Сямейнаму шчасцю спрыяе… работа

IMG_5709

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

У так званым “арачніку” малочнатаварнай фермы ААТ “Жабінкаўскі” заўжды чыста падмеценая падлога, у клетках – своечасова падасланая салома, у паілках для маладняку не выходзіць вада, на кармавым стале – заўжды мяккае сена.
Ва ўсім адчуваецца гаспадарлівая рука.
– А інакш у жывёлагадоўлі нельга, – кажа цялятніца Валянціна Лісоўская. – Цяляты вельмі адчувальныя да скразняку, лёгка прастуджваюцца. Яны любяць цяпло і сухасць у стойлах. А каму падабаецца ў гноі па самыя вушы стаяць? Чыстае і накормленае цялятка і расці добра будзе…
Цікаўныя жывёліны паднімаюцца з ляжанак, дружна паварочваюць галовы на голас жанчыны, даверліва ідуць да рук.
– Яны ж як дзеці малыя, – не хавае ўсмешкі Валянціна Васільеўна. – Ну як іх не любіць!
Адчуваецца: Валянціна любіць сваю работу, хаця штодзённую руплівую працу ў сельскай гаспадарцы, лічы, без выхадных і святаў, лёгкай не назавеш. На ферму прыходзіць зацемна. Клопату ёй хапае: апаласнуць паілкі і наліць цёплай вады, пада-слаць, прывезці свежага сена, насыпаць камбікорм для цялят. Старэйшыя жывёліны любяць паласавацца кукурузай, нешта смачнае шукаюць у сіласе, а малодшыя п’юць цёплае малако (прычым бычкі атрымліваюць яго да двухмесячнага ўзросту, а цялушкі – да 45-дзённага). Пакуль управіцца – ужо і поўдзень, трэба ехаць дахаты, сваю гаспадарку карміць. Пасля абеду зноў спяшаецца на ферму да гадаванцаў.
Здавалася б, у гэтай руціннай штодзённай працы няма ніякіх змен. Аднак яшчэ ніводзін дзень не быў падобны на папярэдні. Бывае, цялятка аб’есца і на страўнік пакутуе. Тады бяжыць па зёлкі, заварвае чай са зверабою, альховых шышак і конскага шчаўя. Гаркаваты смак у вадкасці, хворыя цяляты глытаюць яе неахвотна, аднак на пачатку захворвання можна страўнік супакоіць. Ну, а калі нос у цяляці сухі і гарачы, кашляць пачало, стаіць у куточку сумнае – Валянціна кліча ўрачоў. Любую хваробу, зразумела, лепей не лячыць, а папярэдзіць. У гаспадарцы разумеюць, што толькі са здаровага, дагледжанага маладняку можна атрымаць добрую дойную карову, таму на вакцынацыю і вітамінізацыю малых не скупяцца.
Зараз у групе Валянціны Лісоўскай налічваецца 79 галоў ва ўзросце ад 21 дня да 6 месяцаў. З пачатку года маладняк папраўляўся ў сярэднім на 815 грамаў у суткі.
– Яна ў нас малайчына, – кажа загадчык фермы “Якаўчыцы” Аляксандр Нефядзюк. – Працуе заўжды з добрым настроем, акуратная, самаадданая, адказная. Мо таму за апошнія некалькі месяцаў і захаванасць цялят у яе 100 %. Заўважае ўсе недахопы і адразу стараецца выправіць іх.
У калектыве Валянціну ўсе паважаюць за адкрыты, добразычлівы характар. І на рабоце хутка жывёлу накорміць, і ў хаце парадак навядзе. Калі выпадае вольная хвіліна, любіць вышываць крыжыкам. Зараз, праўда, на хобі не хапае часу. Вясна ідзе – трэба прадумаць, што пасадзіць у гародчыку, каб яшчэ засталася клумба для любімых лілей.
Валянціна – выдатная гаспадыня. Муж Андрэй, сёстры і пляменнікі вельмі любяць частавацца мяснымі стравамі – галубцамі, пельменямі, халадцом. У “прэзідэнцкім” доміку, які некалькі год таму атрымалі Лісоўскія, пасяліліся ўзаемапавага, радасць і цяпло. І дапаўняе сямейнае шчасце работа, якая прыносіць задавальненне.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.