Не сакрэт, што кожны з нас марыць пра ідэальную фігуру, прыгожае цела, добрую фізічную форму. Але як гэтага дасягнуць? Адказ на пытанне ведаюць фітнес-трэнеры Ганна Міранюк, Алена Ліхван, Сяргей Івануха і ўдзельніцы праграмы “Перазагрузка”, якая стартавала на базе СК “Бадзёрасць” у пачатку лютага.
У адзін з сакавіцкіх панядзелкаў перад заняткамі я сустрэлася з фітнес-трэнерам Аленай Ліхван. Яна расказала, што “Перазагрузка” – гэта праграма для жанчын і дзяўчат любога ўзросту, якія жадаюць прывесці сябе ў парадак: скінуць лішнія кілаграмы, падцягнуцца і быць у форме. Яна накіравана, перш за ўсё, на карэкцыю фігуры і праходзіць пад дэвізам “Новая знешнасць – новая жанчына”. Алена адзначыла, што пятая па ліку такая праграма ўжо завяршаецца ў Кобрыне.
Жабінкаўская “Перазагрузка” разлічана на чатыры месяцы заняткаў. Пасля іх вызначыцца тройка пераможцаў, у якіх вынік будзе найлепшым. Іх чакаюць падарункі ад спонсараў: касметычная прадукцыя і сертыфікаты на ўдзел у майстар-класе ад старшага лідара бізнес-групы кампаніі “Мэры Кэй” Вольгі Мацюхінай. Галоўны прыз ад турыстычнага агенцтва “Цэнтр-Тур” (дырэктар Аляксандр Брыштан) пакуль у сакрэце, яго атрымае лепшая з тройкі лідараў. Незабыўная паездка або цікавы экскурсійны тур пераможцы “Перазагрузкі” гарантаваны.
Тройчы на тыдзень трэнеры з Кобрына прыязджаюць у Жабінку ў спартыўны комплекс “Бадзёрасць”, каб сустрэцца са сваімі падапечнымі і правесці заняткі. У панядзелак яны праходзяць у трэнажорнай зале. Серада – дзень фітнесу, а ў пятніцу ён дапаўняецца аквааэробікай, пасля якой ёсць магчымасць паплаваць у басейне.
У праграме “Перазагрузка” прымаюць удзел 19 жабінкаўскіх прадстаўніц прыгожага полу. Самай маладой з іх 19 гадоў, старэйшай – 52. Акрамя заняткаў у трэнажорнай зале, басейне і фітнес-трэніровак іх чакаюць майстар-класы ад “Мэры Кэй”, якія праводзіць вышэй названая прадстаўніца кампаніі Вольга Мацюхіна. Яны падкажуць жанчынам, як стварыць новы вобраз, як правільна даглядаць за скурай твару, як падабраць індывідуальны макіяж, а таксама колеравую палітру гардэроба. У канцы сакавіка наведвальніц “Перазагрузкі” чакае памадная вечарынка, на якой яны даведаюцца пра ўсе хітрыкі гэтага неад’емнага для ўсіх жанчын элемента дэкаратыўнай касметыкі і падбяруць сваю колеравую гаму памад, а таксама паўдзельнічаюць у латарэі і фотасесіі.
Сваімі ўражаннямі ад наведвання трэніровак падзяліліся ўдзельніцы “Перазагрузкі”. Так, Таццяна Цалапава, напрыклад, вырашыла прывесці сябе ў парадак, скінуць вагу. Пасля месяца заняткаў у яе мінус два кілаграмы. Жанчына спадзяецца, што ў канцы вынік будзе яшчэ лепшым. Ёй падабаецца, што фітнес-трэніроўкі праходзяць з індывідуальным падыходам да кожнай удзельніцы праграмы.
Надзеі Вараб’ёвай імпануе, што пад час трэніровак ёсць магчымасць развіваць усе групы мышцаў у комплексе.
Алене Іванюковіч было складана першыя два заняткі, але потым прызвычаілася да фізічных нагрузак. Ёй найбольш падабаюцца заняткі ў басейне і фітнес.
Наталля Сабалеўская падкрэсліла, што пасля трэніровак адчувае лёгкасць і бадзёрасць, прыліў сіл і ў яе падымаецца настрой.
Юлія Бялых лёгка ўцягнулася ў заняткі. Захоплена фітнесам і аквааэробікай. У планах – умацаваць мышцы жывата, рук і ног.
Вераніка Кадэнская адзначае прыемную атмасферу, якая пануе на трэніроўках. Добразычлівая абстаноўка аб’ядноўвае ўдзельніц праграмы, якія пасябравалі і адчуваюць сябе адным дружным калектывам.
Вынікі першай “Перазагрузкі” будуць падведзены ў канцы мая. Імёны пераможцаў мы абавязкова назавем на старонках газеты. Гэта праграма ў нашым горадзе будзе мець працяг, плануецца і надалей набіраць такія групы, каб стройных, прыгожых і шчаслівых жанчын у Жабінцы стала яшчэ больш.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%