Была і застаецца актыўнай

Была і застаецца актыўнай

 ЧепрасоваНаталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Якая яна, дзелавая жанчына? Актыўная, мабільная, разумная, крэатыўная, прыгожая, стыльная. Водзіць аўтамабіль, прымае важныя рашэнні, заўсёды ў цэнтры ўвагі. Менавіта такой усе ведаюць Тамару Чапрасаву – намесніка дырэктара Жабінкаўскага камбікормавага завода па ідэалагічнай рабоце.
Тамара Мікалаеўна ўзгадвае, што была актыўнай заўсёды: і ў дзіцячым садзіку, і ў школе, і ў студэнцкія гады. Дэкламавала вершы, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, ні адно мерапрыемства не праходзіла без яе. У розныя жыццёвыя перыяды была акцябронкам, піянеркай, камсамолкай, спартсменкай і проста прыгажуняй. З цеплынёй і ўдзячнасцю прыгадвае Тамара Чапрасава свайго класнага кіраўніка Веру Іванаўну Вайцюк.
– Яна выхоўвала ў нас неабыякавасць, спагаду і цікаўнасць да ўсяго на свеце. Мы сустракаемся і зараз, – кажа Тамара Мікалаеўна. – І гэтыя сустрэчы дораць радасць, нам заўсёды ёсць што ўспомніць, аб чым пагаварыць. На жаль, пайшла з жыцця Валерыя Міхайлаўна Галаўчынер, мая настаўніца рускай мовы і літаратуры. Яна навучыла нас прыгожа гаварыць, граматна пісаць.
Пасля васьмі класаў першай гарадской дзесяцігодкі Тамара паступіла ў Пружанскі саўгас-тэхнікум. Заўважыўшы актыўную жыццёвую пазіцыю дзяўчыны, яе абралі старастай групы.
– Моладзь не сядзела на месцы, нам да ўсяго была справа. Усё хацелася ахапіць, усё паспець, – вяртаецца ў тыя гады мая суразмоўніца. – У 1986 годзе я скончыла тэхнікум і атрымала дыплом агранома. Прыехала па размеркаванні ў тагачасны калгас “Світанак” Жабінкаўскага раёна. Галоўны аграном Павел Васільевіч Мароз падтрымаў мяне як маладую калегу, і вучыў, і патрабаваў. Добрыя адносіны паміж намі захаваліся і да сённяшніх дзён. Дапамагаў і загадчык фермы Павел Мікалаевіч Званкоўскі, таксама ўдзячна яму за многае ў жыцці.
У тым жа годзе малады спецыяліст паступіла ў Ленінградскі сельскагаспадарчы інстытут на завочнае аддзяленне.
– Уявіце сабе, – кажа Тамара Мікалаеўна, – што адчувала дзяўчына, якая акрамя Жабінкі і Пружан нічога большага па плошчы не бачыла, калі прыехала вучыцца ў горад Пушкін.
Там атрымлівалі веды людзі з усяго Савецкага Саюза, але не адчувалася ніякіх моўных бар’ераў паміж беларусамі і азербайджанцамі, жыхарамі Карэліі і Грузіі. Жыццё ў вялікім горадзе здзіўляла і захапляла. Мяне ўражвалі вялікія тэатры, канцэртныя залы, вялікія магазіны Мы ездзілі на экскурсіі ў замкі, музеі ў Паўлаўску і Санкт-Пецярбурзе. Фінансава маглі сабе дазволіць хадзіць на выступленні Ірыны Алегравай, Філіпа Кіркорава. І паспявалі ўсё: і вучыцца, і адпачываць.
Тамара Мікалаеўна расказвае, што выкладчыкі інстытута лічылі беларускіх студэнтаў самымі сумленнымі, адказнымі, адкрытымі, шчырымі і прыхільна да іх ставіліся.
І вось шэсць гадоў інстытуцкай вучобы за плячыма, а наперадзе – новы жыццёвы этап. На Жабінкаўскім камбікормавым заводзе ўводзіўся ў строй элеватар. У жніўні 1993 года Тамара Чапрасава прыйшла на прадпрыемства вагаўшчыцай. Маладога спецыяліста падтрымалі і словам, і справай дырэктар Васіль Канстанцінавіч Волк і яго намеснік Надзея Георгіеўна Гутар. Больш за дзесяць гадоў Тамара Мікалаеўна працавала лабарантам вытворча-тэхналагічнай лабараторыі, якую ўзначальвала спачатку Ніна Кліменцьеўна Міхайлоўская, а затым Галіна Ільінічна Макарук. Асвойвалі новыя віды сыравіны, прадукцыі. Укаранялі новыя сістэмы, напрыклад, менеджменту якасці.
