Служба для народа

Служба для народа

Напярэдадні прафесійнага свята наша размова з начальнікам райаддзела ўнутраных спраў У.П.Жуком.
— Уладзімір Паўлавіч, каму служыць сучасны беларускі міліцыянер?
— Наша служба (не лічыце мае словы надта высокімі) — для народа. Галоўная задача, што стаіць перад кожным супрацоўнікам РАУС, карыстаючыся законам, аператыўна разабрацца ў сітуацыі, каб прыйсці на дапамогу грамадзяніну.
— Рознымі дарогамі чалавек прыходзіць у прафесію, тым больш такую спецыфічную як служба ў органах правааховы. Якім быў ваш шлях?
— Ён пачаўся даволі позна, у 1990-м. Прыйшоў у органы простым міліцыянерам патрульна-паставой службы Ленінскага РАУС г.Брэста, адначасова кіраваў легендарным аператыўна-камсамольскім атрадам дружыннікаў… Памяць пра яго дасюль існуе ў горадзе над Бугам. Гэта было каля трохсот студэнтаў педінстытута, маладых хлопцаў з брэсцкіх прадпрыемстваў і арганізацый, аб’яднаных жаданнем вычысціць родны горад ад усялякай нечысці. Тройчы на тыдзень займаліся самба, рукапашным боем, увечары выходзілі на вуліцы горада, гатовыя дапамагчы людзям. Наша прысутнасць стрымлівала многія гарачыя галовы. Зламыснікі тады баяліся дружыннікаў мо нават больш, чым міліцыянераў. На рахунку народнай дружыны былі затрыманні нават узброеных злачынцаў. Многія дружыннікі пазней склалі касцяк міліцыі, пракуратуры (мы, напрыклад, давалі накіраванне ў Харкаўскі юрыдычны інстытут, дзе рыхтавалі супрацоўнікаў пракуратуры, а потым размяркоўвалі ва ўсім Саюзе).
Такім чынам, мой шлях за 20 гадоў — ад радавога да падпалкоўніка. Тры гады таму, працуючы ў забойным аддзеле УУС Брэсцкага аблвыканкама, атрымаў прызначэнне ў Жабінку.
— На нядаўняй сустрэчы ў раёне з суддзёй Канстытуцыйнага суда Т.В.Варановічам было сказана, што ў Беларусі значна скарацілася колькасць злачынстваў. Што ж адбываецца ў самым маленькім кутку нашай краіны — на Жабінкаўшчыне?
— Некалі сярэдні ўзровень злачынстваў, здзейсненых на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, складаў 260 у год. Апошнім часам іх колькасць значна знізілася. Мяркуйце самі: у 2009-м — 186, летась — 203 (павелічэнне адбылося з-за таго, што часцей паўторна на працягу года сталі затрымліваць вадзіцеляў у нецвярозым стане — а гэта ўжо крымінал). Такім чынам, і ў нас назіраецца скарачэнне колькасці злачынстваў на 20 працэнтаў. За мінулыя чатыры гады няма ніводнага цяжкога і асабліва цяжкога нераскрытага злачынства.
Каля 65 працэнтаў парушэнняў закона ў Жабінкаўскім раёне — гэта нязначныя крадзяжы асабістай маёмасці (напрыклад, веласіпедаў), а ў зімні перыяд нярэдка рэгіструем пранікненне зламыснікаў на дачы, пакінутыя грамадзянамі без нагляду. Што прыкметна, з году ў год скарачаецца колькасць злачынстваў у сельскай мясцовасці.
— Жабінкаўскі райаддзел на добрым рахунку. У гэтым, несумненна, заслуга тых, хто зараз стаіць на абароне закона. Каго вы лічыце лепшымі?
— З вялікім задавальненнем называю імёны супрацоўніка АБЭПа старшага лейтэнанта Аляксандра Лысюка, оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку маёра Андрэя Лаготу, старшага ўчастковага інспектара лейтэнанта Сяргея Галоўчыка, старшага следчага маёра Дзмітрыя Галаванчука, старшага аператыўнага дзяжурнага маёра Ігара Саўчука, інспектара ДАІ старшага лейтэнанта Андрэя Кацубу, інспектара пашпартна-візавай службы маёра Віталя Крупко, старшага інспектара па справах непаўналетніх старшага лейтэнанта Васіля Бурко.
Напярэдадні Дня беларускай міліцыі хочацца павіншаваць усіх супрацоўнікаў з прафесійным святам, пажадаць і надалей аддана выконваць галоўную нашу задачу — служыць беларускаму народу.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: У.П.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top