“Чароўная кніга” ад выратавальнікаў

волшебная кніга

Навучыць дзяцей бяспечным паводзінам, растлумачыць простыя, але вельмі важныя ісціны, данесці да хлопчыкаў і дзяўчынак, што трэба быць асцярожнымі і ўважлівымі, берагчы сваё жыццё і здароўе – так тлумачаць выратавальнікі мэту стварэння мультыплікацыйных фільмаў па бяспецы для дзяцей “Чароўная кніга” МНС.

Аўдыторыю, для якой яны распрацоўваліся, можна пазначыць як 4+. Запамінальныя персанажы, яркая анімацыя, дынамічны і павучальны сюжэт – усе сродкі выкарыстоўваліся для таго, каб мультфільм “Чароўная кніга” быў цікавым для дзяцей. Яго серыі расказваюць аб тым, чым небяспечны тонкі лёд, як правільна карыстацца электрапрыборамі, як выклікаць выратавальнікаў, што трэба рабіць, калі ў доме адбыўся пажар, як карыстацца піратэхнікай і пра многае іншае. Мультфільм выдатна падыдзе і для сямейнага прагляду, бо гісторыі па бяспецы будуць карысныя як дзецям, так і дарослым.

Галоўныя героі – лясныя жыхары заяц, бабёр, воўк і птушачка – трапляюць у розныя надзвычайныя сітуацыі, бо яны, як і звычайныя людзі, могуць парушаць правілы бяспекі ці зусім іх не ведаць. Звяркі эксперыментуюць, спрабуюць разабрацца і вучацца правільна сябе паводзіць. А дапамагае ім у гэтым чароўная кніга, з якой не растаецца разумны бабёр. Менавіта яна падказвае сябрам, як паступіць у той ці іншай сітуацыі, як пазбегнуць непрыемнасцяў, заўсёды дапамагае прыняць правільнае рашэнне.

“Кожная серыя мультфільма – гэта асобная тэма, якая выбрана невыпадкова. Дзіцячае свавольства з агнём, небяспечныя месцы для гульняў, паводзіны на вадаёмах узімку і ў летні перыяд, правілы паводзін на прыродзе – усё гэта ўяўляе небяспеку для дзяцей і ў рэальным жыцці. Менавіта таму выратавальнікі паспрабавалі на гэтым зрабіць акцэнт і пасродкам мультфільмаў навучыць дзяцей правілам бяспекі, растлумачыць, што гэтыя веды дапамагаюць пазбегнуць шматлікіх непрыемнасцяў у жыцці і вучаць быць асцярожнымі. Мультфільм складаецца з 9 серый, у хуткім часе мы плануем прадоўжыць працу і дапоўніць мультфільм новымі гісторыямі па бяспецы”, – паведаміла начальнік цэнтра даследаванняў у вобласці бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю НДІ ПБ і НС Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі Алена Дзмітрук.

Паглядзець мультфільмы можна на “Youtube-канале МНС”, у сацыяльных сетках “Вконтакте” і “Facebook” ці проста ўвесці запыт “Чароўная кніга” МНС у любым інтэрнэт-пошукавіку.

Рэспубліканскі цэнтр прапаганды МНС.

 

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*