Алёна НІКАНЧУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
У ГДК адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны 30-годдзю з дня ўтварэння Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. На ім прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады, пярвічных ветэранскіх арганізацый Жабінкаўшчыны, кіраўнікі прадпрыемстваў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы раёна.
Першым слова трымаў старшыня Жабінкаўскага раённага савета ветэранаў Анатоль Старыцкі, які на гэтай пасадзе толькі год. Анатоль Аляксандравіч нагадаў прысутным гісторыю ўзнікнення ветэранскай арганізацыі ў нашым раёне, успомніў тых, хто стаяў ля вытокаў і ўдзельнічаў у яе станаўленні. У маі 1985 года была створана арганізацыя ветэранаў вайны – папярэдніца цяперашняй. На той момант у яе ўваходзілі больш за 1200 былых франтавікоў, партызан і падпольшчыкаў, што пражывалі на тэрыторыі нашага раёна. Узначаліў савет ветэранаў Пётр Чаргінец.
У той час у краіне існавала шматколькасная армія ветэранаў працы, тых, хто дзесяцігоддзямі рупіўся на заводах і фабрыках, будоўлях, палях і фермах, узнаўляў разбураную пасляваенную народную гаспадарку. Пагэтаму наспела неабходнасць аб’яднання ветэранаў вайны і працы ў адзіную арганізацыю. Спачатку ў снежні 1986 года ўтварылася Усесаюзная арганізацыя ветэранаў вайны і працы, пазней – рэспубліканскія, абласныя, гарадскія і раённыя. На Жабінкаўшчыне такая арганізацыя ўзнікла 18 лютага 1987 года. Старшынёй савета ветэранаў быў абраны Уладзімір Элькснін. Тады ж у раёне з’явіліся 16 пярвічных арганізацый, якія налічвалі больш за 4 тысячы сваіх прадстаўнікоў. Іх ядро склалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны. З цягам часу на Жабінкаўшчыне ўтвараліся новыя пярвічкі, мяняўся кіраўніцкі склад раённага савета ветэранаў. Так, з сакавіка 1988 года па сакавік 1989-га яго старшынёй быў Яўстафій Наліўка, а пасля на працягу 27 гадоў да сакавіка мінулага года – Васіль Шышчыц.
Анатоль Аляксандравіч узгадаў імёны тых, хто доўгія гады прымаў і прымае самы актыўны ўдзел у рабоце пярвічак. Гэта У.У. Клімушка, Д.А. Кавалевіч, В.Я. Селязнёў, В.К. Кірычэнка, Г.П. Давыдоўская, Н.С. Лашкевіч, К.Л. Івашчанка, С.Р. Касьян, У.Х. Саўчук, Б.Б. Кавальчук, В.С. Валасюк, В.Г. Давідчык, М.Д. Шубскі, Р.В. Сянчук, Г.М. Адамік, В.М. Гар-
дзейчык, В.П. Мандрэнка і іншыя. На жаль, многіх ужо няма, але памяць пра іх жывая.
Ён падкрэсліў, што сёння на Жабінкаўшчыне дзейнічае 30 пярвічных ветэранскіх арганізацый. У шэрагах раённай структуры грамадскага аб’яднання 5612 чалавек, у тым ліку 19 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Анатоль Старыцкі спыніўся на той рабоце, якая вядзецца ветэранскай арганізацыяй раёна, у тым ліку сумесна з органамі мясцовай улады, грамадскімі арганізацыямі, працоўнымі калектывамі: забеспячэнне сацыяльнай абароны ветэранаў і пенсіянераў, адзінокіх пажылых людзей, абследаванне іх жыллёва-бытавых умоў, падтрыманне ў належным стане помнікаў баявой славы, месцаў пахавання абаронцаў Айчыны і іншыя.
Ветэраны Жабінкаўшчыны прымаюць актыўны ўдзел у найбольш значных грамадска-палітычных кампаніях, у першую чаргу ў прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, святкаванні дзяржаўных святаў, праводзінах маладых людзей у шэрагі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, ва ўрачыстым уручэнні білетаў сябрам ГА “БРСМ”, прыёме ў піянеры і многіх іншых. Яны падарожнічаюць, ездзяць на экскурсіі і канцэрты.
