікалаеўна Бартэль; майстры вытворчага навучання Мікалай Аляксеевіч Гапанюк і Юрый Аляксеевіч Сазонаў.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 2%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top