Спадчынныя праблемы

i

На “прамую тэлефонную лінію” да натарыуса Наталлі Русецкас паступілі пытанні пра спадчынныя праблемы. Можа яны хвалююць яшчэ каго-небудзь. Адказы яна падрыхтавала да друку.
Нядаўна памёр бацька (маці памерла пяць гадоў таму). На імя бацькі аформлена кватэра, жылы дом і зямельны ўчастак у вёсцы. Мы з сястрой дамовіліся, што мне дастанецца кватэра, а ёй – жылы дом і зямельны ўчастак. Ці магу я адмовіцца ад атрымання ў спадчыну сваёй долі ў доме і зямельным участку, а сястра адпаведна ад долі ў кватэры?
Таццяна В.

Адмова ад часткі спадчыны, якая належыць спадчынніку, не дапускаецца, як і адмова ад спадчыны з агаворкамі ці з пэўнай умовай. Вы з сястрой можаце прыняць спадчыну і зрабіць яе падзел. Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь дае права спадчыннікам падзяліць па дамоўленасці паміж сабою спадчынную маёмасць, якая знаходзіцца ў долевай уласнасці. Прычым прадугледжаны два віды натарыяльна засведчаных пагадненняў аб падзеле спадчыны, заключаныя:
а) да выдачы пасведчання аб праве на спадчыну. Такое пагадненне з’яўляецца падставай для выдачы спадчыннікам пасведчання аб праве на спадчыну з указаннем у ім канкрэтнай маёмасці (вы заключаеце з сястрой пагадненне да выдачы пасведчання аб праве на спадчыну, згодна з якім вам пераходзіць кватэра, а сястры – жылы дом і зямельны ўчастак. Пасля гэтага вам будзе выдадзена пасведчанне аб праве на спадчыну на кватэру, а сястры толькі на жылы дом і зямельны ўчастак. Далей неабходна звярнуцца па дзяржаўную рэгістрацыю пераходу права ўласнасці на ваша імя ў адпаведнае агенцтва ў тэрмін не пазней за тры месяцы з дня атрымання пасведчання аб праве на спадчыну);
б) пасля выдачы пасведчання аб праве на спадчыну, пры ўмове, што яно складзена на працягу 6-ці месяцаў пасля выдачы. Такое пагадненне з’яўляецца падставай для дзяржаўнай рэгістрацыі спадчыннікамі іх права на нерухомую маёмасць па дамоўленасці (вы з сястрой атрымалі пасведчанне аб праве на кватэру, жылы дом і зямельны ўчастак у роўных долях. Затым у названы тэрмін вы складаеце пагадненне аб падзеле – вам кватэра, сястры дом і зямельны ўчастак. Далей вам неабходна звярнуцца па дзяржаўную рэгістрацыю пераходу права ўласнасці на ваша імя ў адпаведнае агенцтва і ў тэрмін не пазней за тры месяцы з дня атрымання пагаднення аб падзеле спадчыны).
Пры наяўнасці завяшчання, у адпаведнасці з якім спадчынадавец завяшчаў нашчадкам канкрэтныя рэчы, пагадненне аб падзеле не можа быць заключана. Кожны спадчыннік атрымлівае адпісаную яму рэч.

Мой бацька памёр у снежні мінулага года. Спадчыннікі: я, мой брат, другая жонка бацькі, з якой ён зарэгістраваў шлюб, і іх дачка – 5 гадоў, г.зн., усяго 4. Дом, на які адкрылася спадчына, быў пабудаваны ў перыяд першага шлюбу бацькі з нашай маці. Ці можа яна, г. зн. першая жонка, прэтэндаваць на долю ў спадчыне?
Андрэй П.

Ваша маці права на спадчыну не мае. Яна не адносіцца да спадчыннікаў па законе. Аднак, калі права ўласнасці на дом на імя вашага бацькі было зарэгістравана ў органе рэгістрацыі ў перыяд шлюбу вашых бацькоў, і пры скасаванні шлюбу падзелу маёмасці не было, і прававы рэжым названай хаты не быў зменены шлюбным дагаворам, то дом з’яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю мужа і жонкі (былых мужа і жонкі). У выпадку смерці былых мужа або жонкі, згодна з пісьмовай заявай таго, хто перажыў, натарыус выдае яму пасведчанне аб праве ўласнасці на долю ў маёмасцi, нажытыя былымі мужам і жонкай у перыяд іх шлюбу. Пасведчанне аб праве ўласнасці таму, хто перажыў (былой жонцы) будзе выдадзена на ½ долю ва ўласнасці на паказаны жылы дом. А ½ доля ў праве ўласнасці на дом будзе падзелена па законе ў роўных долях спадчыннікамі, якія прынялі спадчыну, у выпадку, калі бацька не зрабіў завяшчанне на карысць іншых асобаў.
Наталля РУСЕЦКАС, натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.