Асновай для фарміравання сістэмы нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь у галіне бяспекі выкарыстання хімічных рэчываў, уключаючы ўстойлівыя арганічныя забруджвальнікі, з’яўляюцца наступныя міжнародныя дагаворы:
– Канвенцыя аб трансгранічным забруджванні паветра на вялікія адлегласці, ратыфіцыраваная Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 14 мая 1980 года;
– Базельская канвенцыя аб кантролі за трансгранічнай перавозкай небяспечных адходаў і іх знішчэннем, зацверджаная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 верасня 1999 года № 541;
– Стакгольмская канвенцыя аб устойлівых арганічных забруджвальніках, да якой наша краіна далучылася ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2003 года № 594.
Аднак асаблівую ўвагу варта надаць поліхларыраваным біфенілам (далей – ПХБ), як аднаму з самых распаўсюджаных відаў хімічных рэчываў, якія адносяцца да ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў на тэрыторыі нашай краіны.
Нізкая дыэлектрычная пастаянная і высокая кропка кіпення зрабілі ПХБ ідэальнымі для выкарыстання ў якасці вадкага дыэлектрыка ў электракандэнсатарах і электратрансфарматарах. Фізічныя і хімічныя ўласцівасці, карысныя ў прамысловасці, зрабілі іх аднымі з найнебяспечнейшых забруджвальнікаў навакольнага асяроддзя.
ПХБ могуць трапляць туды з тэхнічных вырабаў, трансфарматараў, кандэнсатараў, лакаў, фарбаў, хімікатаў, будаўнічых матэрыялаў і размяркоўвацца ў паветры, вадзе, глебе і г.д. Яны здольныя ўключацца ў глабальны кругазварот і перамяшчацца з воднымі і паветранымі патокамі на вялікія адлегласці.
Шырокае прымяненне ПХБ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў у вытворчасці электраэнергіі і ў шэрагу іншых галін прывяло да істотнага пагаршэння экалагічнага становішча, што стварае небяспеку для здароўя і ўзнаўлення будучых пакаленняў, стымулюе павелічэнне дзіцячай смяротнасці і скарачэнне працягласці жыцця людзей.
У гэтай сувязі для рашэння праблемы ПХБ у нашай краіне распрацавана і зацверджана падпраграма 3 “Абыходжанне з устойлівымі арганічнымі забруджвальнікамі”, уключаная ў Дзяржаўную праграму “Ахова навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыродных рэсурсаў” на 2016-2020 гады. У лік галоўных задач па рэалізацыі мерапрыемстваў дадзенай падпраграмы ўваходзіць штогадовае правядзенне інвентарызацыі ўстойлівых арганічных забруджвальнікаў, а таксама паэтапны вывад з эксплуатацыі і забеспячэнне далейшага экалагічна бяспечнага захоўвання абсталявання, якое знаходзіцца ва ўласнасці ў суб’ектаў гаспадарання, а таксама яго абясшкоджванне.
У рамках рэалізацыі дадзеных мерапрыемстваў Беларусь выконвае абавязкі Стакгольмскай канвенцыі па спыненні эксплуатацыі да 2025 года суб’ектамі гаспадарання ўсяго ПХБ-абсталявання і поўнай ачысткі тэрыторыі нашай краіны да 2028 года ад яго шляхам вывазу на абясшко-джванне за межы рэспублікі.
У наш час на прадпрыемствах Брэсцкай вобласці захоўваецца 4112 адзінак выведзенага з эксплуатацыі ПХБ-абсталявання (летась выве-дзена яго 304 адзінкі). На тэрыторыі нашага раёна ўсё ПХБ-абсталяванне выведзена з эксплуатацыі і вывезена за яго межы.
У Беларусі ёсць адзіная арганізацыя, якая займаецца транспарціроўкай і абясшкоджваннем ПХБ за межамі нашай краіны.
Вытворча-кансультацыйнае ўнітарнае прадпрыемства “Белтэхкансалт” з’яўляецца афіцыйным прадстаўніком кампаніі Tredi SA (Францыя) у Рэспубліцы Беларусь (юрыдычны адрас: 220114 г. Мінск, праспект Незалежнасці, 117А, пам. 4Ж), якая спецыялізуецца на знішчэнні небяспечных хімічных адходаў, у прыватнасці непрыдатных пестыцыдаў і ПХБ, метадам высокатэмпературнага спальвання.
Сяргей ШЫК, начальнік Жабінкаўскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%