Анатоль Аляксандравіч падзякаваў за ўсебаковую дапамогу органам мясцовай улады, кіраўнікам працоўных калектываў, прафсаюзных арганізацый, ГА “БРСМ” і ўручыў узнагароды: ад Брэсцкага абласнога савета ветэранаў – нагрудны знак “Ганаровы ветэран” і пасведчанне да яго ўдзельніцы тылу Ганне Давыдоўскай, Ганаровую грамату – старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі Жабінкаўскай ПМК-10 Ірыне Маёравай. Шэраг кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна атрымалі падзякі ад Жабінкаўскай раённай арганізацыі ветэранаў за клопат аб людзях шаноўнага ўзросту, падтрымку арганізацыі і ў сувязі з юбілейнай датай.
Са словамі віншавання звярнуўся да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. Ён адзначыў, што ветэраны заўсёды былі і будуць для ўсіх прыкладам мужнасці, самаадданай працы, вернасці справе, неабыякавасці і патрыятызму, таму клопат пра іх – наш святы абавязак. Анатоль Вітальевіч падзякаваў за тую работу, якая праводзіцца ў раёне ветэранскім актывам ГА, за ўдзел у грамадска-палітычных кампаніях, патрыятычных акцыях і мерапрыемствах. Ён уручыў Анатолю Старыцкаму сертыфікат на набыццё ноўтбука, а таксама ўзнагароды. Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў атрымаў былы старшыня раённага савета ветэранаў Васіль Шышчыц, Ганаровую грамату раённага выканаўчага камітэта – кіраўнік раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Аляксандр Яўстратаў. Лісты падзякі раённага выканаўчага камітэта былі ўручаны ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміру Саўчуку, старшыням пярвічак Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Віталю Гар-дзейчыку і Азяцкага сельсавета Валянціне Федзюковіч.
Падымаліся ў той дзень на сцэну і віншавалі арганізацыю-юбілярку старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская (з яе рук граматы ад аб’яднання атрымалі былы старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі СВК “Шпіталі” Рыгор Сянчук і адказны сакратар раённай арганізацыі ветэранаў Валянціна Качко); старшыня пярвічкі Жабінкаўскай ПМК-10
Ірына Маёрава, якая расказала пра тую работу, што вя-дзецца з ветэранамі прадпрыемства; старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан (падзялілася вопытам работы з ветэранамі-педагогамі і ўручыла ад галіновага прафсаюза граматы старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Тамары Барысюк, ветэрану педагагічнай працы Раісе Маргевіч і ветэрану працы галіны Святлане Атапковай); дырэктар Жабінкаўскага камбікормавага завода Васіль Волк (уручыў Ганаровыя граматы ад прадпрыемства старшыні пярвічкі камбікормавага завода Зінаідзе Фёдаравай і ветэрану працы Надзеі Гутар); старшыня СВК “Рагазнянскі” Аляксандр Семянюк падарыў раённай ветэранскай арганізацыі факс. Словы-віншаванні ў адрас грамадскага аб’яднання гучалі і ад прадстаўнікоў маладога пакалення – навучэнцаў гарадскога ліцэя.
Пад час урачыстасці прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць тых, хто стаяў ля вытокаў ветэранскага руху, хто змагаўся за незалежнасць краіны ў гады Вялікай Айчыннай вайны і каго сёння няма побач з намі. Таксама быў ускладзены вянок да помніка загінулым воінам і партызанам. Гэтую місію выканалі Васіль Шышчыц і Аляксандр Яўстратаў.
Музычныя і танцавальныя падарункі на свяце дарылі Аксана Пракошына, Галіна Міцковіч і Аляксандр Чарнушыч, Надзея Чэчалева, Аляксандра Скарына, узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”, салістка ансамбля Наталля Волк, танцавальны калектыў Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў, народны хор ветэранаў “Тонус”. Завяршылася мерапрыемства ўсеагульным выкананнем песні “Я люблю цябе, жыццё”, якая пацвердзіла, што менавіта з такім дэвізам, нягледзячы ні на што, крочаць па ім нашы ветэраны.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%