– У 1997 годзе на прафсаюзнай канферэнцыі мяне абралі нявызваленым старшынёй прафсаюзнага камітэта, – працягвае мая суразмоўніца. – Гэта была своеасаблівая школа работы з людзьмі. Дзякуючы ёй я пазнаёмілася амаль з усімі работнікамі завода. Людзі прыходзілі з пытаннямі, праблемамі, кожнага неабходна было выслухаць і пастарацца дапамагчы.
Калі на заводзе ўвялі пасаду намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, яе прапанавалі Тамары Мікалаеўне. Сёлета ў красавіку будзе 10 гадоў, як яна займае гэтае адказнае “крэсла”. Акрамя таго, кіруе дзейнасцю пярвічнай арганізацыі жаночай суполкі “Беларускі саюз жанчын” на прадпрыемстве. Пастаянна працуе з моладдзю, з ветэранамі працы, з прыхільнасцю ставіцца да мудрых думак сталых людзей і цікавых ідэй маладых калег.
Але і гэта далёка яшчэ не ўсё, чым даводзіцца займацца. Тамара Чапрасава з’яўляецца рэдактарам заводскай газеты “Живкорм”, якая выходзіць з 2011 года.
– Мне падабаецца гэтая творчая дзейнасць, хаця даецца яна няпроста. Пры стварэнні кожнага нумара шукаем нешта новае, цікавае. Пішам пра нашых работнікаў, пра дасягненні іх дзяцей. Сёння на камбікормавым заводзе працуе больш як 500 чалавек. Многія цэлымі сем’ямі, дынастыямі. Калі работнік прыводзіць сюды сваіх дзяцей, гэта пра многае гаворыць. Прадпрыемства перажывае зараз не самыя лёгкія часы, але мы верым, што яны мінуць. Кожны на сваім рабочым месцы працуе самааддана, адказна, укладае часцінку душы ў агульную справу.
Тамара Мікалаеўна расла як спецыяліст, як прафесіянал разам з родным прадпрыемствам. Яе цэняць і паважаюць, да яе парад прыслухоўваюцца. Яна ніколі не дае пустых абяцанняў: сказала – слова сваё стрымала.
– Я працую не з механізмамі, а з людзьмі, – кажа жанчына. – І да кожнага трэба знайсці індывідуальны падыход. Работа прыносіць задавальненне, падабаецца калектыў, які з кожным годам расце, павялічваецца. Сёлета камбікормавы завод адзначыць сваё 60-годдзе. А 10 сакавіка споўнілася 30 гадоў, як прадпрыемства ўзначальвае Васіль Канстанцінавіч Волк.
Яна гаворыць пра іншых больш, чым пра сябе. А сама намагаецца застацца ў цені. І гэтая рыса выклікае яшчэ большую павагу.
Як жа праходзяць выхадныя дні дзелавой жанчыны? Тамара Мікалаеўна аддае перавагу актыўнаму адпачынку на свежым паветры, яна душа любой кампаніі, але прызнаецца, што часам хочацца пабыць адной, сам-насам з сабой, “паслухаць цішыню”. Любіць ствараць парадак і ўтульнасць ва ўласным доме, разводзіць кветкі. Любімы адпачынак, карысны для здароўя, – наведванне басейна ў спартыўным комплексе “Бадзёрасць” і лазні.
Тамара Мікалаеўна элегантна і прыгожа апранаецца, лічыць, што ў кожнай жанчыны павінен быць свой стыль. Пяць гадоў таму пачала вадзіць аўтамабіль, таму што ён дапамагае чалавеку стаць больш мабільным.
Яна адбылася ў жыцці не толькі як прафесіянал, але і як клапатлівая дачка, маці, жонка, бабуля. Побач з Тамарай Мікалаеўнай родныя і блізкія. Дзякуй Богу, жывая яшчэ мама Марыя Мікалаеўна. Муж Канстанцін Расціслававіч – сапраўдны палкоўнік, як спяваецца ў вядомай песні. Сын Антон таксама ваенны, абраў прафесію “Радзіму абараняць”. Цёплыя адносіны склаліся з нявесткай Марыяй, жанчыны знайшлі агульную мову. Радуе поспехамі і ўнук Данік, якога Тамара Мікалаеўна любіць усёй душой. Немалаважную ролю ў яе жыцці адыгрываў і адыгрывае старэйшы брат Андрэй. Ён і сябар, і памочнік, і дарадца.
– Мне не сумна сустракаць прыгожы паўвекавы юбілей і не сорамна за пражытыя гады, – кажа яна ў заключэнне нашай размовы. – Даволі шмат было ў жыцці добрага, цікавых людзей, цікавых падзей. Штодзённых клопатаў шмат, але работа, нягледзячы на патрачаныя сілы, дае нам адчуванне патрэбнасці, жывіць, насычае псіхалагічна і зараджае на добрыя справы.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*