Івану Арабейку – 75

Найбольш зямны

***

arabeika2Цаню спакой і цішыню.
У вёсцы болей сонца, неба.
Ля печы сядзеш, ля агню, –
Ніякіх скарбаў і не трэба.

Не думайце, што я астыў,
Што крах, закончана дарога.
Манаха кліча манастыр,
А мне вось тут бліжэй да Бога.

Першаму беларускаму паэту, якога нарадзіла жабінкаўская зямля, 26 сакавіка споўнілася тры чвэрці веку. Іван Сяргеевіч Арабейка ўбачыў свет у ваенным 42-ім годзе ў Хмелеве.
Дзіця вёскі, ён змалку ўбіраў у сябе яе філасофію, атрымаўшы, “як запавет на ўсё жыццё: не напускай у хату холаду” ці радасць ад людской еднасці: “як гэта многа – жыць, любіць, з прахожым першым паздароўкацца, суседа словам зачапіць…” Ад сваіх равеснікаў Іван адрозніваўся тым, што змалку мог рыфмаваць радкі, любіў маляваць пэндзлем і марыў аб гуманітарнай прафесіі. Аднак старэйшы брат Павел угаварыў яго паступаць у Беларускі політэхнічны інстытут. Іван стаў студэнтам хіміка-тэхналагічнага факультэта. Пасля вучобы першыя тры гады працаваў у Гродзенскай вобласці на шклозаводзе “Нёман”, а затым аж да пенсіі – на прадпрыемствах Брэста.
Але заўсёды поруч ішла паэзія. Вершы нараджаліся і тады, як вучыўся ў Мінску, дзе наведваў літаб’яднанне пры “Чырвонай змене”, і тады, як працаваў. Не выпадкова Іван Сяргеевіч гаворыць: “ Па адукацыі я хімік, а ў душы – паэт!”
У творчым багажы Івана Арабейкі – тры зборнікі паэзіі: “Услед за сонцам”, “Асенні ранак” і “Сказаць хачу”. За апошні паэт стаў лаўрэатам абласной прэміі імя Уладзіміра Калесніка. Паміж другой і трэцяю кнігамі мінула звыш трыццаці гадоў, але і гэтыя набыткі даюць добры грунт для таго, каб вызначыць месца Арабейкавай творчасці ў літаратуры.
У 1973 годзе рускі паэт Дзмітрый Кавалёў назваў Івана Арабейку і яго першы зборнік “найбольш зямным” сярод іншых кніг маладых беларускіх лірыкаў.
Найбольш зямны… І гэта адчуваецца ва ўсёй творчасці паэта-земляка. Калі ён піша пра рабочых-шкловыдзімальшчыкаў завода “Нёман”, абаронцаў Брэсцкай крэпасці (паэма “Сцяна”), камкора Маркіяна Германовіча або сусветнавядомага вучонага Эйнштэйна… Аднак чым бы ні займаўся Іван Сяргеевіч, ён памятае яркія фарбы маленства, водар вёскі, сніць жніво і маці, якая так рана памерла. Вечная працаўніца, яна засталася жыць вечна ў сынавых вершах:
Калі ты гаварыла мне пра стому,
Хацелася яшчэ чым памагчы.
І я тады хоць серп твой нёс дадому,
Як беркута якога на плячы.
Другі раз успаміны прыносяць фарбы з дзіцячай пары, пах духмянага ржанога хлеба, які пякла матуля:
Любіў глядзець, як цеста бродзіць,
Калі за край дзяжы цякло.
Казала маці: “Хлеб усходзіць!”
І ў хаце сонечна было.
У 1981-1983 гадах Іван Арабейка вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. У вялікім горадзе, адарваны ад роднай стыхіі, Іван Сяргеевіч, мусіць, крыху разгубіўся, тым болей, што “стракатыя” і амбітныя слухачы курсаў, нацэленыя на арыгінальнасць і першынство, лічылі яго вершы не сучаснымі, а ён не мог прыняць іх творы.
Пасля вяртання Арабейка паслаў вялікую нізку вершаў у часопіс “Полымя”. Адтуль папрасілі яшчэ даслаць, а болей як праз год надрукавалі адзін-адзіны верш. Было крыўдна, і лірнік раптоўна расчараваўся ў вартасці сваёй творчасці дый замоўк на доўгія-доўгія гады.
Але паэт ёсць паэт, і вершы жылі ў ім, набіралі сілу, прасіліся на волю. У сакавіку 2005 года пры нашай сустрэчы Іван з радасцю паведаміў:
– Напісаў верш. Ён пра лёс земляка, які ў вайну трапіў у палон, а таму аж да смерці ўсе стараліся замоўчваць, што ён ваяваў. Наступным разам прывязу.
Верш “І зноў вясна, і зноў сады цвітуць” падаспеў у рэдакцыю якраз да 60-годдзя Вялікай Перамогі і ўпрыгожыў літстаронку “Плынь”. Затым былі новыя творы.
Цяжка жылося паэту з характарам вяскоўца на гарадскіх паверхах, і ў рэшце рэшт ён перабраўся з жонкай у яе спадчынную хату ў Жыціні, на агульную малую радзіму. Той, хто наведаў яго ў вёсцы, мог пераканацца, што жыве Іван у суладдзі з прыродай і зямлёй, на якой яму хоць зрэдку, але пішацца. Па-ранейшаму шмат чытае, даволі часта сустракаецца з сябрамі-паэтамі, а разам з імі – з удзячнымі чытачамі.
Мы вітаем 75-годдзе слаўнага земляка, зычым яму здароўя, шчасця, доўгага жыццёвага і творчага веку!
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Ірыны ЖУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.