кх“Калектыў” жабінкаўскіх
“калектараў” у справе

Нагадаем, калектарамі называюць асобаў, якія патрабуюць у даўжнікоў вярнуць пратэрмінаваныя некаму пазыкі. На жаль, як пра тое нярэдка згадваецца ў расійскіх крымінальных навінах, дзейнасць калектараў часам пераступае рысу законнасці, калі ў дачыненні да тых, хто завінаваціўся, яны прымяняюць фізічныя меры ўздзеяння. Здаецца, дзе Расія, а дзе мы. Але ж і ў Жабінцы, як высветліла следства, знайшліся свае “калектары”. Нехта Г. і Ж. надвячоркам завіталі ў “госці” да жабінкаўца, каб атрымаць 40 рублёў, якія яму пазычыла раней сужыцелька аднаго з “гасцей”. “Размова” атрымалася доўгай і больш нагадвала збіццё кулакамі ды нагамі. Калі а пятай гадзіне раніцы ўжо наступнага дня “калектары” зыходзілі, пакінулі пацярпелага ў цяжкім стане: з закрытым пераломам левай часткі ніжняй сківіцы, шматлікімі выцятымі месцамі на тулаве, галаве ды канечнасцях. Пры гэтым прыхапілі з сабою не толькі 46 рублёў, але й мабільны тэлефон і срэбны ланцужок яшчэ на 250 рублёў. Цяпер за сваю незаконную справу жабінкаўскіх “калектараў” чакае вельмі канкрэтная судовая справа, узбуджаная паводле часткі 3 артыкула 384 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Не толькі “калектар”…
Яшчэ й “блогер”!

Прычым, супраць аднаго з удзельнікаў справы, пра якую ішла размова вышэй, праз тыдзень была ўзбуджана новая – на гэты раз на падставе часткі 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса. Сутнасць гэтай справы ў тым, што грамадзянін Ж. восенню і зімой мінулага года, знаходзячыся па месцы свайго жыхарства ў Жабінцы, з дапамогай інтэрнэта распаўсюджваў парнаграфічныя матэрыялы. Дзеля гэтага Ж. выставіў на сваёй асабістай старонцы “У кантакце” тры відэаролікі. Ужо нават назвы гэтага “відэамастацтва” сведчылі пра ягоны брыдкі змест, а паколькі порна было выстаўлена для агульнага прагляду, тую “клубнічку” маглі бачыць нават непаўналетнія.

Калі знікаюць молдзінгі

Ці мог уявіць гаспадар “БМВ”, пакідаючы на ноч сваё аўто, што раніцай не далічыцца некаторых рэчаў. У прыватнасці, пад покрывам ночы невядомы зламыснік зняў з іншамаркі, прыпаркаванай паміж дамамі на перакрыжаванні вуліц Францыска Скарыны і Моладзевай, два молдзінгі, усталяваныя на парогах аўтамабіля з левага і правага бакоў. Кіроўцу была нанесена шкода ў памеры амаль 500 рублёў. Высвятляць, хто ж для ўласнага цюнінга прыхапіў чужыя молдзінгі, давядзецца ўжо праваахоўнікам.

Не такі ўжо ён мабільны, гэты злодзей

Змест часткі 2 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса, паводле якога судом выносяцца пакаранні зламыснікам, заўважаным на крадзяжы, цудоўна вядомы Вадзіму З. Амаль два гады таму ён быў асуджаны за падобны ўчынак, аднак, як аказалася, урок не пайшоў на карысць. Як жа інакш думаць, калі ўжо сёлета ён зноў адважыўся на тое, каб узяць чужое. Прынамсі, знаходзячыся ў доме на вуліцы Цітова, што ў райцэнтры, Вадзім скраў мабільны тэлефон “Самсунг Гэлаксі”. Кошт ягонай здабычы і адпаведна матэрыяльнай шкоды, прычыненай пацярпелай, – 600 рублёў. Хоць і спрабаваў зламыснік зрабіць усё як мага больш таямніча, ды, відаць, не такім ужо мабільным сам аказаўся, бо хутка ягонае імя і справы сталі вядомы супрацоўнікам міліцыі.

Хто не адзначаецца –
з законам прыпіраецца…

Улетку 2014-га Васіль Н. судом нашага раёна быў пазбаўлены волі на тры гады. Аднак патрапіў пад дзеянне закона “Аб амністыі…” і восенню 2015-га тэрмін пакарання быў скарочаны яму на два гады. Летась, 23 лютага, у адносінах да Васіля судом усталяваны прэвентыўны нагляд. Ад яго патрабавалася ў абавязковым парадку паведамляць у органы ўнутраных спраў аб перамене месца працы, жыхарства. Калі даводзіцца выязджаць за межы раёна па службовых або асабістых справах – дык толькі са згоды праваахоўнікаў. Не менш важна было штотыднёва прыходзіць у РАУС для рэгістрацыі і ні ў якім разе не наведваць месцы, дзе дазволена ўжываць алкагольныя напоі (такія, як бары, кафэ, рэстараны), з мэтай іх ужывання. Нарэшце Васілю прадпісвалася не пакідаць месца свайго жыхарства з 22 гадзін вечара да 6 гадзін раніцы наступнага дня. Аднак гэтыя ўмовы Н. пачаў парушаць ужо з лета 2016 года. Вынік, на жаль, прадказальны. Супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага артыкулам 421 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік Жабінкаўскага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.